Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржорганы дазволілі «Яндэкс.Таксі» і Uber абʼяднацца. Што зьменіцца для спажыўцоў?


Uber і «Яндэкс.Таксі» аб'ядналіся

24 лістапада Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Беларусі дало згоду на зьліцьцё буйных электронных службаў таксі. Адначасова з гэтым такі ж дазвол быў атрыманы ў Расеі.

Пра гэта паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе «Яндэкса»:

«Фэдэральная антыманапольная служба [Расейскай Фэдэрацыі] ухваліла пагадненьне Яндэкса і Uber аб аб'яднаньні бізнэсаў онлайн-замоваў паездак у Расеі. Угода таксама ўхвалена Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю Рэспублікі Беларусь і чакае ўхваленьня антыманапольнага ведамства Казахстану».

Пасьля таго як усе юрыдычныя фармальнасьці будуць выкананыя, абодва прыкладаньні замаўляць паездкі па-ранейшаму будуць даступныя карыстальнікам. У той жа час таксапарк і кіроўцы пяройдуць на адзіную тэхналягічную плятформу — гэта значыць, што машын на лініі будзе болей і яны хутчэй змогуць прыяжджаць на выклік.

«МАРТ сапраўды ўхваліў угоду на тэрыторыі Беларусі, — сказалі Свабодзе ў прэс-службе «Яндэкса». — Бліжэйшым часам абодва сэрвісы, „Яндекс.Такси“ і Uber, працягнуць працаваць гэтак жа, як і працавалі (і для карыстальнікаў, і для кіроўцаў, і для таксапаркаў)».

«Ніякіх радыкальных зьменаў тарыфаў, зьвязаных з абʼяднаньнем, мы не чакаем — ні цяпер, ні ў будучыні», — запэўнілі ў «Яндэксе».

Uber укладзе 225 мільёнаў даляраў, «Яндэкс.Таксі» — 100 мільёнаў, кантрольны пакет акцый новага холдынгу будзе належаць «Яндэксу». Агульная капіталізацыя складзе 3,725 мільярда даляраў. Абʼяднаная кампанія будзе дзейнічаць, апроч Беларусі, у Азэрбайджане, Армэніі, Грузіі, Казахстане і Расеі.

Пра абʼяднаньне буйных інтэрнэт-сэрвісаў для выкліку таксі стала вядома яшчэ ў ліпені.

Завяршыць працэс абʼяднаньня плянуецца ў студзені 2018 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG