Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вашынгтон занепакоены эскаляцыяй гвалту на ўсходзе Ўкраіны


Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт

Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту Гэзэр Наўэрт заклікала Расею спыніць артылерыйскія і ракетныя атакі на ўкраінскія цывільныя аб’екты.

Адкрываючы ў сераду штодзённы брыфінг для прэсы, прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт выступіла з заявай аб сытуацыі на ўсходзе Ўкраіны, паведамляе «Голас Амэрыкі». Яна выказала занепакоенасьць Злучаных Штатаў абстрэламі жыцьцёва важных аб’ектаў грамадзянскай інфраструктуры, у ліку якіх водаачышчальная станцыя і коксахімічны завод. Яны забясьпечваюць пітной вадой, электрычнасьцю і цяплом прыкладна 345 тысяч чалавек.

«Пагроза водазабесьпячэньню і цэнтральнаму ацяпленьню ў разгары зімы проста не ўкладваецца ў сьвядомасьці, — адзначыла Наўэрт. — Прарасейскія сілы павінны неадкладна адысьці з новых пазыцый і зьняць акружэньне з водаачышчальнай станцыі. Мы зноў заклікаем Расею спыніць артылерыйская і ракетныя атакі на ўкраінскія цывільныя аб’екты і выконваць рэжым спыненьня агню, вызначаны менскімі пагадненьнямі».

Паводле прадстаўніцы Дзярждэпартамэнту, гуманітарная сытуацыя на ўсходзе Ўкраіны дасягнула найгоршага стану за апошнія тры гады і працягвае пагаршацца. Больш за мільён чалавек у Данбасе сутыкаюцца зь перабоямі ў забесьпячэньні харчаваньнем. За апошні год значна вырасла колькасьць ахвяраў сярод цывільнага насельніцтва.

«Мы заклікаем Расею пачаць неадкладныя крокі ў вырашэньні гуманітарнага крызісу шляхам вываду сваіх сіл і разьмяшчэньня ў рэгіёне міратворчай місіі ААН. Мы таксама зьвяртаемся да Ўкраіны з заклікам зрабіць больш для аблягчэньня пакут цывільнага насельніцтва і абароны жыцьцёва важнай інфраструктуры», — заявіла Гэзэр Наўэрт.

Яна зноў пацьвердзіла прыхільнасьць Злучаных Штатаў усталяваньню доўгачасовага міру на ўсходзе Ўкраіны шляхам выкананьня менскіх дамоўленасьцяў. Пры гэтым Наўэрт працытавала словы дзяржсакратара Рэкса Тылерсана, які, выступаючы на мінулым тыдні ў Вене, сказаў: «Мы павінны разумець, дзе крыніца гэтага гвалту. Расея ўзбройвае, трэніруе, накіроўвае і ваюе на баку антыўрадавых сілаў».

Рашэньне аб спыненьні гвалту на ўсходзе Ўкраіны і наладжваньня стасункаў са Злучанымі Штатамі і міжнароднай супольнасьцю знаходзіцца цалкам у руках Расеі, адзначыла Наўэрт.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG