Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве ад 2018 году падвысяць узрост пакупнікоў алькаголю і скароцяць час продажу


Ілюстрацыйнае фота

Адразу пасьля Новага году ў суседняй Літве набудуць моц прынятыя парлямэнтам забароны, зьвязаныя з продажам алькаголю.

Зьменіцца ўзрост, зь якога можна будзе купляць, ужываць алькаголь: яго падвысілі ад 18 да 20 гадоў.

Касіраў і прадаўцоў абавязалі правяраць дакумэнты ў асобаў, якія выглядаюць маладзейшымі за 25 гадоў; без прад’яўленьня дакумэнту прадавец можа адмовіць у продажы.

Калі цяпер алькаголь у крамах Літвы можна купіць ад 8 да 22 гадзінаў, дык пасьля Новага году час продажу значна скароціцца: з панядзелка да суботы набыць алькаголь можна будзе ад 10 да 20 гадзінаў, па нядзелях — ад 10 да 15 гадзін.

Забарона не распаўсюджваецца на міжнародныя цягнікі, самалёты, пасажырскія судны, а таксама міні-бары ў гатэлях і крамы duty free.

Ва ўсёй Літве будзе забароненая рэкляма алькаголю (акрамя лягатыпаў і назваў кампаній, якія гандлююць алькаголем, «калі яны нерэгулярна і нечакана зьяўляюцца падчас тэлеперадач на заднім пляне» — ня будзе лічыцца рэклямай).

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка паабяцаў новыя захады ў барацьбе з пʼянствам, а беларускі ўрад заявіў, што будзе разглядаць абмежаваньне продажу алькаголю з 21 году. Раней міліцыя праводзіла апытаньне: ці пакінуць цяперашняе абмежаваньне з 18 гадоў, ці ўвесьці з 20 або з 21 году.

У МУС таксама прапаноўваюць не прадаваць алькаголь ад 23.00 да 9.00 раніцы, а ў крамах з плошчай гандлёвай залі 1.000 кв. м і больш абсталяваць для алькаголю асобную залю, і абгрунтоўваюць гэта тым, што экспэрымэнты ў абмежаваньні продажу алькаголю і «дні цьвярозасьці» паказалі сваю эфэктыўнасьць.

Беларусы застаюцца аднымі з самых пітушчых у сьвеце. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэднестатыстычны беларус (дзеляць у тым ліку на немаўлятаў) спажывае 8,8 літра ўмоўнага чыстага сьпірту на год, а паводле міжнароднай статыстыкі (дзеляць толькі на старэйшых за 15 гадоў) — больш як 16 літраў сьпірту на год.

Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу самых нездаровых краінаў сьвету — пасьля Чэхіі, Расеі і Славеніі, паводле дасьледаваньня арганізацыі Clinic Compare, якая прааналізавала зьвесткі аб шкодных звычках насельніцтва ў 179 краінах сьвету.

Толькі 1 зь 5 беларусаў цэлы месяц ня піў алькаголю. Са 160 тысяч алькагольна залежных штогод 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі. На алькаголь прыпадае амаль 10% ад агульнага гандлю ў краіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG