Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Атака была, але самалёты ня зьнішчаныя» — Мінабароны Расеі пра напад баевікоў на базу Хмэймім


Ілюстрацыйнае фота. Расейскія самалёты на авіябазе Хмэймім у Сырыі

Міністэрства абароны Расеі распаўсюдзіла раніцай у чацьвер прэс-рэліз, у якім паведамляецца, што баевікі ў Сырыі сапраўды атакавалі базу Хмэймім 31 сьнежня з ужываньнем мінамётаў. Сярод расейцаў ёсьць ахвяры.

Пры гэтым зьвесткі аб зьнішчэньні сямі самалётаў паветрана-касьмічных сілаў Расеі, якія раней былі агучаныя ў СМІ, расейскае абароннае ведамства адхіляе.

У той жа час паведамленьне газэты «Коммерсант» пра зьнішчэнне сямі расейскіх самалётаў у Мінабароны Расеі назвалі «фэйкам», паведамляе «РИА Новости».

Раней «Коммерсант» са спасылкай на вайсковыя і дыпляматычныя крыніцы паведаміў, што ў выніку мінамётнага абстрэлу расейскай авіябазы Хмэймім у Сырыі 31 сьнежня былі выведзеныя са строю чатыры франтавыя бамбавікі Су-24, два шматмэтавых зьнішчальнікі Су-35С і адзін ваенна-транспартны самалёт Ан-72. Ня менш за 10 вайскоўцаў (не паведамляецца, расейскіх ці сырыйскіх) былі параненыя. Абстралялі базу, як сьцьвярджаецца, радыкальныя ісламісты. База Хмэймім знаходзіцца ў тыле сырыйскіх урадавых войскаў.

Раней міністэрства абароны Расеі прызнала гібель 31 сьнежня двух вайскоўцаў у Сырыі ў выніку крушэньня верталёта, як сьцьвярджаецца, з-за тэхнічнай няспраўнасьці.

11 сьнежня авіябазу Хмэймім наведаў прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін, які абвясьціў там пра вывад расейскіх войскаў з Сырыі. Расейскія базы ў краіне, аднак, застаюцца, а расейская авіяцыя працягвае аказваць дапамогу войскам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада. Паводле СМІ, толькі за 2017 год у Сырыі загінулі ня менш за 40 расейскіх вайскоўцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG