Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сырыі падчас абстрэлу расейскай авіябазы зьнішчана 7 самалётаў,— расейскія СМІ


Ілюстрацыйнае фота. Расейскі самалёт Су-35 на авіябазе Хмэймім у Сырыі

У выніку мінамётнага абстрэлу расейскай авіябазы Хмэймім у Сырыі 31 сьнежня было пашкоджана і фактычна выведзена са строю сама меней 7 баявых самалётаў. Раненьні атрымалі каля 10 вайскоўцаў (не паведамляецца, расейскіх ці сырыйскіх).

Пра гэта са спасылкай на вайсковыя і дыпляматычныя крыніцы паведамляе расейская газэта «Коммерсант». Афіцыйна Міністэрства абароны Расеі пакуль не камэнтуе гэтую інфармацыю.

Сьцьвярджаецца, што выведзеныя са строю чатыры франтавыя бамбавікі Су-24, два шматмэтавыя зьнішчальнікі Су-35С і адзін вайскова-транспартны самалёт Ан-72. Абстралялі базу, як сьцьвярджаецца, радыкальныя ісламісты. База Хмэймім знаходзіцца ў тыле сырыйскіх урадавых войскаў.

Расейскія СМІ і афіцыйныя асобы раней паведамлялі пра абстрэл базы ў іншы дзень — 27 сьнежня. Тады, як сьцьвярджаецца, людзі і тэхніка не пацярпелі.

Раней Міністэрства абароны Расеі прызнала гібель 31 сьнежня двух вайскоўцаў у Сырыі — разьбіўся верталёт, у якім яны ляцелі. Як сьцьвярджаецца, прычынай крушэньня стала тэхнічная няспраўнасьць.

11 сьнежня авіябазу Хмэймім наведаў Уладзімір Пуцін, які абвясьціў там пра вывад расейскай групоўкі з Сырыі. Расейскія базы ў гэтай краіне, аднак, застаюцца, а расейская авіяцыя працягвае дапамагаць войскам сырыйскага прэзыдэнта Башара Асада.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG