Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ня згодныя з адмовай Расеі гаварыць пра анэксію Крыму


Спэцпрадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах Украіны Курт Волкер

Спэцыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША ў справах Украіны Курт Волкер заяўляе, што Злучаныя Штаты ня згодныя з заявамі расейскіх уладаў аб тым, што пытаньне анэксіі Крыму закрытае і не павінна абмяркоўвацца.

«Я ўздымаў пытаньне Крыму, і расейцы кажуць: „Мы не зьбіраемся гаварыць пра Крым“. Важна адзначыць, што мы ня згодныя з гэтым», — сказаў Волкер у інтэрвію выданьню Politico.

Ён дадаў, што адрозьненьне паміж Крымам і Данбасам «амаль няіснае». «Гэта расейскае ўмяшаньне, расейская акупацыя тэрыторыі», — сказаў спэцпрадстаўнік.

«Менскія пагадненьні былі накіраваныя на вырашэньне толькі канфлікту на ўсходзе, там, дзе адбываюцца актыўныя баі. У сярэднім украінскі салдат гіне кожныя тры дні цяпер на тэрыторыі Ўкраіны, абараняючы краіну. Такім чынам, гэта вельмі гарачы канфлікт. Сытуацыя з Крымам не такая. Мы не прымаем уварваньня Расеі і акупацыю Крыму і заяўленую анэксію, але калі мы зможам дасягнуць прагрэсу ў іншым — на Данбасе, мы павінны гэта зрабіць», — сказаў Волкер.

У пачатку лістапада ён ужо заяўляў, што магчымае ўрэгуляваньне сытуацыі ў Данбасе ня зьменіць палітыку непрызнаньня расейскай анэксіі Крыму.

Міжнародныя арганізацыі прызналі акупацыю і анэксію Крыму незаконнымі і асудзілі дзеяньні Расеі. Краіны Захаду ўвялі шэраг эканамічных санкцыяў. Расея адмаўляе акупацыю паўвострава і называе гэта «аднаўленьнем гістарычнай справядлівасьці». Вярхоўная Рада Ўкраіны афіцыйна абвясьціла датай пачатку часовай акупацыі Крыму і Севастопаля Расеяй 20 лютага 2014 году.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG