Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Скарына як ідэальны брэнд краіны


Гармідар спрэчак і скепсісу вакол «ІТ-дэкрэту» нагадаў як на пачатку 1990-х Леніна пачалі замяняць на Скарыну.

Здавалася, яшчэ крыху і ўсе колькі тысяч помнікаў Леніну ў Беларусі ператварыліся б у Скарыну. Дзесьці з тым самым пастамэнтам, а можа і тулавам.

Так супала, што Беларусь стала незалежнай праз год пасьля 500-годзьдзя меркаванай даты нараджэньня Скарыны. Унікальнасьць сытуацыі была ў тым, што асоба беларускага першадрукара задавальняла і беларускаарыентаваных людзей, і камуністаў, якія дэ-факта заставаліся пры ўладзе.

Чаму тады Лукашэнка пасунуў імя Скарыны з галоўнага праспэкту сталіцы? Магчыма, таму што хацелася ў прынцыпе прыбраць крэатыў папярэднікаў.

Сытуацыю я прыгадаў на пачатку 2017-га — году 500-годзьдзя першай Скарынавай кнігі.

Доўгі час афіцыйны Менск усяляк дэманстраваў Захаду сваё «фэ». Маўляў, мы ад вас не залежым — «грошай нямерана і бяз вас». Але году ад 2009 (плюс-мінус) пачаліся спробы брэндынгу Беларусі з прыцэлам на замежжа.

Справы з эканомікай пагоршыліся. Схема ўзаемаадносінаў з Расеяй «нафта наўзамен на пацалункі» перастала працаваць. Трэба было пачынаць «шматвэктарнасьць» — лічы, супрацу са зьнешнім па-за Расеяй сьветам.

Здавалася б, пры чым тут Скарына?

Для Беларусі ёсьць выдатны прыклад Ірляндыі ў справе прасоўваньня сябе-дзяржавы на сусьветным рынку. Ірляндыя, магчыма, адзіны ў заходнім сьвеце ўзор, калі разам са спробай узьняцьця эканомікі дзяржава спрычынілася да раскруткі гуманітарнага вобразу краіны праз адзін канкрэтны вобраз-брэнд. У 1995-м ірляндзкая дзяржава пачала папулярызаваць на ўсясьветным узроўні пэрсанажа ўнутранай гісторыі і міталёгіі — сьвятога Патрыка, шанаванага перад тым адно ірляндзкімі дыяспарамі.

Калі ствараеш прывабны вобраз краіны, то ствараеш комплексна. Нельга канцэнтравацца толькі на грошах. Чалавеку, апроч грошай, патрэбныя эмоцыі. Патрэбны агульны вобраз краіны. У Ірляндыі гэта разумелі. Так старадаўняе сьвята манаха-хрысьціцеля Ірляндыі сьвятога Патрыка, якое шанавалася выключна вернікамі, раптам досыць хутка ператварылася ў сьвята-карнавал, папулярызаванае па ўсім сьвеце. Піва, сьмешныя шапкі, танцы.

Скарына — беларускі хрысьціцель ад асьветы і гуманізму. Я сумняюся, ці варта пад вобраз Скарыны рабіць піўное сьвята з танцамі. Хоць... Гледзячы як танчыць і за што піць піва.

На пачатку 1990-х быў больш сур’ёзны сумнеў: ці добра было б, каб у таталітарным стылі — прымусам зьверху — Леніна замяніў Скарына?

Мне здавалася, што такі падыход будзе абражаць і нівэляваць вобраз волата духу часоў Рэнэсансу. І, тым больш, асобы, узятай адным з сымбаляў беларускай ідэі.

Скарына і праз чвэрць стагодзьдзя застаецца на старых пазыцыях. Ён задавальняе ўсіх як сымбаль, усіх беларусаў, незалежна ад палітычных перавагаў.

Аэрапорт «Скарына», футбольная каманда «Скарына», касьмічны спадарожнік «Скарына»… А там, глядзіш, і на раскрутку міжнароднага Дня Скарыны можна замахнуцца — не з танцамі, дык са сьпевамі.

«Вы адкуль? Зь Беларусі?! Ведаем — Скарына! Сьпевы, крыпта-краіна! Крута!».

Так, мне могуць сказаць што як і ў выпадку з «крыпта-краінай», раскрутка Скарыны па падабенстве Дня сьвятога Патрыка будзе толькі на карысьць дыктатуры.

Але «колькі той зімы» — колькі той дыктатуры.

А вось удалыя культурныя коды закладаюцца надоўга.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG