Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень другі

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс у справе трох аўтараў інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Яны ўжо адбылі год у СІЗА КДБ. Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу. Праваабаронцы не выключаюць, што па выніках працэсу аўтараў Regnum давядзецца прызнаць палітычнымі вязьнямі.

Першы дзень суду адбыўся 18 сьнежня.

У Менску судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень першы

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

19:04 19.12.2017

Пра што казалі «рэгнумаўцы» ў другі дзень суду, сьцісла

Алімкін: «Гэта ня суд, а непрыхаваны перасьлед за палітычныя меркаваньні»

Паўлавец: «Было жаданьне прадухіліць канфлікт паміж беларусамі і расейцамі»

Шыптэнка: «Нас хочуць прадставіць дзікунамі, якія ня могуць абмяркоўваць праблемы»

19:02 19.12.2017

Бацька «рэгнумаўца» Алімкіна: «Як загадаюць, такі і будзе вырак суду»

Валер Алімкін, бацька аднаго з падсудных Дзьмітрыя Алімкіна, пракамэнтаваў Свабодзе ход працэсу.

«Зрабілі ўсё на загад зьверху, — мяркуе ён. — Прачытаў адзін, не спадабалася, і даў каманду. А тады сьледчыя зьляпілі справу і цяпер мы бачым, як усё на працэсе тырчыць, бо шытая белымі ніткамі».

16:53 19.12.2017

Абвінавачаны запатрабаваў выклікаць на суд экс-міністарку Ананіч

Шыптэнка перакананы, што не распальваў сваімі артыкуламі варожасьць «ні да беларусаў, ні да расейцаў, ні да немцаў, ні да — не пабаюся гэтак сказаць — габрэяў». Паводле яго, сьледзтва ўтойвала ад падсьледных тэкст экспэртнага заключэньня (іншыя абвінавачаныя таксама казалі пра гэта).

Таксама Шыптэнка запатрабаваў, каб суд дапытаў былую міністарку інфармацыі Лілію Ананіч: «яна мусіць адказаць за сваю хлусьню, у нас ёсьць доказы».

Суд на сёньня прыпынены, перапынак абвешчаны да 10 гадзінаў раніцы 20 сьнежня.

16:29 19.12.2017

Падсудны параўнаў «справу Regnum» са «справай патрыётаў»

Шыптэнка перакананы, што сьледчыя не даказалі ў ягоных дзеяньнях злачыннай задумы: «З майго боку была толькі рэалізацыя свабоды слова, якую гарантуе Канстытуцыя Беларусі».

Ён спасылаецца на тое, што бяз доказу матыву нібыта немагчыма даказаць склад злачынства.

У сваёй прамове Шыптэнка мімаходзь згадаў, як яго затрымлівалі: у кватэру, кажа ён, «уварваліся шмат сілавікоў са зброяй, паграмілі, арыштавалі». Судзьдзя просіць перайсьці бліжэй да тэмы. Шыптэнка працягвае:

«Магчыма, згадваньне пэўных фактаў і прозьвішчаў падзейнічала і нас ды нашы сем’і вырашылі пакараць. Маўляў, «паглядзіце, як мы можам з вамі зрабіць. Можам, як зь „Белым легіёнам“, а можам неяк інакш».

Ён таксама заявіў, што абвінавачаньне цалкам супярэчыць таму, чым ён займаўся да 2016 году. Кажа: «Цягам 20 гадоў усё рабіў для аднаўленьня сувязяў народаў Расеі і Беларусі, за інтэграцыю», а тут «сеў і падумаў: „А што б мне зрабіць, каб распаліць варожасьць?“ — і прыдумаў». Ён перапытаў, ці гэтак яго абвінавачваюць.

15:50 19.12.2017

Шыптэнку не спадабаліся ТВ-рэпартажы пра суд. «З нас хочуць зрабіць „агмень крамлёўскай прапаганды“»

Падсудны Шыптэнка ў судзе выказаў пратэст: маўляў, «дзяржпрапагандысцкія» тэлеканалы далі рэпартаж пра гэты суд, зьневажалі падсудных. Таксама ён заявіў: «З нас хочуць зрабіць агмень крамлёўскай прапаганды, але ня могуць гэтага абгрунтаваць».

Ён папрасіў суд абараніць яго ад гэтага і не дапускаць гэтыя мэдыя на суд. Судзьдзя Ігар Любавіцкі патлумачыў падсуднаму Шыптэнку, што працэс адкрыты і хто з журналістаў хоча, той прыходзіць на працэс, а здымкі ў часе працэсу забаранілі для ўсіх.

«Такім чынам, вы ня можаце нас абараніць», — заявіў Шыптэнка.

Шыптэнка не прызнае віны ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Наконт грошай, якія яму ставяць у віну (больш за 20 тысяч рублёў), Шыптэнка патлумачыў, што і свой асабісты заробак ён траціў на патрэбы часопісу «Новая эканоміка», які рэдагаваў, а аўтарскага ганарару не атрымліваў. Некаторыя грошы, як ён сьцьвярджае, зьвязаныя з асабістымі пазыкамі і вяртаньнем пазыкаў, а сьледзтва залічыла іх у прыбытак.

Шыптэнку ставяць ў віну артыкулы пад імем «Артура Грыгор’ева», пры гэтым ён мяркуе, што сьледзтва не змагло даказаць, што «Артур Грыгор’еў» і ён — адна і тая ж асоба.

Паводле яго, арганізатары працэсу «застаюцца ў цені» — і яны «хочуць выставіць нашае беларускае грамадзтва дзікунамі, якія ня могуць на нармальных дыскусійных пляцоўках абмяркоўваць набалелыя праблемы».

15:25 19.12.2017

Шыптэнка: «Сёньня тут судзяць вальнадумства»

Закончыўся допыт Паўлаўца, пачаў даваць паказаньні Сяргей Шыптэнка. Ён адразу назваў справу «палітычна матываванай і няпростай»:

«Крымінальная справа сымптаматычная, паказвае на сымптаматыку нашага грамадзтва. Сёньня тут судзяць вальнадумства».

Пра абвінавачаньне сказаў, што яно дзіўнае:

«Нам прапануюць выказацца пра тое, што я думаю наконт таго, што я не вярблюд».

15:06 19.12.2017

«Мяркую, называць беларусаў штучна сфармаванай нацыяй бессэнсоўна, бо яны яшчэ фармуюцца як нацыя, калі цытаваць Уладзімера Макея», — сказаў Паўлавец.

14:21 19.12.2017

Паўлавец атрымліваў грошы з Расеі як «аналітык»

Паўлавец кажа пра грошы, якія атрымаў у сакавіку 2016 году з Расеі. 30 тысяч расейскіх рублёў былі не ганарарам за артыкулы, а платаю за аналітычную працу як дасьледніка — для нейкага фонду. Падсудны дакладна ня памятае, як гэта было аформлена. Сказаў, што такіх прыкладаў было шмат. Але сьледзтва ягоныя тлумачэньні праігнаравала. «Гэта яшчэ раз даказвае, што сьледзтва было перадузятым».

Паўлавец прызнаў, што не валодае журналісцкімі здольнасьцямі, ягоныя аўтарскія загалоўкі не заўсёды выкарыстоўвалі рэдактары Regnum, якія маглі паставіць свае загалоўкі — «больш кідкія».

Паўтарыў, што намеру распальваць міжнацыянальную варожасьць ня меў. Абвінавачваньне ў гэтым назваў «нонсэнсам»: «Абвінавачваць у гэтым гісторыка і палітоляга — глупства». Дадаў, што ніколі не імкнуўся фармаваць варожасьць да беларусаў як да іншай групы: «У мяне насамрэч было нестрыманае жаданьне прадухіліць пагаршэньне адносінаў паміж беларусамі і расейцамі»:

«Я не называю беларусаў „рускімі са знакам якасьці“».

14:14 19.12.2017

Працэс аднавіўся пасьля перапынку.

У залі яшчэ менш людзей, чым было да абеду — заля запоўненая на трэць. Ёсьць бацька Алімкіна, маці Паўлаўца, да 10 чалавек аднадумцаў падсудных. З праваабаронцаў — Павал Сапелка.

12:53 19.12.2017

На працэсе перапынак да 14 гадзін.

12:53 19.12.2017

Гэта ня толькі ганарары

Паўлавец ня згодны з інкрымінаванай яму сумай незаконна атрыманых даходаў — каля 40 тысяч рублёў. «Мне маглі пералічваць ня толькі ганарары, але і проста дапамогу».

12:52 19.12.2017

«Я не лічу беларускую мову мёртвай»

«Прыніжэньне значнасьці беларускай мовы, якое мне прыпісваюць, — гэта трызьненьне», — кажа Паўлавец.

Паводле яго, нацыянальная самаіндэнтыфікацыя беларусаў адбываецца ў тым ліку і таму, што яны ведаюць беларускую мову, хоць у побыце ёй і не карыстаюцца. «Я не лічу беларускую мову мёртвай». (Цікава, што Алімкін, які сядзіць з Паўлаўцом побач у клетцы, якраз гэтак лічыць.)

12:50 19.12.2017

Паўлавец цьвердзіць, што зь ягонага артыкулу сьледчыя вырвалі вялікі кавалак, каб прадэманстраваць тое, што ім было патрэбна для абвінавачаньня, а экспэрты падмяняюць тэрміны і паняцьці.

12:49 19.12.2017

Пра забарону георгіеўскіх стужак

Паўлавец пункт за пунктам праходзіць па абвінавачаньні, якое яму выставілі паводле 130-га артыкулу — за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці.

«У 2014 годзе ў Беларусі забаранілі насіць георгіеўскія стужкі. Ці гэта ня праўда? Праўда», — згадвае Паўлавец. «Так, я пішу, што інтарэсы беларускай апазыцыі і ўлады супалі».

12:22 19.12.2017

«Чаму крытыка дзяржаўнай палітыкі тлумачыцца як зьнявага беларускага народу?»

«Мае артыкулы ня ёсьць артыкуламі, якія нешта сьцьвярджаюць і на нешта нацэльваюць. Гэта мой аналіз таго, што адбываецца, бо я гісторык і валодаю пэўнай мэтадалёгіяй», — сказаў суду Паўлавец. «Не магу зразумець, чаму мая крытыка дзяржаўнай палітыкі тлумачыцца як зьнявага беларускага народу».

12:18 19.12.2017

«Грошы былі патрэбныя — на 300 даляраў заробку з жонкай і дзіцём пражыць цяжка»

Паўлавец узгадаў, што пазнаёміўся зь Юрыем Баранчыкам на нейкім сэмінары, і той прапанаваў яму напісаць для Regnum артыкулы. «Грошы мне былі патрэбныя — на 300 даляраў заробку выкладчыка з жонкай і дзіцём пражыць цяжка — і пагадзіўся».

Атрымліваў прыкладна па 50 даляраў за тэкст, але «часам не плацілі». Паводле Паўлаўца, цягам апошніх 2 гадоў з Баранчыкам ён больш не кантактаваў: «Яго ў маім жыцьці ўвогуле не было».

«Я атрымліваў аўтарскія ганарары, не заключаючы нейкіх дамоваў. Але не магу дакладна сказаць, ці атрымліваў грошы за пэўны артыкул. Пэўная частка артыкулаў магла быць увогуле неаплочанай», — сказаў Паўлавец пра плату за свае артыкулы.

12:12 19.12.2017

«Не пісаў на замову»

Паўлавец кажа, што не пісаў сваіх артыкулаў на нейкую замову. «Я нават не чытаў іх потым, калі яны недзе выходзілі, толькі калі выпадкова на іх трапляў». Назваў Ігара Паўлоўскага з Regnum, зь якім кантактаваў, ды яшчэ некаторых, але сказаў, што ад іх замоваў не атрымліваў. «Схема была простай: бачыш нейкую цікавую падзею, пішаш пра яе і шлеш, а што будзе потым — невядома».

Паўлавец настойвае на тым, што ніякіх нэгатыўных наступстваў ад ягоных артыкулаў няма, пра гэта нідзе не сказана ў матэрыялах справы. «Цікава, што экспэрт напісаў пра наступствы, што яны «могуць» узьнікнуць, а сьледчы ўжо напісаў, што артыкулы «выклікаюць нэгатыўныя наступствы».

12:02 19.12.2017

Распрацоўнік ідэалёгіі беларускай дзяржавы

Юры Паўлавец пералічыў свае навуковыя дасягненьні, назваўся гісторыкам, кандыдатам навук, выкладчыкам, распрацоўнікам ідэалёгіі беларускай дзяржавы.

Да арышту займаўся публіцыстыкай больш за 5 гадоў. Згадаў, што ягоныя артыкулы былі ня толькі на сайце Regnum, але і на іншых. Прывёў прыклад, што быў аўтарам і «Советской Белоруссии» ды атрымліваў за гэта ганарар. Працаваў без дамовы.

«Я нідзе не хаваўся», — сказаў Паўлавец.

Пад псэўданімам „Николай Радов“ ягоны артыкул, які зьявіўся на Regnum, быў перадрукаваны на першай паласе «Советской Белоруссии».

11:57 19.12.2017

Допыт Алімкіна скончаны, суд пачынае допыт Юрыя Паўлаўца. Той пагадзіўся даваць паказаньні.

Сказаў, што спачатку хоча выказацца пра тое, што тут адбываецца.

«Паўтараю, што я ўсё ж зьяўляюся беларусам і спадзяюся, што ім і застануся. Мая жонка — украінка, маці — руская, бацька — беларус. Мая сям’я — узор у пэўным сэнсе», — сказаў Паўлавец.

Юры Паўлавец. 18 сьнежня 2017 году
Юры Паўлавец. 18 сьнежня 2017 году

11:54 19.12.2017

Пра «неістотныя дасягненьні» незалежнай Беларусі

Шыптэнка спытаў у Алімкіна, ці адмаўляе ён, што ў незалежнай Беларусі ёсьць дасягненьні. «Некаторыя дасягненьні ёсьць. Але неістотныя», — адказаў Алімкін і пачаў тлумачыць.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG