Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На якой мове Скарына выдаў Біблію


Мэмарыяльная шыльда на сьцяне Падуанскага ўнівэрсытэту.

Скарына ня быў друкаром. У простым, прафэсійным значэньні гэтага слова ён — не друкар.

Скарына не будаваў друкарскі станок, не адліваў шрыфты, не вырабляў наборныя касы, не мантаваў шафы-рэалы для захоўваньня літараў, не майстраваў наборныя інструмэнты і рамы для заключкі набора, не стаяў за варштатам падчас друку, не фальцаваў гатовыя аркушы, не разразаў іх, не складаў у камвалюты, не сшываў, не абразаў блёкі і не ўстаўляў іх у вокладкі. Усё гэта рабілі нанятыя ім рамесьнікі.

Скарына — гэта грандыёзнага маштабу беларускі інтэлектуал эпохі Адраджэньня, арганізатар кнігадруку, пісьменьнік, паэт, перакладчык, рэдактар, мовазнавец, ідэоляг-гуманіст, грамадзкі дзяяч, лекар, садавод, бізнэсмэн.

На думку гісторыкаў, калі Скарына піша ў прадмовах, што тая ці іншая кніга выдадзена «повелением и працею», «працею и пильностию» або «повелением працею и выкладом» доктара Францішка Скарыны, гэта азначае, што ён быў найперш арганізатарам выданьня і аўтарам перакладу.

«Пірава» перамога Аркадзя Жураўскага

Навукоўцы раней шмат спрачаліся, на якой менавіта мове Скарына выдаў Біблію. У наш час такіх спрэчак амаль няма. Нават у Вікіпэдыі можна прачытаць, што Скарына выдаў Біблію на царкоўнаславянскай мове беларускай рэдакцыі. Гэта паказвае, як далёка ў народныя і навуковыя масы пайшла кніга Аляксандра Булыкі, Аркадзя Жураўскага і Ўладзімера Сьвяжынскага «Мова выданьняў Францыка Скарыны», якая ўбачыла сьвет у 1990 годзе.

У 80-я гады ХХ стагодзьдзя ў лінгвістыцы быў шырока распаўсюджаны так званы квантытатыўны мэтад — або статыстычны аналіз лексычнага складу мовы. Аўтары згаданай кнігі ўзялі пэўныя ўрыўкі з праскіх выданьняў Скарыны і падлічылі колькасьць царкоўнаславянізмаў і беларусізмаў. Аказалася, што нідзе колькасьць беларусізмаў не дасягае 50 працэнтаў. Напрыклад, у Трэцяй Кнізе Царстваў іх 43,6%, у Кнізе Руф 42,9% і так далей. На гэтай падставе аўтары зрабілі выснову:

«...Паколькі ніводная з вывучаных кніг Скарыны практычна не зьмяшчае менш чым 50% царкоўнаславянізмаў і ў ніводнай зь іх працэнт беларусізмаў не дасягае 50, іх нельга лічыць перакладам на беларускую мову».

З гэтага рабілася выснова, што мову выданьняў Скарыны трэба адносіць «да беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы».

Ужо адразу пасьля выхаду кнігі яе аўтарам закідалі абмежаванасьць аб’ёму прааналізаваных фрагмэнтаў, няясны статус агульных словаў старабеларускай і царкоўнаславянскай моў, а таксама чэскай і польскай лексыкі ў статыстычнай табліцы, зьмешчанай у выданьні. Тым ня менш, сёньня нават нацыянальна арыентаваныя філёлягі нярэдка паўтараюць высновы манаграфіі 1990 году.

Іншы погляд на мову Скарыны

У акадэмічнай школы, якую ўзначальваў Аркадзь Жураўскі, была і навуковая апазыцыя. Яе ўдзельнікі групаваліся вакол прафэсара БДУ Льва Шакуна, які лічыў мову выданьняў Скарыны аўтарскім варыянтам (ідыялектам) старабеларускай мовы.

Некаторыя навукоўцы лічылі мову прадмоў Скарыны, якая значна бліжэйшая да тагачаснай народнай мовы, старабеларускай, а мову ўласна перакладу кніг Бібліі называлі царкоўнаславянскай.

Нарэшце існавала думка, што ідыялект Скарыны не належыць да ніякай моўнай прасторы і зьяўляецца унікальнай, адзінкавай у сваім родзе гібрыднай сумесьсю старабеларускай, царкоўнаславянскай, чэскай і польскай моваў з дамешкам германізмаў.

Фрагмэнт прадмовы Францішка Скарыны да кнігі «Другі закон»
Фрагмэнт прадмовы Францішка Скарыны да кнігі «Другі закон»

Нельга не згадаць, што і сам Аркадзь Жураўскі прытрымліваўся супярэчлівых поглядаў на мову выданьняў Скарыны. Гэта добра відаць з агляду ўсяго спэктру меркаваньняў за апошнія два стагодзьдзі, які зрабіла прафэсар філялягічнага факультэту БДУ Людміла Машчэнская:

«Мова перакладаў і прадмоў да сёньняшняга дня ня мае адназначнага вызначэньня. Да царкоўнаславянскай адносілі мову Ф. Скарыны С. Ліндэ, А. Сабалеўскі, І. Воўк-Левановіч, А. Флароўскі, А. Мартэль, да спрошчанай царкоўнаславянскай — Б. Успенскі, да асобнага тыпу царкоўнаславянскай — А. Парукаў, да беларускага варыянту царкоўнаславянскай мовы — А. Жураўскі. Двухплянавасьць мовы выданьняў Скарыны вызначаў А. Жураўскі: аснову яе складае народная мова, якая цесна суадносіцца з царкоўнаславянскай; асобны тып гібрыднай царкоўнаславянска-беларускай мовы, аналяг якой немагчыма знайсьці ва ўсіх славян таго часу; прамежкавае зьвяно ў працэсе пераходу ад царкоўнаславянскай мовы да беларускай у сфэры рэлігійнага ўжытку. П. Уладзіміраў, М. Алексютовіч, Ц. Ломцеў лічылі мову Скарыны беларускай».

Як відаць, часам і Аркадзь Жураўскі прызнаваў, што аснову перакладаў Скарыны складае народная мова і лічыў яе прамежкавым праходным зьвяном ад царкоўнаславянскай да беларускай.

Спрэчкі працягваюцца

Зрэшты, я невыпадкова напісаў, што ў цяперашні час спрэчак пра мову Скарыны амаль няма. Памалу ўсё ж спрачаюцца. Напрыклад, тая ж прафэсар Людміла Машчэнская лічыць, што галоўнай мэтай дзейнасьці Скарыны было зусім не асьветніцтва, але стварэньне новай сьвецкай літаратурнай мовы. Яна лічыць, што Скарына грунтаваўся на моўных ідэях дзеячаў італьянскага Рэнэсансу, якія заклікалі да выкарыстаньня народных моваў:

«Мова выданьняў Скарыны ў адносінах да царкоўнаславянскай і беларускай займае самастойную пазыцыю і не патрабуе атаясамліваньня ні з водным полюсам. Яна зьяўляецца першай рэцэпцый лінгвістычных канцэпцый Адраджэньня, зьвязанай з фарміраваньнем нацыянальных літаратурных моў на царкоўнаславянскай традыцыі і гутарковай мове. З пазыцыі зьнешняга погляду сучасных дасьледчыкаў мова Ф. Скарыны зьяўляецца гібрыднай царкоўнаславянскай беларускага зводу (па тэрміналёгіі М.І. Талстога, славенабеларускай), але з пункту гледжаньня асьветніка, яна была асобнай літаратурнай мовай, рускай (славенарускай)».

Тэрмін «славенаруская», канечне, Скарыну тут прыпісаны. Сам першадрукар сваю мову называў «рускай».

Адрозную ад канцэпцыі Машчэнскай пазыцыю ў наш час прадстаўляе вядучы навуковы супрацоўнік Аддзелу гісторыі беларускай мовы Акадэміі навук Беларусі Ірына Будзько.

Яна лічыць, што

«пры вялікай колькасьці запазычаньняў з царкоўнаславянскага тэксту і пры відавочнай прыхільнасьці беларускага першадрукара да кірыла-мяфодзіеўскай традыцыі няма падстаў лічыць мову яго праскіх выданьняў царкоўнаславянскай; беларускі першадрукар прапанаваў своеасаблівую моўную мадэль, абапіраючыся на кніжную традыцыю, закладзеную старажытнымі славянскімі асьветнікамі, і на народную традыцыю, узорам якой для яго паслужыла перакладчыцкая дзейнасьць чэскіх рэфарматараў»,

і адназначна ўключае моўную мадэль Скарыны ў кантэкст і прастору старабеларускай літаратурнай мовы.

Нават з гэтага кароткага агляду робіцца відавочнай наяўнасьць розных, нават процілеглых ацэнак «Бібліі Рускай» з боку лінгвістаў.

Мова Скарыны — праблема ня толькі лінгвістыкі

У гэтай сувязі важна сказаць, што мова выданьняў Скарыны — гэта ня чыста лінгвістычная праблема. Гэта праблема гісторыі Беларусі і беларускай культуры.

Лінгвісты могуць яшчэ доўга вынаходзіць тыя ці іншыя вузкаспэцыяльныя мэтады аналізу і распрацоўваць на іх падставе канцэпцыі, якія самі ж пасьля і абвергнуць — навука, як вядома, не стаіць на месцы. Канчатковых высноваў не існуе нават у такіх дакладных навуках, як фізыка.

Задача гісторыка — пошук і зьбіраньне гістарычных фактаў, а таксама іх наступная інтэрпрэтацыя пры дапамозе актуальных мэтадаў гістарычнай навукі і дадзеных сумежных навуковых дысцыплін.

З усяго вышэйсказанага вынікае, што для гісторыка мова Скарынавага перакладу біблейных кніг і яго прадмоваў да іх — гэта праблема інтэрпрэтацыі.

Намер Скарыны выдаць Біблію па-руску (старабеларуску), выкладзены ўжо ў назьве выданьня «Біблія Руска» — гістарычны факт.

Ягонае перакананьне, што свой намер ён ажыцьцявіў, выяўленае ў шматлікіх прадмовах фразамі накшталт «выложены доктором Франциском Скориною из славнаго града Полоцка на руский язык», «зуполне выложены на руский язык», «казал есми тиснути книгу святого Иова рускым языком» — гістарычны факт.

Перакананьне дзеячаў XVI-XVII стагодзьдзяў (кароль Жыгімонт Аўгуст, мітрапаліт Антоні Сялява) у тым, што Скарына выдаў Біблію па-руску — гістарычны факт.

Прысутнасьць вялікай колькасьці тагачаснай беларускай лексыкі ў ягонай Бібліі — таксама гістарычны, навуковы факт, устаноўлены сучаснай лінгвістыкай.

Значная прысутнасьць у мове Скарыны беларускага лексычнага і граматычнага кампанэнтаў побач з ацэнкай гэтай мовы з боку самога першадрукара дае гісторыку падставы назваць мову праскіх выданьняў Скарыны адным з варыянтаў старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовы і лічыць яе значным этапам у гістарычным разьвіцьці беларускай мовы. Скарына хацеў перакласьці Біблію на старабеларускую мову і так ці іначай свой намер ажыцьцявіў.

Што ж тычыцца матываў і мэтаў першадрукара, то тут навукоўцы нярэдка ўступаюць у сфэру гіпатэтычных меркаваньняў.

Такім меркаваньнем трэба прызнаць прапанову Людмілы Машчэнскай лічыць мэтай Скарыны не асьветніцтва, але стварэньне новай сьвецкай літаратурнай мовы. З такой самай ступеньню верагоднасьці можна сьцьвярджаць, што мэтай Скарыны было стварэньне новай сакральнай мовы русінаў або стварэньне высокага сакральнага стылю рускай літаратурна-пісьмовай мовы ВКЛ. Праблема ў тым, што сам Скарына пра гэта нідзе ніколі нічога не сказаў. Гэта — гістарычны факт.

«Біблія Руска» як працяг ідэй Дантэ

Мы ведаем гістарычны кантэкст, у якім разьвівалася дзейнасьць Скарыны. На яго не маглі не ўплываць ідэі італьянскага Рэнэсансу пра стварэньне новых нацыянальных моваў.

Гэтыя ідэі былі канцэптуальна выкладзены ў двухтомным трактаце Дантэ «De vulgari eloquentia» (Аб народнай мове, красамоўстве), напісаным у 1304-1307 гадах. Славуты паэт ставіў пытаньне пра патрэбу стварэньня вярхамі грамадзтва новай мовы для народу шляхам выкарыстаньня народных італьянскіх дыялектаў.

Ідэі Дантэ былі падхопленыя яго пасьлядоўнікамі ў Італіі і іншых краінах Заходняй Эўропы, у наступныя стагодзьдзі яны сталі падставай для фармаваньня новых нацыянальных моў. Дзейнасьць Скарыны цалкам пакладаецца ў гэтае рэчышча.

Людміла Машчэнская таксама прызнае, што мова выданьняў Скарыны «зьяўляецца першай рэцэпцый лінгвістычных канцэпцый Адраджэньня, зьвязанай з фарміраваньнем нацыянальных літаратурных моў на царкоўнаславянскай традыцыі і гутарковай мове», але робіць пры гэтым парадаксальную выснову, што мова Бібліі Рускай «ў адносінах да царкоўнаславянскай і беларускай займае самастойную пазыцыю і не патрабуе атаясамліваньня ні з водным полюсам». Гэта выснова лінгвіста, але не гісторыка.

Чаму ж не патрабуе, калі дзеячы Адраджэньня стваралі новыя мовы для сваіх народаў з выкарыстаньнем народнай лексыкі?

Для якога народу перакладаў і выдаваў Бібліію Скарына? Не для нямецкага, польскага або баўгарскага. Ён выдаваў яе (і пра гэта шмат разоў напісаў сам) для сваіх «братоў Русі, людзей паспалітых» — гэта значыць, для фэадальнай беларускай народнасьці, якая тады ўжо існавала.

Адпаведна і мова «Бібліі Рускай» так ці іначай стала адным з варыянтаў старабеларускай пісьмовай мовы.

За што мы яго шануем

Як бы там ні было, наконт прадмоваў і пасьляслоўяў Скарыны мовазнаўцы як раней, так цяпер спрачаюцца значна менш. Пераважна мяркуецца, што гэтыя тэксты асьветнік напісаў на мове, вельмі блізкай да тагачаснага варыянту літаратурнай старабеларускай мовы.

Вось вытрымкі зь некаторых Скарынавых прадмоў:

«Кажеть, естъли же в ласце милостиваго бога доконаем сего суетнаго жития... даючи нам приклад о любовнику и с своею любою, глаголя: „Поцалуй мя поцалованием уст своих!“ И даже до конца, яко же чтучи, знайдешь».

«Не став, Амане, Мардохею шибенице,
Сам повиснеш на ней».

«Потреба теж ведати, иже закон, или право, разноличне ся от людей называеть. Едино — поcполитое, понеже от всех народов посполите соблюдаемо ест, яко мужа и жены почтивое случение, детей пильное выхование, близко живущих схожение, речи позыченое навращение...»

Як бачым, мова гэтых урыўкаў вельмі блізкая да тагачаснай пісьмовай старабеларускай — а фактычна, старабеларуская.

І каб такія старабеларускія кавалкі трапляліся там толькі месцамі, усё роўна нішто не замінае нам зрабіць адну простую і, адначасова, нечаканую выснову: Францішак Скарына быў першым пісьменьнікам, які пісаў па-беларуску.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Сяргей Абламейка

    Сяргей Абламейка нарадзіўся ў Менску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ. Працаваў сьлесарам на МАЗе, выкладаў гісторыю ў школе, быў навуковым супрацоўнікам Музэю народнай архітэктуры і побыту, пасьля Скарынаўскага цэнтру. На «Свабодзе» – зь верасьня 1990 году, з траўня 1995 году – у Празе. Пісьменьнік, гісторык, журналіст.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG