Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гендэрныя квоты часта крытыкуюць за тое, што яны нібыта дазваляюць слабейшым жанчынам незаслужана займаць месцы мацнейшых мужчын. Чамусьці тое, што жанчыны ў выніку акажуцца слабейшымі і горшымі за мужчын, выдаецца за аксіёму, а патрабаваньне мець пэўную колькасьць жанчын на экспэртных пазыцыях і пасадах — за дурную гульню ў талерантнасьць.

Але што адбываецца, калі рашэньні па важных пытаньнях прымаюць толькі мужчыны? Зь вялікай імавернасьцю тады проста ігнаруюцца інтарэсы жанчын — цэлай паловы грамадзтва. І гэта адбываецца на розных узроўнях: вялікай палітыкі, правілаў асобна ўзятага унівэрсытэту, конкурсу сацыяльных праектаў.

Мужчынскія ўяўленьні пра жаночыя патрэбы і сапраўдныя жаночыя патрэбы — гэта часта вельмі розныя рэчы.

Самае цікавае пачынаецца тады, калі мужчыны самастойна прымаюць рашэньні, якія непасрэдна паўплываюць на жыцьці жанчын. Праблема ў тым, што мужчынскія ўяўленьні пра жаночыя патрэбы і сапраўдныя жаночыя патрэбы — гэта часта вельмі розныя рэчы.

Некалькі тыдняў таму я прысутнічала на фінале міжнароднага конкурсу сацыяльных праектаў SAP UP, і адным з праектаў-фіналістаў былі моўныя курсы для мам у дэкрэце. Ён анансаваўся ў якасьці ініцыятывы падтрымкі жанчын, але менавіта ў жанчын выклікаў крытычныя пытаньні.

Слухаючы аўтара праекта і прымяраючы прапанову на сябе, яны заўважылі, што «штосьці тут не так», і фактычна праект не будзе граць на руку самім мамам, але дазволіць іх партнэрам «адкупіцца» ад скаргаў, што жанчына стамілася быць толькі дома і займацца толькі дзіцём. Што тычыцца мужчын у журы, дык яны вельмі ўхвалялі праект і казалі пра ягоную высокую сацыяльную значнасьць.

Але на пытаньне «чаму вы абралі менавіта моўныя курсы ў якасьці праекту?» аўтар адказвае, што калі жанчына ў дэкрэце ідзе вучыцца і аддае навучаньню шмат часу, гэта прыводзіць да канфліктаў у сям’і. А вось гэтыя курсы, маўляў, зробленыя так, каб да канфліктаў у сям’і не даходзіла. Тут ужо ніяк ня скажаш пра абарону жаночых інтарэсаў.

Імавернасьць таго, што жанчына зробіць больш спрыяльны для іншых жанчын выбар, чым мужчына на яе месцы, усё ж большая.

Безумоўна, усе жанчыны розныя, і няма ніякай гарантыі, што асобна ўзятая дэпутатка альбо сябра журы нейкага конкурсу стане адстойваць інтарэсы большасьці жанчын. Але імавернасьць таго, што жанчына зробіць больш спрыяльны для іншых жанчын выбар, чым мужчына на яе месцы, усё ж большая.

Чаму так адбываецца? Бо ўсе жанчыны прайшлі праз так званую жаночую гендэрную сацыялізацыю, а мужчыны — праз мужчынскую. Нашыя інтарэсы як сацыяльных групаў могуць быць у канфрантацыі адзін да аднаго альбо проста не перасякацца. І гендэрныя квоты ва ўладных структурах любога ўзроўню — гэта той самы інструмэнт, які дазваляе пры прыняцьці рашэньняў браць пад увагу інтарэсы і жанчын, і мужчын.

Квоты — гэта не мэта сама па сабе, але базавы інструмэнт, неабходны, каб перш за ўсё дзяржаўныя ўлады прымалі рашэньне, абапіраючыся ня толькі на досьвед і інтарэсы мужчын.

Я разумею, што ўвядзеньне гендэрных квотаў на выбарчых пасадах патрабуе вялікіх зьменаў ва ўсім палітычным працэсе. Напрыклад, у парлямэнце мусяць быць партыйныя квоты, а ў партыях — гендэрныя. Такім чынам, выбарнікі будуць абіраць партыі, а не канкрэтных асобаў. Але фінальная мэта — паляпшэньне становішча жанчын у грамадзтве — вартая таго, каб перацярпець цяжкасьці, зьвязаныя з трансфармацыяй выбарчага працэсу.

Хай там сядзіць хто заўгодна, бо розьніцы няма, але хай толькі гэта будуць не жанчыны.

Яшчэ вось кажуць, што ў Беларусі спэцыфічная сытуацыя, і той жа парлямэнт фактычна нічога не вырашае, дык якая розьніца, якія пешкі будуць сядзець у крэслах і ствараць імітацыю актыўнай дзейнасьці. Але цікава, што гэты аргумэнт выкарыстоўваюць супраць таго, каб у парлямэнце было больш жанчын. То бок хай там сядзіць хто заўгодна, бо розьніцы няма, але хай толькі гэта будуць не жанчыны.

Зрэшты, у гендэрных пытаньнях так здараецца вельмі часта: «якая розьніца, як называць прафэсіі, але толькі не фэмінітывамі», «пры прыняцьці рашэньня, каго павысіць на працы, трэба кіравацца выключна прафэсійнымі якасьцямі, але новы кіраўнік аддзелу продажаў мусіць быць мужчына», і гэтак далей, і гэтак далей.

Можна колькі заўгодна рабіць выгляд, што праціўнікі гендэрных квотаў клапоцяцца пра глябальную справядлівасьць і вельмі перажываюць, што таленавіты мужчына застанецца «па-за бортам» праз слабейшую жанчыну. Але ў мяне ёсьць для іх рашэньне, якое яны самі прапануюць кожны раз, калі жанчыны скардзяцца на так званую шкляную столь і асаблівыя цяжкасьці ў прасоўваньні па кар’ернай лесьвіцы. Калі мужчына сапраўдны прафэсіянал — ён праб’ецца нават праз гендэрныя квоты. Хай больш упарта працуе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG