Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША маюць намер прыцягнуць Паўночную Карэю да адказнасьці


Дарадца прэзыдэнта па ўнутранай бясьпецы Том Босэрт

Па словах дарадцы прэзыдэнта па ўнутранай бясьпецы, за кібэратакамі з ужываньнем WannaCry стаяў Пхэньянскі рэжым.

ЗША маюць намер прыцягнуць Паўночную Карэю да адказнасьці за распаўсюд вірусу WannaCry, ад якога ў траўні мінулага году пацярпелі бальніцы, банкі і іншыя ўстановы ў больш як 150 краінаў.

«Мы прысаромім іх за гэта», — сказаў дарадца па ўнутранай бясьпецы Том Босэрт, выступаючы ў аўторак перад журналістамі ў Белым доме. Пры гэтым ён прызнаў, што прыцягнуць канкрэтных выканаўцаў да адказнасьці будзе цяжка, паведамляе «Голас Амэрыкі».

«Мы выстаўляем гэтыя абвінавачваньні ня проста так, а з доказамі і (супольна) з партнэрамі», — дадаў ён, адзначыўшы, што многія іншыя ўрады і прыватныя кампаніі прыйшлі да тых жа высноваў.

«Злучанае Каралеўства, Аўстралія, Канада, Новая Зэляндыя і Японія бачылі наш аналіз і таксама ўскладаюць адказнасьць за WannaCry на КНДР. Камэрцыйныя партнэры таксама прынялі меры. Кампанія Microsoft прыйшла да высновы, што за атакай стаялі кібэрарганізацыі, зьвязаныя з паўночнакарэйскім урадам. Свае аналітычныя дадзеныя таксама далі іншыя прадстаўнікі галіны», — сказаў ён.

Па словах экспэртаў, вірус WannaCry карыстаўся ўразьлівасьцю ў некаторых вэрсіях апэрацыйнай сыстэмы Windows, у якіх не былі ўсталяваныя абнаўленьні для сыстэмы бясьпекі.

Босэрт, які займае пасаду дарадцы прэзыдэнта па ўнутранай бясьпецы і барацьбе з тэрарызмам, са шкадаваньнем адзначыў, што для стрымліваньня дзейнасьці КНДР мала што можна зрабіць, улічваючы, што на Пхэньян ужо наклалі суровыя санкцыі ў многіх галінах.

«Адміністрацыя выкарыстала практычна ўсе магчымыя рычагі для зьмены паводзін КНДР, за выключэньнем таго, каб замарыць іх голадам, — адзначыў ён. — Так што ў нас засталося мала магчымасьцяў аказваць на іх ціск, каб зьмяніць іх паводзіны».

Босэрт высока ацаніў намаганьні Microsoft, Facebook і «іншых карпаратыўных партнэраў», якія распачалі самастойныя меры, без каардынацыі з боку дзяржавы, каб прадухіліць чарговую спробу кібэратакі з боку КНДР на мінулым тыдні. Яны зачынілі акаўнты хакераў паўночнакарэйскага рэжыму, якія выкарыстоўваліся для зьдзяйсьненьня нападаў, і абнавілі свае сыстэмы бясьпекі.

Дырэктар Цэнтра кібэрбясьпекі і ўнутранай бясьпекі пры ўнівэрсытэце Джорджа Вашынгтона Фрэнк Чылуфа лічыць, што прыватныя кампаніі ў будучыні ўзначаляць намаганьні па барацьбе з замежнымі Кібэратакамі.

Пхэньян даўно падазравалі ў распаўсюдзе кампутарнага вірусу WannaCry, які ў траўні гэтага году закрануў ня менш за 150 краінаў, пазбавіўшы карыстальнікаў доступу да файлаў і іншых важных функцыяў. Вірусная праграма патрабавала выкуп у абмен на разблякаваньне файлаў на заражаных кампутарах. Атака WannaCry была спыненая брытанскім хакерам, які знайшоў у кодзе функцыю, якая дазваляе блякаваць вірус.

У апошнія гады Пхэньян неаднаразова абвінавачвалі ў зьдзяйсьненьні кібэратак, у тым ліку знакамітай атакі на кінакампанію Sony Pictures у 2014 годзе. Мяркуецца, што яна была зьдзейсьненая ў адплату за сатырычны фільм «Інтэрвію», дзе апісаны сцэнар замаху на паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG