Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі транзыт». У Расеі зноў працягнулі арышт украінцу Паўлу Грыбу


Павал Грыб. Фота са сторонкі Let My People Go Ukraine у Facebook.

Суд у Краснадары падоўжыў арышт украінцу Паўлу Грыбу да 4 сакавіка. Абарона ўжо заявіла, што будзе аспрэчваць прысуд.

Міністэрства замежных спраў Украіны запатрабавала неадкладна вызваліць арыштаванага.

«Сёньня ў Расеі зноў незаконна працягнулі арышт Паўлу Грыбу. Спачатку выкралі, цяпер фабрыкуюць справу. Патрабуем неадкладнага вызваленьня Паўла Грыба», — напісала ў твітэры сьпікер украінскага МЗС Мар’яна Беца.

Раней украінцу ўжо падаўжалі арышт да 4 студзеня.

Грыб абвінавачваецца па 205-м артыкуле КК Расеі — «тэрарызм», якая прадугледжвае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.

Бацька хлопца ўпэўнены, што яго выкралі. Грыб зьнік у канцы жніўня ў Гомелі на тэрыторыі Беларусі, куды прыехаў сустрэцца са знаёмай дзяўчынай-расейкай. Адтуль, па вэрсіі ўкраінскага боку, супрацоўнікі спэцслужбаў вывезьлі яго ў Расею.

Бацька Паўла мяркуе, што прычынай завядзеньня справы маглі стаць пасты ўкраінца ў сацсетках, у якіх той рэзка асуджаў удзел Расеі ў канфлікце ў Данбасе.

Супрацоўнікі консульства Ўкраіны ў Расеі і прадстаўнікі Эўрапейскага суду правоў чалавека неаднаразова спрабавалі дамагчыся таго, каб Паўла ў СІЗА агледзелі ўкраінскія лекары: у юнака прыроджаная хранічная хвароба і яму неабходныя лекі. Аднак напярэдадні лекараў з Украіны ў СІЗА ў Краснадары зноў не пусьцілі. Бацька, спасылаючыся на адваката, які меў кантакты зь яго сынам, кажа, што Павел дрэнна выглядае і мае патрэбу ў мэдычнай дапамозе.

XS
SM
MD
LG