Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску судзяць аўтараў расейскага сайту Regnum. Дзень першы

У Менскім гарадзкім судзе 18 сьнежня пачаўся працэс у справе аўтараў пракрамлёўскага інтэрнэт-рэсурсу Regnum, якіх вінавацяць у распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Свабода вяла жывую тэкставую трансьляцыю.

На лаве падсудных грамадзяне Беларусі Юры Паўлавец, Дзьмітры Алімкін і Сяргей Шыптэнка. Паўлаўцу і Шыптэнку таксама выстаўленае абвінавачаньне ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці. Абвінавачаным пагражае да 12 гадоў зьняволеньня. Яны ўжо адбылі год у СІЗА КДБ. Яшчэ адзін фігурант справы, шэф-рэдактар Regnum Юры Баранчык, на запыт беларускага боку быў затрыманы ў сакавіку 2017 году ў Маскве, але неўзабаве яго вызвалілі. На Баранчыка завялі асобную справу. Праваабаронцы не выключаюць, што па выніках працэсу аўтараў Regnum давядзецца прызнаць палітвязьнямі.

Што вядома пра фігурантаў справы Regnum

Зачытваюць звароты з Расеі пра «невінаватасьць» падсудных

Судзьдзя зачытвае дакумэнты з Расеі, у тым ліку зь Дзярждумы, дзе сказана пра невінаватасьць падсудных, адсутнасьць законых падставаў для іх арышту. Таксама судзьдзя зачытвае скаргу Шыптэнкі, накіраваную з «Валадаркі», на адказ, які ён атрымаў зь Міністэрства адукацыі.

Паўлавец удае, што сьпіць

Пасудны Паўлавец у клетцы дэманстрацыйна паклаў галаву на рукі, нібыта сьпіць седзячы. Ахоўнікі ня робяць яму заўваг.

Паўлаўца пакінулі пад вартай

Пасьля 40-хвіліннага перапынку суд адмовіў адвакату Паўлаўца ў зьмене для яго меры стрыманьня. Такім чынам Юры Паўлавец застаўся пад вартай, у судзе яго па-ранейшаму будуць трымаць у жалезнай клетцы.

Суд выйшаў, каб вырашыць, ці задавальняць хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня для Паўлаўца.

Абарона Паўлаўца хоча вызваліць падсуднага з-пад варты

Адвакат Паўлаўца Крысьціна Марчук хадайнічае, каб яму зьмянілі меру стрыманьня. Паводле абаронцы, Юрыя Паўлаўца ўтрымліваюць ужо год пад вартай незаконна.

«Кожная з цытат, якія інкрымінуюць Паўлаўцу, ёсьць у афіцыйных крыніцах. Гэта надуманае абвінавачаньне».

Пракурор супраць таго, каб мянялі меру стрыманьня: «Ня бачу падставаў для зьмены меры стрыманьня».

Судзьдзя не задаволіў большасьць хадайніцтваў пра выклік спэцыялістаў

Судзьдзя параіўся з засядальнікамі і вырашыў: задаводіць хадайніцтва часткова. Падатковага Інспэктара Дудко выклікаць як сьведку, а сябраў камісіі, у тым ліку Матусевіча — не, Карчынскага і Бендзіна — таксама не выклікаць як спэцыялістаў.

Пракурор супраць

Пракурор Аляксандар Кароль выказаўся супраць іх далучэньня як спэцыялістаў, тое самае і адносна сябраў Рэспубліканскай экспэртнай камісіі пры Мінінфарме. Да адвакаткі падсуднага Шыптэнкі далучылася адвакатка Паўлаўца, якая таксама мяркуе, што «да гэтых людзей вельмі шмат пытаньняў. Яны сталі ініцыятарамі крымінальнай справы».

Пракурор
Пракурор

Новыя хадайніцтвы адвакаткі Шыптэнкі

Пасьля гэтага адвакат Ігнаценка папрасіла выклікаць у якасьці сьведак экспэртаў, якія рабілі экспэртызу артыкулаў падсудных і сябраў экспэртнай рэспубліканскай камісіі.

«Мяркую, усе гэтыя асобы мусяць патлумачыць, як сфарміравалася агульнае меркаваньне, пасьля якога было прынятае рашэньне аб завядзеньні крымінальнай справы», — сказала адвакат.

Ад яе ў тым ліку прагучала прозьвішча сябра камісіі Матусевіча. Яшчэ адвакат просіць выклікаць як сьведку падатковага інспэктара Дудко.

Таксама адвакат назвала навукоўцаў Карчыцкага і Бендзіна, якіх просіць выклікаць і выслухаць як спэцыялістаў. Бендзін — гісторык, які мае ўзнагароды ад Расейскай праваслаўнай царквы.

Суд задаволіў хадайніцтвы адвакатаў і далучыў усе дакумэнты да справы. У тым ліку ня супраць быў пракурор.

У залі суду
У залі суду

Трэцяе хадайніцтва адвакаткі Шыптэнкі — эканамічнае

Таксама адвакат Ігнаценка просіць далучыць да матэрыялаў фінансавыя дакумэнты аб заробку Шыптэнкі ў часопісе «Новая эканоміка», які ён рэдагаваў. Адвакатка мяркуе, што сьледзтва наўмысна «нацягнула» гэтыя сумы, каб забясьпечыць склад злачынства аб незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасьці.

«Сума не нацягваецца, каб быў склад злачынства ў эканамічнай сфэры, але на нашы пытаньні да сьледчых адказаў не было», — абгрунтавала сваё хадайніцтва адвакат Ігнаценка.

Адвакат хоча далучыць да справы расейскую экспэртызу

Адвакат Шыптэнкі заявіла хадайніцтва аб далучэньні да матэлыялаў справы адказ Раскамнагляду (Расея) адносна публікацый падсудных, ці ёсьць у іх прыкметы экстрэмізму? Адказ быў адмоўны — што прыкметаў экстрэмізму няма. Адвакат згадала, як раней міністар інфармацыі і друку Лілія Ананіч у інтэрвію казала, што нібыта расейскія калегі таксама знайшлі ў публікацыях падсудных прыкметы экстрэмізму. «Таму вельмі важна, каб гэты адказ Раскамнагляду, што прыкметаў няма, быў у справе», — адвакат.

Таксама адвакат просіць далучыць да матэрыялаў справы адказ з музэю, дзе сказана, што бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» выкарыстоўваліся падчас акупацыі і вайны калябарацыянісцкімі арганізацыямі на тэрыторыі Беларусі.

Паўлавец — грамадзянін Беларусі

Падсудны Юры Паўлавец пра грамадзянства сказаў, што ён — грамадзянін Рэспублікі Беларусь, пад вартай з 6 сьнежня 2016 году. Перад судом канчатковую копію абвінавачаньня атрымаў 22 лістапада.

Юры Паўлавец
Юры Паўлавец

Пасудны Шыптэнка назваўся грамадзянінам СССР

Судзьдзя пачаў удакладняць асабістыя зьвесткі абвінавачаных. Пачаў зь Дзьмітрыя Алімкіна. Той паведаміў, што з 6 сьнежня 2016 году знаходзіцца пад вартай. Алімкін сказаў пра працу, што да арышту звольніўся. Сказаў, што азнаёміўся са справай нібыта ня цалкам. «Кажуць, што 17-ы том зьявіўся, яго ня бачыў».

Дзьмітры Алімкін
Дзьмітры Алімкін

Сяргей Шыптэнка назваўся грамадзянінам СССР і сказаў, што пражывае ў ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Шыптэнка знаходзіцца пад вартай зь 9 сьнежня 2016 году. Сказаў, што з усімі пісьмовымі дакумэнтамі справы азнаёміўся.

Сяргей Шыптэнка
Сяргей Шыптэнка

Працэс пачаўся

Судзьдзя Ігар Любавіцкі забараніў фота- і відэаздымкі.

На суд прыйшоў Андрэй Бастунец, старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў. Ужо ў зале каля 80 чалавек.

Бухвостаў прыйшоў на суд

Сярод аднадумцаў падсудных аўтараў Рэгнуму — збольшага людзі сівыя, сталага веку. Зь вядомых асобаў — толькі Аляксандар Бухвостаў, парфсаюзны дзяяч. Прыйшоў назіраць за працэсам Валянцін Стэфановіч зь «Вясны».

Аўтары Regnum — у жалезнай клетцы

Рэгнумаўцаў трымаюць у жалезнай клетцы. Яны размаўляюць з адвакатамі. Бледныя твары, але ўсьміхаюцца. Замучанымі не выглядаюць. Пакуль заля запоўненая напалову. Сваякі ў асноўным сталага веку, аднадумцаў можна пазнаць па тым, што трымаюцца групамі.

Сабралася каля 30 чалавек

У судзе прынятыя захады бясьпекі. Усіх прапускаюць праз рамку мэталашукальніка. Сабралася чалавек 30. Прыйшлі абаронцы падсудных.

XS
SM
MD
LG