Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Калінінградзе зьявіцца вуліца Францішка Скарыны


Францішак Скарына
Францішак Скарына

Падчас 7-га зьезду беларусаў сьвету, які праводзіла Згуртаваньне «Бацькаўшчына» ў Менску ў ліпені 2017 году, на ініцыятыву сяброў Калінінградзкага таварыства беларускай культуры і яго старшыні Ігара Шаховіча быў праняты зварот да мэра Калінінграду Аляксандра Ярашука аб наданьні імя Францішка Скарыны адной з вуліц гораду ў гонар пяцісотгадовага юбілею ўсходнеславянскага друку, паведамляе інфармацыйны цэнтар ЗБС «Бацькаўшчына».

Аб'яднаньне нагадвае, што лёс шэрагу славутых беларусаў быў зьвязаны з Караляўцом—Кёнігсбэргам—Калінінградам, аднак факт беларускай прысутнасьці ў назвах вуліц і населеных пунктаў гэтага рэгіёну ніяк не адзначаны. Сярод іншых тут жыў і Францішак Скарына — у 1530 годзе на запрашэньне герцага Прусіі Альбрэхта Брандэнбурга Скарына працаваў у Кёнігсбэргу.

На пасяджэньні тапанімічнай камісіі ў Калінінградзе, якое адбылося ў сьнежні 2017 году, зварот дэлегатаў 7-га зьезду беларусаў сьвету разглядаўся. І Згуртаваньне «Бацькаўшчына» атрымала адказ, у якім паведамляецца, што пасьля абмеркаваньня сябры камісіі прыйшлі да высновы, што з мэтай умацаваньня культурных і эканамічных сувязяў Беларусі і Калінінградзкай вобласьці варта надаць у 2018 годзе імя Францішка Скарыны вуліцы ў жылым квартале, які цяпер будуецца (раён вуліц Пархоменкі і Левітана).

Выснова тапанімічнай камісіі накіраваная да разгляду і зацьвярджэньня ў гарадзкі Савет дэпутатаў Калінінграду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG