Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Uber і NASA аб’ядналіся ў праекце «лятучага таксі»


Магчымы зьнешні выгляд «лятучага таксі» Uber

Прыватная служба таксі Uber і амэрыканскае касьмічнае агенцтва NASA аб’ядналі высілкі ў праекце Elevate.

Яны зьбіраюцца стварыць прынцыпова новую сыстэму кантролю паветранага руху для апаратаў, што будуць перавозіць пасажыраў на кароткія дыстанцыі на малой вышыні і, верагодна, аўтаномна — без пілёта, піша The Verge.

Цяпер праект прадугледжвае тэставыя запускі ў амэрыканскіх Даласе і Лос-Анжэлесе не раней за 2020 год. Uber прадстаўляе рэалізацыю так: пасажыр праз мабільную праграму выклікае «лятучае таксі» так жа, як наземнае, праходзіць на «аэрадром» на даху бліжэйшага будынка праз турнікет, і вылятае да месца прызначэньня ў гібрыдзе самалёта і верталёта разам зь некалькімі іншымі пасажырамі.

Дзе палёт займае 15 хвілін, паездка на «наземным» таксі заняла бы ўсе 100, сьцьвярджае Uber у прэзэнтацыі праекту. І ў пэрспэктыве палёт можа каштаваць 20 даляраў там, дзе цяпер «наземнае» таксі каштуе 31 даляр.

Як адзначае The Verge, пакуль не існуе ні такіх «лятучых таксі» (аўтаномны электрычны гібрыд самалёта і верталёта называюць VTOL, «вітол»), ні інфраструктуры для іх, ні рэгулятарных правілаў для «пасажырскіх бесьпілётнікаў». Але цяпер прынамсі 19 кампаніяў, у ліку якіх Boeing і Airbus, працуюць над падобнымі канцэпцыямі «лятучых машынаў». У ліку скептыкаў адносна такіх канцэпцыяў стваральнік электрамабільнай кампаніі Tesla і касьмічнай SpaceX Ілан Маск.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG