Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У межах касьмічнай місіі «Чан’э-4» кітайскія навукоўцы паспрабуюць у 2018 годзе вырасьціць бульбу на паверхні Месяца, перадае China Radio International.

Для бульбы плянуецца стварыць «міні-экасыстэму» ў мэталічным кантэйнэры дыямэтрам 16 см і вышынёй 18 см. Туды зьмесьцяць ня толькі насеньне бульбы, але і лічынкі насякомых, у тым ліку шаўкапрада.

Калі ўдасца стварыць умовы, у якіх выжывуць расьліны і насякомыя, гэта можа стаць важным крокам да стварэньня паўнавартаснай чалавечай калёніі па-за межамі Зямлі.

Апошні раз на паверхні Месяца людзі стаялі ў сьнежні 1972 году ў межах амэрыканскай місіі «Апалён-17». Пасьля гэтага на Месяц высаджваліся толькі робаты.

Раней пляны па калянізацыі Месяца мела Расея, але ў 2015 годзе адмовілася ад такіх ідэяў. Амэрыканцы жа цэляцца не на Месяц, а на Марс: пляны наконт палётаў туды маюць як дзяржаўнае агенцтва NASA, так і прыватная кампанія SpaceX.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG