Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Высланая ўкраінская журналістка: «У мяне было адчуваньне, што Беларусь — не Расея, але цяпер ёсьць пытаньні»


Міхайліна Скорык у менскім аэрапорце

Украінская журналістка Міхайліна Скорык, якая ў Менску даведалася пра забарону наведваньня Расеі і адначасова Беларусі, распавяла Радыё Свабода падрабязнасьці сваёй сустрэчы ў Фрунзэнскім раённым аддзяленьні ўнутраных спраў.

— Міхайліна, як вам паведамілі пра выклік у міліцыю?

— Я прыляцела зь Кіева ў Менск 14 сьнежня рэйсам «Белавія» і на памежным кантролі запоўніла міграцыйную картку, у якой пазначыла сваё імя і кантактны тэлефон. Ніякіх дадатковых пытаньняў у аэрапорце да мяне не было.

Прыехала ў гатэль, пасялілася, а ў суботу, 16 сьнежня, калі мы адправіліся з гатэлю бліжэй да цэнтру, на мой ўкраінскі мабільны патэлефанавалі зь беларускага нумару. Мужчына прадставіўся Арцёмам Аляксандравічам і папрасіў тэрмінова, да гадзіны дня прыехаць у аддзел міграцыі Фрунзэнскага РУУС. Але паколькі я не ўяўляла, дзе знаходзіцца гэтая ўстанова, і калі зразумела, куды ехаць, то спазьнілася амаль на гадзіну.

Ён паведаміў, што ў сувязі з «расейскімі сьпісамі» я ёсьць гэтак жа непажаданая асоба і ў Беларусі

Патэлефанавала, ён мяне сустрэў і правёў. Запытаў, ці ведаю я, што знаходжуся ў сьпісах асобаў, якім забаронены ўезд у Расею. Пра гэта я ня ведала, і мяне гэта вельмі зьдзівіла. Арцём Аляксандравіч запытаўся таксама пра мой сацыяльны статус, колькасьць дзяцей, дату нараджэньня і ці мела я нейкія сувязі з тэрарыстычнымі арганізацыямі. Я адказала, што ня мела, а потым падумала, ці аднолькава мы разумеем, што такое тэрарыстычная арганізацыя...

У выніку ён мне паведаміў, што ў сувязі з «расейскімі сьпісамі» я ёсьць гэтак жа непажаданая асоба і ў Беларусі. Тады ён склаў пратакол, я зь ім азнаёмілася. Спытаў, калі зьбіраюся зьяжджаць назад у Кіеў, і на мой адказ — 19 сьнежня — сказаў: «Вялікая просьба ехаць і больш не вяртацца». Ён папрасіў ксэракопію пашпарту, падпісаць пратакол, разьвітаўся, правёў і ўсё. То бок, размова трывала 10-15 хвілін.

Міхайліна Скорык
Міхайліна Скорык

— У якім тоне адбывалася гэтая размова?

— Размова была вельмі кароткай, нешматслоўнай. Усё па-дзелавому. Ніякай агрэсіі не было.

— Ці цікавіўся ён вашым мужам, які загінуў на Данбасе?

— Не цікавіўся. На ягонае пытаньне, ці замужам, я адказала, што ўдава. Усё.

— Ці паказваў ён вам дакумэнт, згодна зь якім вам забаронены ўезд на тэрыторыю Расеі?

— Нічога не паказваў. Шчыра кажучы, калі ён папрасіў мяне прыехаць, я разумела, што гэта нейкая праверка, але не разумела яе прычыну. Таму на месцы я лішніх пытаньняў яму не задавала.

— Падчас знаходжаньня ў Менску, не заўважалі нейкіх іншых падазроных рэчаў у дачыненьні да сябе?

— Абсалютна не. Я ня першы раз была ў Менску, спадзяюся, і не апошні. Але нічога асаблівага не было. Звычайны гатэль. У мяне няма адчуваньня, што за мной мае хтосьці сачыць ці нешта іншае.

— Перад паездкай у Менск вы высьвятлялі магчымасьць знаходжаньня свайго імя ў «чорных сьпісах»?

— Я маю кантакты ў Міністэрстве замежных спраў Украіны і спытала, наколькі бясьпечна ехаць у Беларусь, ці ёсьць перасьцярогі МЗС у дачыненьні да паездак у Беларусь, бо ведала пра выпадкі, калі і зь цягнікоў здымалі, як, напрыклад, майго калегу Віталя Мароза, зь якім мы разам рабілі відэакурс для журналістаў. Адпаведна, я ведала, што могуць быць нейкія дадатковыя пытаньні, але ж так...

Апошні раз я была ў Беларусі ў сакавіку 2014 году, пераходзіла мяжу ў Гомельскай вобласьці. І цяпер, калі ўзважвала ўсе рызыкі, прыйшла да высновы, што яны не высокія. Да паездкі ў мяне было адчуваньне, што Беларусь — не Расея, але цяпер ёсьць пытаньні.

— Плянуеце абскардзіць гэтае рашэньне?

— Абавязкова. Калі мною зацікавіліся прадстаўнікі беларускіх уладаў, то я зьвярнулася ў Пасольства Ўкраіны ў Менску, размаўляла з консулам. З гэтай размовы я зразумела, што такія выпадкі бываюць і дыпляматы зь імі сутыкаліся. Консул настойліва мне рэкамэндаваў па вяртаньні ў Кіеў запоўніць электронную форму і абскардзіць гэтую забарону па Беларусі. А што рабіць з забаронай уезду ў Расею — як гэта праверыць і што з гэтым рабіць, я яшчэ, шчыра кажучы, не разьбіралася.

Апоўначы я вярнулася ў Кіеў, таму яшчэ не высьвятляла, што рабіць з расейскай гісторыяй. Але беларускую буду абскарджваць, хаця ня ведаю, чым усё гэта скончыцца.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG