У апублікаванай у сераду заяве адміністрацыі Дональда Трампа гаворыцца, што ў Вашынгтоне глыбока занепакоеныя паведамленьнямі пра тысячы затрыманых, катаваньні і забойствы дэманстрантаў.
У заяве ўтрымліваецца заклік вызваліць усіх палітвязьняў у Іране, уключна зь нядаўна затрыманымі.
Дакладная колькасьць людзей, якія знаходзяцца цяпер у Іране пад вартай у сувязі зь нядаўнімі пратэстамі, невядомая. Улады заяўлялі пра некалькі сотняў і сьцьвярджаюць, што большасьць зь іх было вызваленая. Паводле іншых дадзеных, лік ідзе на тысячы. У сутычках з паліцыяй загінулі больш за 20 чалавек.
Цяперашнія антыўрадавыя выступы ў Іране — найбольш маштабныя з 2009 году. Яны пачаліся 28 сьнежня пад эканамічнымі лёзунгамі, аднак неўзабаве іх зьмянілі палітычныя, накіраваныя супраць кіраўніцтва краіны і рэжыму ісламскай рэспублікі. Улады абвінавачваюць замежныя сілы ў падбухторваньні да пратэстаў і блякуюць сацсеткі, каб перашкодзіць распаўсюджваньню інфармацыі пра акцыі.
Адміністрацыя Дональда Трампа на гэтым тыдні, як паведамляецца, павінна прыняць рашэньне, ці пакіне яна ў сіле мараторый на некаторыя санкцыі ў дачыненьні да Ірану, які быў уведзены ў сувязі з так званай «ядзерным пагадненьнем» з Тэгеранам, ці адмовіцца ад мараторыю і тым самым паставіць пад пытаньне пагадненьне ў пытаньні аб іранскай ядзернай праграме.