Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як у Швайцарыі са сьмецьця атрымліваюць энэргію і золата


Карэспандэнт нашага радыё пагутарыў з Даніелем Эбэргардам, супрацоўнікам Упраўленьня па перапрацоўцы адыходаў у Цюрыху, і атрымаў адказы на ўсе свае пытаньні. Уключна з тым, чаму швайцарцы не выкідваюць шкло ў нядзелю.

Колькі сьмецьця ў Цюрыху ідзе на паўторнае выкарыстаньне?

43% хатняга сьмецьця паўторна перапрацоўваецца — шкло, мэтал, кардон, папера.

Як гэта стала магчымым?

Да пачатку 1990-х сартаваньне сьмецьця ў Швайцарыі было справай добраахвотнай. Цяпер кожны грамадзянін атрымлівае фінансавы стымул да таго, каб сартаваць сваё сьмецьце. Вы можаце бясплатна ўтылізаваць кардон, мэтал, шкло ў спэцыяльныя вулічныя кантэйнэры — такіх месцаў з кантэйнэрамі каля 160 па ўсім горадзе. Астатняе сьмецьце трэба выкідваць у спэцыяльных белых пакетах, якія каштуюць каля 1,5 эўра за штуку. То бок, чым лепш вы сартуеце сьмецьце, тым менш вам трэба такіх пакетаў і тым менш вы плаціце. Як толькі такая сыстэма была ўкаранёная, працэнт сьмецьця, які ідзе на паўторнае выкарыстаньне, узрос у разы.

Што адбываецца з астатнімі 57% хатняга сьмецьця?

Яно спальваецца. На заводзе Гагенгольц на ўскраіне Цюрыху штогод спальваецца да 250 тысяч тон сьмецьця. Энэргія, атрыманая ад спальваньня сьмецьця, выкарыстоўваецца для ацяпленьня каля 170 тысяч дамоў у горадзе.

Гэта значыць, усё выкінутае сьмецьце ператвараецца ў энэргію?

Не. Са сьмецьця таксама атрымліваюць дзясяткі тон алюмінію, сталі і нават каштоўных мэталаў — напрыклад, золата — з попелу, які застаецца пасьля завяршэньня працэсу спальваньня сьмецьця.

І золата?

Так, попел перавозяць у спэцыяльнае месца недалёка ад гораду, дзе зь яго атрымліваюць мэталы. Гэтая тэхналёгія выкарыстоўваецца каля 2-х гадоў, і яна ўнікальная для Швайцарыі.

Дым, які выходзіць з коміна, — абсалютна чысты. Ёсьць законы, паводле якіх мы абавязаныя чысьціць яго максымальна эфэктыўным спосабам. Няма ніякай шкоды ні людзям, ні жывёлам, ні навакольнаму асяродзьдзю. Усе кіслоты адфільтроўваюць ў выніку вельмі складанага працэсу.

Вернемся да платных пакетаў: калі я выкіну сьмецьце ў бак ў звычайным пакеце, што будзе далей?

Па-першае, гэта несумленна ў адносінах да іншых людзей, якія выкарыстоўваюць платныя пакеты.

Па-другое, ёсьць служба, якая кантралюе нелегальны выкід сьмецьця. Калі ў кантэйнэры знойдуць нейкі неаплачаны пакет са сьмецьцем, то гэтая служба пастараецца знайсці таго, хто яго выкінуў. На першы раз вінаватага проста праінфармуюць, што так паступаць нельга. Калі чалавек робіць так яшчэ раз, то можна зьвярнуцца ў паліцыю, якая мае права выпісаць парушальніку штраф.

Ці ёсьць у Швайцарыі сьметнікі ці сьмецьцевыя палігоны?

У Швайцарыі дзейнічаюць законы, якія загадваюць уладам спальваць сьмецьце, а не складаваць. У кантоне Цюрых — 5 заводаў, якія перапрацоўваюць усе хатнія адходы ў энэргію. Паводле закону проста нельга вывезьці сьмецьце ў поле і закапаць яго.

Атрымліваецца, што сьмецьцевых звалак ў вас няма?

Больш няма. Калісьці былі, прыкладна да 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя, тады гэта яшчэ не было забаронена. Завод Цюрыху працуе з 1970-х гадоў.

Як выхоўваецца культура сартаваньня сьмецьця?

Тысячы людзей, у тым ліку школьнікі, ходзяць на завод на экскурсіі, дзе відаць, колькі высілкаў прыкладаецца для таго, каб пазбавіцца ад сьмецьця, якое мы з вамі вырабляем, і як важна выкідваць сьмецьце паасобна.

Як жыхары Цюрыху паступаюць з габарытным сьмецьцем?

Сьмецьце, якое не зьмяшчаецца ў вулічныя кантэйнэры, можна прывезьці на сартавальны пункт — 160 кіляграмаў сьмецьця ў год бясплатна, за астатняе трэба будзе заплаціць паводле вагі. Для тых людзей, у якіх няма машыны, існуюць спэцыяльныя трамваі, якія па раскладзе стаяць на 11 канчатковых прыпынках — туды можна здаць старую электроніку і габарытнае сьмецьце.

На вулічных кантэйнэрах, напрыклад для шкла, ёсьць надпіс пра тое, што сьмецьце можна выкідаць толькі ад 7 да 20 гадзіны, а ў нядзелі і сьвяты — наогул забаронена. Як гэта разумець?

Калі вы выкідваеце шкло, гэта стварае пэўны шум. І ёсьць так званыя шумавыя правілы, якія абараняюць людзей, якія жывуць побач з гэтымі кантэйнэрамі. У нядзелю, як вы сказалі, увесь дзень нельга выкідаць шкло, алюміній і наагул мэтал. Пераважная большасьць жыхароў, вядома ж, прытрымліваецца гэтых правілаў. Гэта частка культуры, калі хочаце. Гэта павага, якую вы дэманструеце да іншых людзей, якія жывуць побач з вамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG