Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Народны аўтамабіль» ад «БелДжы» будзе ўдвая таньнейшым за флягманскі Atlas 


Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка ў салёне Geely барысаўскай зборкі
Віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка ў салёне Geely барысаўскай зборкі

У лютым 2018 году завод «БелДжы» выпусьціць пробную партыю аўтамабіляў, «прасьцейшых» за красовэр Geely Atlas. Пра гэта ў Палаце прадстаўнікоў сказаў віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка.

Паводле чыноўніка, гэта будзе «народны аўтамабіль», цана на які мусіць вагацца ў межах 10 тысяч даляраў (9,5–11,5 тысяч, залежна ад камплектацыі). Мяркуецца, што за аснову возьмуць сэдан FE3 з аб’ёмам бэнзынавага рухавіка 1,5–1,8 літра.

Як паведамляла Радыё Свабода, 15 сьнежня ў Менску пачалі працаваць дылерскія цэнтры Geely — кітайска-беларускага аўтамабіля, вытворчасьць якога наладжаная на сумесным прадпрыемстве «БелДжы» пад Барысавам.

Красовэр Geely Atlas ад заводу «БелДжы»
Красовэр Geely Atlas ад заводу «БелДжы»

Асноўная стаўка робіцца на флягманскую мадэль Geely Atlas. Цэны на красовэр да апошняга трымаліся ў таямніцы, хоць раней той жа Сямашка і прагаварыўся, што машына будзе каштаваць ад 17 да 25 тысяч даляраў. Начальнік камэрцыйнай службы «БелДжы» Кірыл Шаламіцкі зьняпраўдзіў чыноўніка, паабяцаўшы, што цэньнік будзе ніжэйшы.

Але аказалася, што цэны ня толькі ня сталі меншымі ў параўнаньні з тымі, што анансаваў віцэ-прэм’ер, а нават падрасьлі. Як вынікае з прэйскуранту дылерскіх цэнтраў, разьбежка складае ад 17 500 да 26 300 даляраў.

Праўда, на заводзе ўдакладняюць, што такія кошты нібыта рэкамэндаваныя для юрыдычных асобаў, для прыватнікаў прайс-ліст неўзабаве будзе перагледжаны.

Кошты на Geelly Atlas і замежныя аналягі, блізкія па камплектацыі
Кошты на Geelly Atlas і замежныя аналягі, блізкія па камплектацыі

Аўтамабільная вытворчасьць на прадпрыемстве «БелДжы» пачалася сёлета ў канцы лістапада. Мадэльную лінейку складаюць красовэры Geely Atlas NL 3 і NL 4, а таксама кампактны сэдан FE3.

Паводле беларускага кіраўніцтва, спачатку з канвэера пачне сыходзіць 60 тысяч аўто штогод з пэрспэктывай павелічэньня магутнасьці да 120 тысяч. Плянуецца, што тэхніка будзе пастаўляцца найперш у Расею.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG