Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чорны сьпіс»: украінскай журналістцы загадалі пакінуць Беларусь і «больш не вяртацца»


Украінскай журналістцы Міхайліне Скорык забаранілі ўезд у Расейскую Фэдэрацыю. Пра гэта яна даведалася ў Менску. Беларускія праваахоўнікі папрасілі ўкраінку пакінуць тэрыторыю краіны. Пра гэта Скорык напісала на сваёй старонцы ў Facebook.

«У Менск варта было зьлятаць хаця б таму, каб даведацца, што мяне ўнесьлі ў сьпіс асобаў, якім забаронены ўезд у Расейскую Фэдэрацыю», — паведаміла яна.

Скорык прыляцела на некалькі дзён у Беларусь. У Менску журналістка атрымала павестку ў Фрунзэнскае РУУС.

«Арцём Аляксандравіч дакладна патлумачыў, што людзі з «чорнага сьпісу» Крамля таксама вельмі непажаданыя ў Рэспубліцы Беларусь, паколькі тут — «саюзная дзяржава», — напісала журналістка.

У РУУС ёй уручылі павестку з патрабаваньнем пакінуць тэрыторыю Беларусі. Паводле Скорык, супрацоўнік упраўленьня разьвітаўся зь ёй са словамі: «Выяжджайце і больш да нас не вяртайцеся, бо наступствы могуць быць сур’ёзнымі».

Украінская журналістка ўжо пакінула Менск. Як вядома, муж Скорык Сяргей ваяваў у Данбасе і загінуў у жніўні 2014 года. Журналістка раней асьвятляла баявыя дзеяньні ў Данбасе.

Лідэр Мэджлісу прапануе перанесьці перамовы па сытуацыі ва Ўкраіне зь Менску ў іншае месца

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG