Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саакашвілі адмовіўся ісьці на допыт. Ён абвешчаны ў вышук


Міхэіл Саакашвілі пасьля вызваленьня сваімі прыхільнікамі. Ля Вярхоўнай Рады. Кіеў, 5 сьнежня 2017 году

Былы прэзыдэнт Грузіі, лідэр апазыцыйнага руху «Рух новых сіл» Міхэіл Саакашвілі адмовіўся прыйсьці на допыт у справе аб дзяржаўным перавароце на Ўкраіне. Пра гэта паведамляе «Українська правда».

Прэс-сакратарка руху Мар’яна Пачтар расказала выданьню, што Саакашвілі не атрымліваў і не падпісваў ніякіх працэсуальных дакумэнтаў. Паводле яе, 6 сьнежня Саакашвілі правядзе брыфінг ля сьцен Вярхоўнай Рады, дзе абмяркуе сытуацыю зь юрыстамі.

Раней у аўторак генэральны пракурор Украіны Юры Луцэнка заявіў, што Саакашвілі, затрыманы паліцыяй і вызвалены сваімі прыхільнікамі, знаходзіцца ў статусе «ўцекача». Па словах Луцэнка, сваімі дзеяньнямі палітык паставіў пад сумнеў магчымасьць выбраньня для яго меры стрыманьня ў выглядзе хатняга арышту. Луцэнка даў Саакашвілі 24 гадзіны на тое, каб ён добраахвотна зьявіўся ў праваахоўныя органы.

Раніцай 6 сьнежня прэс-сакратар генпракурора Ларыса Сарган напісала ў «Твітэры», што Саакашвілі абвешчаны ў вышук.

Сёньня ж паліцыя паспрабавала штурмаваць намётавы гарадок прыхільнікаў апазыцыйнага палітыка каля Вярхоўнай Рады. Пасьля гэтага Саакашвілі зьвярнуўся да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнка з заклікам спыніць правакацыі і атакі на яго прыхільнікаў.

Украінскія ўлады абвінавачваюць Міхэіла Саакашвілі ў спробе дзяржаўнага перавароту і атрыманьні паўмільёна даляраў на акцыі пратэсту на Ўкраіне ад блізкага да Віктару Януковіча алігарха Сяргея Курчанкі, што ўцёк пасьля Эўрамайдану ў Расею.

Кар’ера Міхэіла Саакашвілі: ад прэзыдэнта ў Грузіі да лавы падсудных ва Ўкраіне?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG