Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Данбасе новае абвастрэньне: сэпаратысты абстралялі ўкраінскія пазыцыі з «Градаў»


Карта баявога становішча паводле стану на 5 лістапада 2017 году.

На ўсходзе Ўкраіны ў нядзелю абвастрылася сытуацыя ў зоне канфлікту. Агенцтва «Укрінфарм» са спасылкай на прэсавы цэнтар штабу антытэрарыстычнай апэрацыі паведамляе пра ўзмацненьне абстрэлаў з боку прарасейскіх сэпаратыстаў.

Агенцтва таксама адзначае, што абстрэлы пазыцый ўкраінскай арміі вяліся з прымяненьнем цяжкага ўзбраеньня, якое не павінна знаходзіцца на лініі разьмежаваньня паводле Менскіх пагадненьняў.

У паведамленьні, у прыватнасьці, гаворыцца, што сэпаратысты двойчы ўжывалі рэактыўныя сыстэмы залпавага агню, мінамёты розных калібраў, 122-мілімэтровую артылерыю. Два ўкраінскія вайскоўцы параненыя. Сьцьвярджаецца, што сэпаратысты, якіх падтрымлівае Расея, у прыватнасьці выпусьцілі больш за 100 снарадаў з рэактыўных сыстэм залпавага агню па ўкраінскіх апорных пунктах паблізу Аўдзееўкі і Опытнага.

У сваю чаргу сэпаратысты і сайты так званай «ДНР» паведамляюць аб абстрэлах жылых раёнаў Данецка з рэактыўных сыстэм залпавага агню. Сьцьвярджаецца, што пашкоджаньні атрымалі ня менш за 10 дамоў.

У прэс-цэнтры ўкраінскай апэрацыі заявілі, што ўкраінская армія «не вядзе абстрэлаў жылых кварталаў».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG