Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна і Беларусь: сябры ці ворагі


Аляксандар Хара.
Аляксандар Хара.

Шпіёнскі скандал, абвінавачваньні ўкраінскага прэзыдэнта ў невыкананьні дамоўленасьцяў... Што ўпусьцілі ўкраінскія палітыкі, уключна з прэзыдэнтам Украіны Пятром Парашэнкам, калі казалі, што Беларусь зьяўляецца надзейным сябрам і хаўрусьнікам Украіны?

Ці можа Ўкраіна зазнаць напад з боку Беларусі, і ці могуць украінскія грамадзяне адчуваць сябе бясьпечна на тэрыторыі суседняй дзяржавы пасьля арыштаў ужо некалькіх украінскіх грамадзянаў і выкраданьня ў Беларусі ўкраінца Паўла Грыба? Пра гэта ў размове супрацоўніцы ўкраінскай Свабоды Марыі Шчур з былым дыпляматам, экспэртам недзяржаўнай арганізацыі «Майдан замежных справаў» Аляксандрам Харам.

— Вядома, цяперашні стан беларуска-ўкраінскіх адносін наўрад ці можна назваць дружалюбным, стратэгічным, як гэта зафіксавана ў нашых дакумэнтах. Хачу нагадаць, што Беларусь была сярод тых краінаў (Расея плюс дзесяць краінаў), якія галасавалі супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны падчас галасаваньня на Генэральнай асамблеі ААН ў 2014 годзе. Беларусь прагаласавала «супраць», калі разглядалася справаздача пра парушэньне правоў чалавека ў акупаваным Крыме літаральна два тыдні таму. Гэта паказвае, што каштоўнасна мы абсалютна на розных полюсах.

Цяперашні стан беларуска-ўкраінскіх адносін наўрад ці можна назваць дружалюбным, стратэгічным, як гэта зафіксавана ў нашых дакумэнтах.

Беларусь зьяўляецца ваенна-палітычным хаўрусьнікам Расеі. І калі мы нават паглядзім у дамову пра стварэньне гэтай дзяржавы (так званай «саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі» — рэд.), то ключавымі задачамі зьяўляюцца ўзгодненая зьнешняя і абаронная палітыка. І ўласна, гэта азначае, што ў канфлікце паміж Расеяй і Ўкраінай Беларусь з пункту гледжаньня права, з пункту гледжаньня ідэалёгіі сутнасьці рэжымаў недэмакратычных як у Беларусі, так і ў Расеі, зьяўляецца хаўрусьнікам Масквы.

Зь іншага боку, вядома, спадар Лукашэнка спрабуе балянсаваць паміж Расеяй і іншымі, і Ўкраіна тут важны фактар. І таму зьяўляюцца ўсе гэтыя запэўніваньні, быццам Беларусь ня будзе выкарыстана як пляцдарм для ажыцьцяўленьня агрэсіі. Вядома, у Беларусі няма такой мэты, як захоп Украіны ці нанясеньне якіх удараў. Але адназначна Беларусь зьяўляецца такой пляцоўкай, у якой працуюць расейскія спэцслужбы, выведка. І зараз з апошніх некалькіх выпадкаў мы бачым, што спэцслужбы Беларусі, яны дагэтуль называюцца КДБ, працуюць на замову і ў каардынацыі з ФСБ супраць украінскіх грамадзян, украінскіх інтарэсаў.

— Гэты шпіёнскі скандал, які разгортваецца наўпрост зараз на нашых вачах, для многіх ва Ўкраіне стала нечаканасьцю на фоне тых вельмі прыязных i добрых адносінаў з Беларусьсю. Я нагадаю, што адбыліся тры сустрэчы на высокім узроўні, апошняя зь іх адбылася ўжо пасьля таго, як з тэрыторыі Беларусі адбылося выкраданьне ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба, якога перадалі расейскім спэцслужбам. Яшчэ адна ўжо адбываецца ў той час, калі абвінавачваюць у шпіянажы ўкраінскага журналіста Паўла Шаройку. Чаму для Ўкраіны гэта аказалася такой нечаканасьцю?

— Нягледзячы на тое, што Беларусь зьяўляецца нашым суседам, з пункту гледжаньня і гісторыі, і культуры зьяўляецца вялікая колькасьць агульных справаў, але інфармацыйная прастора ня так насычана праўдзівай інфармацыяй пра тое, што адбываецца ў Беларусі і што такое сучасны рэжым Лукашэнкі. На жаль, нават тыя абяцаньні, што ўкраінскае тэлебачаньне будзе вяшчаць на тэрыторыю Беларусі, не былі выкананыя беларускім бокам. Але ў нашай інфармацыйнай прасторы ў асноўным прысутнічаюць дзяржаўныя, гэта значыць фактычна кантраляваныя Лукашэнкам, сродкі масавай інфармацыі (зь Беларусі — рэд.). І гэта вялікая праблема, што мы дрэнна ведаем, што адбываецца па пэрымэтры — ня толькі, між іншым, зь Беларусьсю, гэта першы момант.

Другі момант: мне здаецца, ілюзорнае стаўленьне нашага вышэйшага палітычнага кіраўніцтва да Беларусі, вера ў гэтыя запэўніваньні спадара Лукашэнкі ў сяброўскіх адносінах, у тое, што ён спрабуе быць пасярэднікам паміж Украінай і Расеяй у канфлікце, і гэтак далей — гэта ўспрымаецца за чыстую манэту. Гэтыя знакі ўвагі, якія выдае спадар Парашэнка Лукашэнку, калі ён прымае яго ў Кіеве і кажа пра сяброўскія асабістыя адносіны — гэта ўсё ўводзіць у зман украінскае грамадзтва аб сутнасьці рэжыму і пагрозаў, якія гэты рэжым нясе, па-першае, для ўласных грамадзян Беларусі, і па-другое, для Ўкраіны.

— Наколькі Беларусь уяўляе небясьпеку цяпер для Ўкраіны, па-першае, у ваенным пляне — мы бачылі гэтыя сумесныя вучэньні «Захад 2017», — і ў пляне асабістай бясьпекі? Бо, як мы бачылі, ёсьць падставы для таго, каб на тэрыторыі Беларусі ўкраінскія грамадзяне, прынамсі некаторыя зь іх, не маглі адчуваць сябе ў бясьпецы.

— Так, безумоўна. Ўкраінскаму грамадзяніну, які нават не працаваў калісьці ў органах дзяржаўнай улады ці СМІ, пагражае небясьпека страціць свабоду і нават жыцьцё, таму што яны могуць быць выкарыстаныя расейскімі або беларускімі спэцслужбамі для таго, каб зрабіць правакацыі, накіраваныя супраць дзяржавы Ўкраіна.

Ня сам рэжым як такой з пункту гледжаньня ваенных пагроз небясьпечны для нас, а тое, што ён фактычна не кантралюецца нават спадаром Лукашэнкам.

Але зь іншага боку, я зусім не ўпэўнены, што спадар Лукашэнка можа кантраляваць свой сэктар бясьпекі, паколькі ў нас ёсьць сумны вопыт Украіны. Давайце ўспомнім часы Януковіча, калі нашы спэцслужбы і ўзброеныя сілы ўзначальвалі кадравыя афіцэры расейскіх спэцслужбаў, якія працавалі фактычна на інтарэсы Расеі, развальваючы нашы спэцслужбы і ўзброеныя сілы.

На працягу доўгага часу спадар Лукашэнка выкараняў ўсе дэмакратычнае і нацыянальнае, і гэтыя прабелы былі запоўненыя ідэалёгіяй «рускага сьвету». І гэта ёсьць небясьпекай таго, што нават спадар Лукашэнка ў пэўны момант ня зможа выкарыстоўваць уласныя інструмэнты для таго, каб процідзейнічаць магчымай агрэсіі Расеі празь яго тэрыторыю. Гэта значыць, уласна, ня сам рэжым як такой з пункту гледжаньня ваенных пагроз небясьпечны для нас, а тое, што ён фактычна не кантралюецца нават спадаром Лукашэнкам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG