Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень другі

У Менскім гарадзкім судзе працягваецца працэс у справе трох аўтараў інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Яны ўжо адбылі год у СІЗА КДБ. Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу. Праваабаронцы не выключаюць, што па выніках працэсу аўтараў Regnum давядзецца прызнаць палітычнымі вязьнямі.

Першы дзень суду адбыўся 18 сьнежня.

У Менску судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень першы

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

10:10 19.12.2017

Напярэдадні суд пастанавіў пачаць судовае сьледзтва з допыту падсудных, хаця яны казалі, што хацелі б спачатку выслухаць экспэртаў, якія рабілі экспэртнае заключэньне аб іхных артыкулах.

10:11 19.12.2017

У судовай залі сёньня удвая менш людзей, чым учора, калі працэс пачаўся.

10:12 19.12.2017

Суд аднавіўся

Суд абвясьціў, што зараз у якасьці сведкі будзе выкліканы Аляксей Шыптэнка, бацька Сяргея Шыптэнкі. Аляксей Шыптэнка просіць дапытаць яго, бо мусіць зьехаць, суд задаволіў ягоную просьбу.

10:17 19.12.2017

Бацька Шыптэнкі адмовіўся ад паказаньняў

Аляксей Шыптэнка нарадзіўся ва Ўкраіне, цяпер жыве ў Менску. Іншых абвінавачаных ён ня ведае.

«Я хачу скарыстацца магчымасьцю не даваць паказаньні супраць сына», — заявіў суду Аляксей Шыптэнка.

Суд спытаў яго, ці хоча ён сказаць нешта пра сына. Сьведка сказаў адно: «Я ганаруся, што маю такога сына».

10:20 19.12.2017

Пачаўся допыт Алімкіна

Суд зьвярнуўся да падсуднага Алімкіна, ці згодны ён даваць паказаньні. Той пагадзіўся.

Дзьмітры Алімкін сказаў, што ён паводле адукацыі інжынэр-мэханік, эканаміст-мэнэджар, а ў мэдыя ніколі не працаваў.

«Я рыхтаваў тэксты аб сытуацыі ў Беларусі і адпраўляў Юрыю Баранчыку, рэдактару Regnum. Зь ім асабіста ніколі не сустракаўся. Ведаю пра Regnum, што гэта фэдэральнае СМІ, зарэгістраванае. Кантактавалі праз электронную пошту і скайп».

Дзьмітры Алімкін
Дзьмітры Алімкін

Пра Паўлаўца і Шыптэнку сказаў, што раней іх ня ведаў, пазнаёміўся на сьледзтве.

Алімкін пра сваю пазыцыю заявіў: «Я — блогер, я не журналіст. Спачатку выстаўляў свае тэксты сам у ЖЖ, у інтэрнэце, ніхто мне грошы за гэта не плаціў».

10:29 19.12.2017

Алімкін распавёў, як пазнаёміўся з Баранчыкам

Падсудны Алімкін расказаў, што зь Юрыем Баранчыкам пазнаёміўся праз інтэрнэт, выявілася, што яны аднадумцы.

«Мы абмяркоўвалі артыкул, у якім было напісана, што ў Беларусі ўсё добра. Пачалі спрачацца з расейцамі, якія так думалі, і высьветлілі, што мы — аднадумцы. Гэтак пазнаёміліся. Ён прапанаваў мне напісаць тэкст. Спачатку на ягоны сайт, потым ён пачаў разьмяшчаць мае тэксты на Regnum».

10:37 19.12.2017

Колькі плацілі?

Алімкін сказаў, што плацілі за тэкст каля 50 даляраў. За першы не заплацілі, а потым дамовіліся і пачалі плаціць. Атрымліваў нячаста, прыкладна штомесяц.

«Грошы прыходзілі ў банк на маё імя». Усяго надрукавалі недзе 45 ягоных артыкулаў. Пра што пісаў? «Пра тое, што адбываецца ў Беларусі, маё меркаваньне. Тое, што я бачыў».

Паводле Алімкіна, ягоныя тэксты рэдагавалі і падпісвалі іншымі імёнамі, якія зь ім не ўзгаднялі. У тым ліку пад імем Ала Бронь. Сказаў, што прынамсі тройчы бачыў гэты подпіс пад чужымі артыкуламі. «На гэтым прозьвішчы настойваў Юры Баранчык», — сказаў падсудны Дзьмітры Алімкін.

Дзьмітры Алімкін. Фота 18 сьнежня 2017 году
Дзьмітры Алімкін. Фота 18 сьнежня 2017 году

«Я хацеў данесьці да аўдыторыі пэўныя думкі, а як будуць падпісаныя тэксты, мне ўсё роўна. Асноўная тэматыка была пра тое, што ў Беларусі адбываецца нешта дрэннае, а расейцы гэтага не заўважаюць. Што? Распальваньне нацыяналізму — у чым мяне цяпер абвінавачваюць».

Паводле Алімкіна, гэтых тэкстаў ён ня мог бы надрукаваць у Беларусі, бо беларускія мэдыі «пра такое ня пішуць».

10:41 19.12.2017

Рэдактары думак Алімкіна не скажалі

Алімкін распавёў, што ягоныя тэксты рэдагавалі, ставілі пэўныя загалоўкі і падзагалоўкі ў адпаведнасьці з фарматам Regnum, але думак ягоных збольшага не скажалі.

Пракурор Кароль спытаў у падсуднага, чаму ў ягоных тэкстах Беларусь называлася «Белоруссией» — гэта была праўка ці ён так сам пісаў? Алімкін сказаў, што па-расейску будзе дакладна «Белоруссия», таму ён так і пісаў.

10:44 19.12.2017

Пра перасьлед беларусафобаў

«Тое, што ў Беларусі ёсьць беларусафобы, — не навіна. Навіна ў тым, што беларусафобаў у Беларусі стала перасьледаваць дзяржава. Пра гэта я і пісаў. Што пацьвярджае і нашае знаходжаньне тут», — сказаў Алімкін.

На пытаньне адваката, ці атрымліваў ён ад Баранчыка як рэдактара загад на апісаньне пэўных тэмаў, Алімкін адказаў, што не, не атрымліваў.

10:50 19.12.2017

Алімкін пра суд: Аналяг працэсу над малпамі

Падсудны Алімкін пра абвінавачаньне сказаў:

"Тое, што піша пракуратура, дзяржава — гэта сьмешна. Аналяг працэсу над малпамі. Мае артыкулы — проста мае меркаваньні. Хочаце чытайце, хочаце — не. Гэтак весьці дыскусію немагчыма, калі другі бок далучае рэсурсы дзяржавы, замест таго каб весьці дыскусію", — мяркуе Алімкін.

11:13 19.12.2017

Пра грошы, атрыманыя за артыкулы

Алімкін сказаў, што дакладна ня памятае, ці атрымліваў грошы менавіта за артыкулы. «Плацілі — добра. Не плацілі — ну нічога».

Пра крыніцы, адкуль грошы браў Баранчык, Алімкін сказаў, што, пэўна, гэта грошы ад Regnum, дзе той працаваў.

11:15 19.12.2017

Пра новае абвінавачваньне

У жніўні 2016 году Алімкіну выставілі новае абвінавачаньне, якое ён захацеў цяпер пракамэнтаваць. Працытаваў пункт, дзе ідзецца пра «прымусовую беларусізацыю» — што ён так мяркуе.

«Але чаму ў абвінавачаньні знаходзяцца спасылкі на мае меркаваньні? Так, я гэтак мяркую. А дзе пра злачынства што дастаў нож, забіў таго ці таго?»

11:18 19.12.2017

Алімкін кажа пра абвінавачаньне, што ў ім часткова «парушаная лёгіка».

«Сьцьвярджаецца, што я адмаўляю ў існаваньні беларускай нацыі, дык як тады я магу ўзбуджаць варожасьць да таго, чаго няма?»

11:20 19.12.2017

Пра варожасьць Захаду

Алімкін мяркуе, што палякі ставяцца варожа да Расеі: «Гэтага і даказваць ня трэба, гэта клінічны факт што палякі ставяцца варожа да Расеі».

«А камусьці невядома, што на Захадзе ўсяляк дэманструюць сваё першынство над беларусамі і славянамі? Усім гэта вядома».

11:21 19.12.2017

Пра стаўленьне да Сталіна

Алімкін сказаў, што ацэньвае нацыянальную палітыку Сталіна больш станоўча, чым экспэрты, якія мяркуюць, «што ўсе беларусы адмоўна ставяцца да нацыянальнай палітыкі Сталіна» . На якой падставе экспэрт закрэсьліў маё меркаваньне? абураецца Алімкін.

11:24 19.12.2017

Пра «нізкія мастацкія якасьці» беларускай літаратуры

Алімкін паўтарыў сваё меркаваньне пра беларускую літаратуру:

«Каштоўнасьць беларускай літаратуры толькі ў тым, што яна напісаная па-беларуску, а яе мастацкія якасьці — надта нізкія». Абураецца, што гэта яму паставілі ў віну: «Дык гэта ж маё меркаваньне! А ў экспэртаў іншае».

11:26 19.12.2017

Пра беларускую мову і «штучна створаную» нацыю

Пытаньне пра тое, ці ёсьць беларуская мова мовай ці дыялектам, назваў дыскусійным. «Нічога зьневажальнага ў гэтым для беларусаў няма».

«Тое самае і наконт штучнасьці стварэньня нацыі. Італьянская нацыя, француская нацыя створаныя штучна, гэта прызнаецца, але што тут дрэннага?»

Алімкін пярэчыць, што заклікаў «не аддаваць дзяцей у беларускамоўныя дзіцячыя садкі». Аднак настойвае на тым, што навучаньне дзяцей у беларускамоўных садках прывядзе да дрэннага ўзроўню іхнай расейскай мовы. «Пра гэта забаронена казаць? Чаму?»

11:47 19.12.2017

Алімкін пагадзіўся, што разьлічваў на прачытаньне ягоных артыкулаў «непадрыхтаванай» аўдыторыяй, як сьцьвярджае абвінавачваньне. «Каюся, так, але я ня ведаў, што гэта злачынства», — тон у Алімкіна напаўжартаўлівы.

11:53 19.12.2017

Пра суд як перасьлед за палітычныя меркаваньні

Пытаньні Алімкіну пачаў задаваць падсудны Шыптэнка. З Алімкіным ён на «ты». «У нас у турме гэтак прынята».

«Уся гэтая справа ёсьць перасьледам за палітычныя меркаваньні. Гэта робіць улада, а больш жорстка — дыктатура», — так Алімкін адказаў на пытаньне Шыптэнкі, што ён думае пра гэты працэс.

11:54 19.12.2017

Пра «неістотныя дасягненьні» незалежнай Беларусі

Шыптэнка спытаў у Алімкіна, ці адмаўляе ён, што ў незалежнай Беларусі ёсьць дасягненьні. «Некаторыя дасягненьні ёсьць. Але неістотныя», — адказаў Алімкін і пачаў тлумачыць.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG