Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Онлайн-рэпартаж беларускай службы з Дня Волі прызнаны працай году на Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода


Прэзыдэнт RFE/RL Том Кент і намесьнік дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Багдан Андрусышын.
Прэзыдэнт RFE/RL Том Кент і намесьнік дырэктара беларускай службы Радыё Свабода Багдан Андрусышын.

Асьвятленьне акцыяў пратэсту па ўсёй Беларусі 25 сакавіка 2017 году беларускай службай Радыё Свабода было прызнана найлепшай працай году ў катэгорыі «Навіны/Бягучыя падзеі». Гэта адбылося падчас цырымоніі ўганараваньня пераможцаў конкурсу Best of RFE/RL у штаб-кватэры Радыё Свабода ў Празе 8 сьнежня.

«Нягледзячы на цяжкасьці і перашкоды, беларуская служба асьвятляла масавыя акцыі пратэсту ў шэрагу гарадоў Беларусі. Дзякуючы наўпроставай трансьляцыі велізарная аўдыторыя стала сьведкай жорсткасьці праваахоўных органаў і зьбіваньня пратэстоўцаў, — адзначыла журы. — Статыстыка як на сайце, так і ў сацыяльных сетках вельмі ўражвае і перавышае ўсе пастаўленыя раней рэкорды. 25 сакавіка ў Дзень Волі тры самыя папулярныя відэа на сайце Свабоды атрымалі больш за паўмільёна праглядаў. Чатырохгадзінны эфір са студыі зь відэа- і аўдыёўключэньнямі з вуліц меў амаль 700 000 праглядаў.

​«Дзеля таго, што мы перш за ўсё тут на Радыё Свабода працуем з навінамі, той факт, што Беларуская служба была адзначаная менавіта ў гэтай катэгорыі — «Навіны і бягучыя падзеі» — асабліва радуе, — адзначыў на цырымоніі намесьнік дырэктара беларускай Свабоды Багдан Андрусышын. — Радуе яшчэ і таму, што, папраўдзе кажучы, выйграць такую прэмію — нават месячную — раўназначна подзьвігу, настолькі напружаная зрабілася канкурэнцыя за апошнія гады. Таму быць ушанаванымі гадавой прэміяй — гэта, думаю, у 12 разоў большы гонар і ў 12 разоў большае дасягненьне.

​Я б хацеў сказаць некалькі словаў пра наша бюро. Нашы калегі ў Беларусі працуюць у вельмі складаных абставінах — нашы журналісты робяцца аб’ектамі запалохваньня, штрафаў і яшчэ горшых рэчаў, на наш сайт учыняюцца DDOS-атакі. Але, нягледзячы на гэтыя цяжкасьці, мы кожны дзень імкнёмся забясьпечыць нашу аўдыторыю запатрабаванымі ёю навінамі і аналітыкай — асабліва ў крызісныя часы, калі адбываюцца грубыя парушэньні правоў чалавека.

Цяпер адусюль можна пачуць, маўляў, Беларусь хіліцца ў бок Захаду, былі вызваленыя палітвязьні — але, як паказваюць падзеі 25 сакавіка (калі дзясяткі журналістаў, як беларускіх, так і замежных, былі зьбітыя і арыштаваныя), Беларусь надалей застаецца вельмі небясьпечнай краінай — і ня толькі для журналістаў, а і для звычайных мірных грамадзянаў, якія хочуць скарыстацца сваімі гарантаванымі Канстытуцыяй правамі свабоды слова, сходаў і выказваньня.

Гэтых базавых правоў, калі даходзіць да справы, грамадзяне Беларусі ўсё яшчэ ў значнай ступені пазбаўленыя, і наша місія — праліць сьвятло на гэты факт.

Прамаўляе Багдан Андрусышын.
Прамаўляе Багдан Андрусышын.

Вядома, гэта вынік каманднай працы, але я лічу, што найбольшая заслуга тут сапраўды належыць нашым рэпартэрам, фотажурналістам і віджэям, якія ў той дзень працавалі на вуліцах, у гушчы ўсix тых закалотаў і гвалту, тварам у твар са спэцназаўцамі ў шлемах і з дубінкамі. Нашы калегі адважна рабілі сваю працу, расказваючы пра тое, што яны чулі і бачылі, фіксуючы падзеі ў незабыўных фота- і відэакадрах».

​***

Усяго на гадавыя ўзнагароды ў шасьці катэгорыях былі намінаваныя пяць журналісцкіх работ Радыё Свабода, уключна з асьвятленьнем Дня Волі: асьвятленьне візыту кіраўніка Беларусі ў Кіеў, спэцпраект «Праз раку», мікрасайт «2016-ы з Радыё Свабода» і спэцпраект «Што ў лядоўні ў беларуса».​

Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода —некамэрцыйная незалежная інфармацыйная радыёстанцыя. Місія Свабоды — падтрымка дэмакратычных каштоўнасьцяў і інстытутаў шляхам пашырэньня інфармацыі і ідэяў. RFE/RL вяшчае на 25 моваў для слухачоў у 23 краінах Эўропы і Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG