Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень першы

У Менскім гарадзкім судзе 18 сьнежня пачаўся працэс у справе аўтараў пракрамлёўскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Свабода вяла жывую тэкставую трансьляцыю.


Коратка

На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Яны ўжо адбылі год у СІЗА КДБ. Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу. Праваабаронцы не выключаюць, што па выніках працэсу аўтараў Regnum давядзецца прызнаць палітвязьнямі.

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

20:42 18.12.2017

Даведка Свабоды: У адрозьненьне ад Беларусі, напрыклад, у Казахстане артыкул КК «аб распальваньні міжнацыянальнай варожасьці» ужываецца адносна часта.

У сакавіку 2015 году Алатаўскі раёны суд асудзіў жыхарку Алматы Тацяну Шаўцову-Валаву да 4 гадоў пазбаўленьня волі ўмоўна. Яна была абвінавачаная ў разьмяшчэньні у Фэйсбуку матэрыялаў, якія распальваюць міжнацыянальную варожасьць.

У ліпені 2015 году грамадзянін Казахстану, жыхар гораду Петрапаўлаўску А.Алханашвілі быў асуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі. Ён быў абвінавачаны ў распаўсюдзе ў сацыяльных сетках матэрыялаў, якія зьневажаюць нацыянальныя пачуцьці іншых этнасаў. Як адзначалася ў абвінавачваньні, матэрыялы тычыліся як расейскамоўнага насельніцтва, гэтак і мусульманаў.

11 сьнежня Курдайскі раённы суд Джамбульскай вобласьці асудзіў блогера Ермека Тайчыбекава за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці да 4 гадоў турмы.

У сьнежні 2016 году да 5.5 гадоў пазбаўленьня волі быў асуджаны Ігар Чупрын, грамадзянін Казахстану, жыхар Петрапаўлаўску. Ён быў абвінавачаны ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці і закліках далучыцца да Расеі.

Сёлета ў лістападзе, ізноў жа ў Петрапаўлаўску, быў асуджаны да двух гадоў пазбаўленьня волі Сяргей Хандогін. Паводле вэрсіі сьледзтва, ён у сацыяльнай сетцы «Одноклассники» разьмяшчаў нататкі, якія «скажаюць гістарычныя факты», і камэнтары з «нэгатыўнымі выказваньнямі ў дачыненьні да асобаў казаскай нацыянальнасьці».

17:28 18.12.2017

Падзеі судовага дня падсумоўвае Валянцін Стэфановіч

«Так, часам выказваньні аўтараў „Рэгнума“, якія прагучалі ў судзе, былі даволі жорсткімі, асабліва тыя, якія, паводле сьледзтва, рабіў Алімкін. Але цяжка ўявіць, як празь іх можна даказаць распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. На маю думку, гэта выказваньне пэўных меркаваньняў, хоць і тых, зь якімі асабіста я не магу пагадзіцца», — сказаў праваабаронца «Вясны».

Валянцін Стэфановіч ня ўбачыў пакуль доказаў таго, што падсудныя Паўлавец і Шыптэнка празь незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць, як мяркуе сьледзтва, атрымалі незаконныя вялікія прыбыткі.

«Пакуль можна бачыць, што людзі працавалі як журналісты і за гэта атрымлівалі аўтарскія ганарары», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Ягоны калега, юрыст «Вясны» Алег Агееў адзначыў, што суд ужо сутыкнуўся з пэўнымі цяжкасьцямі ў вядзеньні працэсу.

«Нагадаю, што падсудныя адмовіліся даваць паказаньні да таго, як выступяць экспэрты, на падставе заключэньня якіх і была распачатая гэтая справа. Але суд з гэтым чамусьці не палічыўся, што супярэчыць закону, і пастанавіў заўтра пачаць менавіта з допыту падсудных. Складаная сытуацыя! І што суд будзе рабіць, калі яны заўтра зноў адмовяцца?»

Паводле назіральніка, паказаньні экспэртаў могуць быць супярэчлівымі, што ўскладніць абвінавачваньню доказ віны падсудных — Юрыя Паўлаўца, Дзьмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыптэнкі.

17:14 18.12.2017

Галіна Рыгораўна, цешча Дзьмітрыя Алімкіна: «Што тут камэнтаваць? Як у выразе „караць нельга памілаваць“ — стаўце кропку дзе хочаце. Дык і тут дзе захочуць, гэтак і паставяць».

«Тое, што я пачула ў абвінавачаньні — гэта толькі на іх думку. Дзе доказы таго, што іх словы прывялі да нейкіх наступстваў? Дзе тыя праявы варожасьці, пра якія казаў пракурор? Усё бяздоказна».

Галіна Рыгораўна падкрэсьліла, што зяць мае тры вышэйшыя адукацыі. Але прызнала, што сама спрачалася зь ім часам наконт беларускай мовы.

«Ён з сынам намучыўся, калі дапамагаў яму рабіць урокі па беларускай мове. Можа, таму такое стаўленьне?» — кажа жанчына.

На пытаньне, чаму сам не валодаў мовай, адказала, што не вывучаў — паводле закону меў такую магчымасьць.

«Гэта цяпер мы можам па-беларуску вольна з вамі гаварыць, а раней гэтага цураліся, гаворку і акцэнт хавалі. У яго дзед быў пракурорам у Берасьці, ён з такой сям’і, дзе беларускай ня ведалі», — сказала Галіна Рыгораўна.

Сама жанчына размаўляла з журналістам Свабоды па-беларуску, прычым на вельмі добрай мове. Яшчэ цешча Дзьмітрыя Алімкіна дадала, што за год за кратамі ў яго пагоршала здароўе, і цяпер усе сваякі за яго вельмі непакояцца.

16:25 18.12.2017

Працэс працягнецца 19 сьнежня а 10-й гадзіне.

Суд пастанасіў пачаць судовае сьледзтва з допыту падсудных, а потым выслухаць сьведак, экспэртаў і вывучыць пісьмовыя доказы

Загрузіць яшчэ

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG