Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя трох фатографаў, якіх абвесьцілі «ворагамі народу»


Фота Ўладзімера Сакалаева. Жанчына з плякатам сьпяшаецца на першамайскую дэманстрацыю. Навакузьнецк. 1983
Фота Ўладзімера Сакалаева. Жанчына з плякатам сьпяшаецца на першамайскую дэманстрацыю. Навакузьнецк. 1983

У канцы 70-х гадоў гадоў мінулага стагодзьдзя трое фатографаў — Уладзімер Вараб’ёў, Уладзімер Сакалаеў і Аляксандар Трафімаў уладкаваліся на Кузьнецкі мэталюргічны камбінат. Ім былі даручана здымаць «слаўныя працоўныя будні» гэтага прадпрыемства.

Ніхто тады ня мог выказаць здагадку, што праз год фатографамі зацікавіцца КДБ і іх абвесьцяць «ворагамі народа». А сёньня па чорна-белых здымках групы ТРИВА (менавіта так назвала сябе гэтая тройца) вывучаюць савецкую эпоху.

«Праўда дзеля праўды»

На заводзе хутка прызвычаідіся да таго, што «гэтыя трое» са сваімі фотаапаратамі практычна ўвесь час разам. Яны заўсёды былі побач, і здавалася, праводзяць на вытворчасьці круглыя суткі.

— Перад нашай фоталябараторыяй паставілі задачу адлюстроўваць жыцьцё, дзейнасьць і дасягненьне завода. Звычайная банальная справа, нічога асаблівага мы, як фатографы, быццам бы і не рабілі. Проста здымалі штодзённае жыцьцё вытворчасьці, людзей, іх побыт. І вось так паступова атрымліваўся матэрыял, які адлюстроўваў ня толькі тое, як людзі тады працавалі і жылі, але і той час, — успамінае цяпер Аляксандар Трафімаў. — Пры гэтым, мне здаецца, мы і самі ня моцна адрозьніваліся ад тых людзей, якіх здымалі. Мы ж усе выйшлі з 40-50-х гадоў, і ўсе тагачасныя комплексы былі з намі. Якія? Страх, напрыклад. Мы таксама шмат чаго баяліся. Але ўсё ж... Усё ж такі сярод людзей, якія крочаць у нагу, якія думаюць аднолькава, раптам апынуліся трое, якія ішлі не ў нагу. Мы ўтрох працавалі дзень і ноч, начавалі на працы і жылі адным жыцьцём. Нас аб’яднала справа, якой мы займаліся, і агульная ідэя: з дапамогай фатаграфіі пакінуць памяць пра тое, як людзі жылі, што рабілі, якімі былі. Я перад сабой паставіў адзіную ўстаноўку — ніякіх прыдзіраньняў і пыхі. Фатаграфаваць толькі тое, што ёсьць.

Адмовіцца ад пастановачных кадраў і здымаць жыцьцё такім, якое яно ёсьць на самой справе, фатографы ТРИВА змаглі, у тым ліку і дзякуючы таму, што на мяжы 70-80-х гадоў у іх былі запаветныя ў тыя часы японскія «Кэнан» і нямецкія «Лейкі».

— Уявіце сабе, у Сібіры, у шахцёрскім горадзе, сярод ссыльных розных часоў і народаў, на горадаўтваральным прадпрыемстве зьяўляюцца тры маладыя хлапцы, у рэчаіснасьці авантурысты, распавядае фатограф-дакумэнталіст, заснавальнік фонду Liberty.SU Алег Клімаў. — Яны прапануюць: «Купіце нам добрыя камэры, і мы створым вам летапіс савецкага завода!» Хіба гэта было не па-камсамольску? Хіба маглі ім адмовіць? Вядома ж, не! Безумоўна, яны шчыра хацелі паказаць, што на месцы высечанага «вішнёвага саду» сёньня працуе грандыёзны савецкі завод. Але чым часьцей яны здымалі лепшымі буржуазнымі камэрамі, тым больш у іх атрымліваўся «востраў невыносных пакут». І дзякуй Богу, яны ніколі не былі савецкімі фотажурналістамі, не бывалі на лятучках у савецкіх рэдакцыях, ім не казалі, «што такое добра, і што такое дрэнна». Яны былі самі па сабе. Індывідуальнасьці.

У Статуце ТРИВЫ коратка і ёміста былі прапісаныя наступныя палажэньні:

Сэнс -«пашпартызацыя» часу і месца

Мэта — праўда дзеля праўды;

Задача — стварэньне фотадакумэнту падзеі;

Жанр — рабочая і сацыяльная фатаграфія;

Мэтад — рэпартажны;

Абмежаваньні пры здымцы — строгае неўмяшаньне ў падзею;

Абмежаваньні пры друку — стандартная апрацоўка, друк поўнага кадра;

Апаратура — Leica M2, M3, M4 з Summicron 1,4 / 50, Summilux 2/50.

— У іх фотках захаваўся час. Бачыць час — у гэтым і заключаецца талент дакумэнтальнага фатографа, а ня проста націскаць на кнопку камэры. Наўрад ці яны разумелі, што ствараюць летапіс эпохі, — кажа Алег Клімаў. — Мільёны фатаграфій зьяўляюцца і зьнікаюць у часе. Асаблівасць групы ТРИВА заключаецца і ў тым, што яны, празь нейкі пэрыяд, знайшлі час і сілы ўсьвядоміць і сыстэматызаваць тое, што зрабілі. Далёка не ва ўсіх гэта атрымліваецца, і часта архівы з унікальнымі фотаздымкамі банальна аказваюцца выкінутымі на звалку. У гэтым сэнсе, так, вядома, яны цудоўна разумелі, што стварылі летапіс. Тут вялізная заслуга пемерлага нядаўна Уладзімера Сакалаева, які ў апошнія свае гады, нягледзячы на хваробу, спрабаваў сыстэматызаваць і захоўваць гэтую памяць цэлай эпохі.

«Уласнымі рукамі б расстраляў!»

Па ўспамінах калегаў, Трафімава, Варабʼёва і Сакалаева ўсе ў горадзе ведалі літаральна «у твар» і дазвалялі ім здымаць там, дзе звычайным фатографам ўваход быў забаронены. Аднак усё раптам перамянілася, калі фатографы паспрабавалі адправіць свае працы за «жалезную заслону» — на прэстыжны міжнародны конкурс World Press Photo.

— Наступіў 1980 год — год Алімпіяды. Натуральна, краіне трэба было выглядаць рэспэктабельна, вось мы і патрапілі «пад раздачу». Сакалаеў вырашыў, што ён хоча ўдзельнічаць у World Press Foto. Я казаў яму: «Навошта? Там трэба быць чальцом дзеючага друкаванага органа, а мы такімі не зьяўляемся». Аднак ён вырашыў усё па-свойму, хоць мы з Варабʼёвым пераконвалі яго ў адваротным, — успамінае Аляксандр Трафімаў.

Заяўкі фатографаў на WPP прымаліся праз Маскву. Аднак са сталіцы здымкі вярнулі ў Кемераўскі абкам партыі. Там рэпартажы палічылі «мэтанакіраваным ачарненьнем сацыялістычнага ладу жыцьця».

У фоталябараторыю КМК неадкладна прыйшлі супрацоўнікі КДБ, народны кантроль.

— У калектывах Новакузьнецка зачытвалі лісты пра тое, што ёсьць такія «нядобранадзейныя», як мы. Я памятаю, фотааматар Гена Маргуноў стаяў перада мной і крычаў: «Радуйцеся, што не 37 год, я б вас ўласнымі рукамі расстраляў!» Ды як жа так? Мы ўчора зь ім гарэлку пілі, а цяпер ён зьбіраўся нас расстрэльваць! Тады было страшна: гісторыя вучыла, што калі цябе назвалі «вораг народа», наступствы маглі быць непазьбежныя. Гэта тычылася і дзяцей, і жонак. А ў нас ва ўсіх былі семʼі, — распавядае Аляксандр Трафімаў. — Нам прапанавалі звольніцца, таму што мы падставілі першых людзей горада. Таварыш Ягадзіцын, які кіраваў у той час аддзелам культуры, перад партбюро на каленях прасіў прабачэньня за тое, што прагледзеў «ідэалягічную бомбу». Прыязджалі людзі з ЦК і крычалі: «Вось яны, ворагі народа! Антысаветчыкі!» І мы сапраўды ня ведалі, чым усё скончыцца!

Аляксандр Трафімаў успамінае, як былыя знаёмыя перабягалі дарогу, не жадаючы вітацца зь імі. Вельмі шмат фатаграфій яны тады проста спалілі ад страху. Ва Ўладзіміра Варабʼёва на дачы, успамінае Трафімаў, усё тады было ў чорным попеле.

— Я даведалася аб гэтай сытуацыі ад яго блізкага сябра, — успамінае Тацьцяна Сакалаева, сястра Уладзімера. — Сустрэла яго на вуліцы, кінулася: «Добры дзень!». Ён груба так, адштурхоўваючы, сказаў: «Твой брат — дысыдэнт!» Я ня ведала, што гэта значыць, у газэтах пра такое не пісалі. І зразумела, што адбылося нешта жудаснае. Хоць я ведала, што Валодзя ніколі ня быў супраць савецкай улады. Мы проста жылі ў гэтым: у сваёй гармоніі, у сваім бачаньні сьвету, у сваім адчуваньні часу. Не было ніякай прычыны, ні ўнутранай, ні зьнешняй, для ўзьнікненьня гэтай сытуацыі. Але мабыць, хлопцы, самі, можа, таго не разумеючы, выйшлі за межы таго, куды можна было выходзіць, і гэта выклікала рэакцыю, — лічыць Тацьцяна Сакалаева. — Хаця іх фотаздымкі проста адлюстроўвалі свой час: праўду, чыста, без падсьвятленьняў, без макіяжу. Шчыра! Без усялякіх падводных плыняў, без таго, каб быць выгадным або правільным для кагосьці. Але аказалася, што тады такая вось проста сумленная праца была немагчымай і небясьпечнай. Таму сябар Валодзі і назваў яго дысыдэнтам.

Пасьля ТРИВА

У 1981 годзе абʼяднаньне ТРИВА была афіцыйна расфармівана па рашэньні абкама КПСС. Жыцьцёвыя шляхі фатографаў разышліся. Цяпер нябожчыкі Уладзімір Сакалаеў і Уладзімір Варабʼёў захапіліся акультызмам і ўсходняй філясофіяй, ад сацыяльнай фатаграфіі перайшлі да ляндшафтнай. Аляксандр Трафімаў працаваў у розных гарадзкіх фотаатэлье. У канцы 1980-х Саколаеў зьехаў з Новакузьнецка жыць і працаваць у Маскву. Тыя, што засталіся ў горадзе Варабʼёў і Трафімаў ніякіх адносін адзін з адным не падтрымлівалі.

— У такога роду калектывах, вельмі асабістых, на самай справе звычайна так заўсёды здараецца, — кажа Алег Клімаў. — Але ў ТРИВА ёсьць адна асаблівасьць, якая адрозьнівае іх ад большасьці фотаклюбаў у СССР: яны змаглі зробленае імі ўсьвядоміць і захаваць. У адваротным выпадку сёньняшнія маладыя людзі даведваліся б пра Савецкі Саюз па фатаграфіях прафэсійных прапагандыстаў з газэты «Правда». Але яны судзяць пра тую эпоху па работах сапраўдных дакумэнтальных фатографаў, якія калі і маглі паказваць свае здымкі, то толькі адзін аднаму. Пры гэтым яны інтуітыўна разумелі, што па іх фатаграфіях будуць судзіць пра час, верылі ў справядлівасьць. І правільна рабілі, у гэтым сёньня мы можам пераканацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG