Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-італьянскі кулінарны паядынак на Сардыніі


Італьянскі панадас, ілюстрацыйнае фота © Shutterstock
Італьянскі панадас, ілюстрацыйнае фота © Shutterstock

На адным баку кухні «чаравала» італьянская кулінарная экспэртка Элена Дэмартыс, на другім — менскі рэстаратар Аляксандар Чыкілеўскі.

Італьянкае выданьне Ansa расказала пра ўдзел беларусаў у сьвяточнай кулінарнай падзеі на Сардыніі, у якой бралі ўдзел 15 маладых кухараў.

Імпрэза прайшла ў сталіцы Сардыніі Кальяры, у штаб-кватэры Цэнтру Ifalitalia, які рыхтуе кваліфікаваных прафэсійных кадраў у сфэры паслуг. Мэтай кулінарнага спаборніцтва было параўнаць традыцыйны рацыён жыхароў Сардыніі ды Беларусі з гледзішча яго ўплыву на жыцьцё, здароўе і даўгалецьце.

Год Беларусі на Сардыніі

Прыгатаваньнем беларускіх і міжземнаморскіх страваў і іх дэгустацыяй завяршыўся Год культуры Беларусі на Сардыніі, перадаюць італьянскія СМІ.

Кухня — гэта частка нацыянальнай культуры, і, як лічаць італьянцы, ды і ня толькі яны, у любым добра прыгатаваным супе творчасьці ня менш, чым у стварэньні таго ж музычнага твора. Да таго ж сыстэма здаровага харчаваньня афіцыйна прызнаная на Апэнінах часткай сацыяльнай мэдыцыны. Італьянскі востраў Сардынія славіцца ня толькі сваімі кулінарнымі традыцыямі, якія на працягу стагодзьдзяў захоўваюцца ў гэтым рэгіёне, але і колькасьцю сваіх доўгажыхароў, якія аддаюць перавагу мясцовай натуральнай ежы.

Італьянскі панадас

У пераднавагодні вечар у цэнтры Ifalitalia прызнаны сардынскі кухар Элена Дэмартыс гатавала вельмі папулярную, пажыўную і, паводле дыетолягаў, здаровую страву — Panadas Assemini. Асэміні — гэта невялікі рыбацкі рэгіён на востраве, разьмешчаны ля возера, дзе водзяцца вугры. Панадас — хлебны прадукт у форме кошыка з самай рознай начынкай.

Робіцца панадас «Асэміні» паводле старадаўняга рэцэпту: з мукі цьвёрдых гатункаў пшаніцы, вады, сьвінога тлушчу і солі. Цеста раскочваецца драўлянай качалкай, усё, уключна з прыгатаваньнем начынкі, робіцца ўручную. Найчасьцей пірагі начыняюць вугром з гарохам. Таксама ёсьць панадас зь мясам (сьвініна, кураціна, ягняціна, трусяціна). У якасьці дадатковых і абавязковых інгрэдыентаў — сушаныя памідоры, часнок і пятрушка. Панадас папулярны ў сельскай мясцовасьці, асабліва ў бедных раёнах. Кансыстэнцыяй ён блізкі да кашы. Перад тым, як есьці, яго пасыпаюць дзёртым сырам. Гэтая страва лічыцца асабліва карыснай для старых і хворых людзей.

Беларускія калдуны

Беларускія калдуны, ілюстрацыйнае фота
Беларускія калдуны, ілюстрацыйнае фота

Падчас кулінарнай імпрэзы беларускі шэф-кухар менскай рэстарацыі «Публіка» прапанаваў як паўсядзённыя стравы беларусаў (калдуны, тварожныя батончыкі, мачанку з дранікамі), так і страву высокай беларускай кухні — сьвіную выразку з падліўкай з кары дуба, морквы, апэльсінаў ды прасяной кашай.

«Апроч гэтых кулінарных пэрлінаў, — кажа Рабэрта Пілі ў інтэрвію Ansa, — традыцыйная ежа ў Беларусі — бульба, якую тут спажываюць так сама, як італьянцы пасту, таксама жытні хлеб, капуста, самыя яе розныя віды — белакачанная, чырвоная, квяцістая. Таксама асновай беларускага рацыёну зьяўляюцца малочныя прадукты, у тым ліку кісламалочныя. З такімі прадуктамі — бульбай, гароднінай — плюс пэўнай колькасьцю так званай „малочкі“, плюс пэўнай колькасьцю мяса, рознай садавіной, ствараецца такая сыстэма харчаваньня, якая мае ўсе неабходныя пажыўныя элемэнты».

Рабэрта Пілі выказаў упэўненасьць, што падобныя паядынкі кухараў, знаёмства з традыцыйнымі стравамі розных народаў, рацыёнам паўсядзённага харчаваньня людзей, даюць магчымасьць глыбей вывучаць праблемы здароўя нацыі і спрыяць актыўнаму даўгалецьцю насельніцтва.

Здаровае харчаваньне — зь вёскі, італьянскай і беларускай

«Сыстэма харчаваньня, закладзеная на працягу стагодзьдзяў у вясковай мясцовасьці — гэта ідэальная плятформа для актыўнага і здаровага даўгалецьця», — цытуе выданьне Ansa словы прэзыдэнта Ўсясьветнай суполкі «Даўгалецьце» і аднаго з арганізатараў імпрэзы Рабэрта Пілі. Прычым, паводле спадара Пілі, гэта тычыцца ня толькі Сардыніі, але і Беларусі, у якой яму давялося неаднойчы бываць і браць удзел у Днях італьянскай кухні ў Менску:

«Ведаю, што найбольш заможныя беларусы аддаюць перавагу харчам з так званай міжземнаморскай дыеты — рыбе, розным морапрадуктам, пасьце, зяленіву, рознай садавіне і гародніне. Але ж калі ў гэтай краіне налічваецца звыш 400 чалавек, якім болей за 100 гадоў, і гэта жыхары пераважна сельскай мясцовасьці, то традыцыйная беларуская ежа для беларусаў карысная ня менш».

Кожны народ павінен харчавацца ў адпаведнасьці з традыцыямі свайго рэгіёну, на думку прэзыдэнта Ўсясьветнай суполкі «Даўгалецьце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG