Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзярждэпартамэнце ЗША пракамэнтавалі прызнаньне «Голасу Амэрыкі» і Радыё Свабода «замежнымі агентамі»


Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт

Прэс-сакратар Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Гэзэр Наўэрт пракамэнтавала падпісаныя прэзыдэнтам Расеі папраўкі да раней прынятага ў Расеі закону аб СМІ.

«Мы лічым, што гэта няправільнае рашэньне», — так адказала Гэзэр Наўэрт на пытаньне журналіста адносна рашэньня Дзярждумы Расеі пазбавіць акрэдытацыі журналістаў «Голасу Амэрыкі» і Радыё Свабода.

«Адна з рэчаў, пра якія мы часта і шмат кажам у гэтых сьценах — важнасьць свабоды слова. Гэта ўключае ў сябе інфармацыю, якая іншым урадам можа здацца нязручнай. Гэта мае дачыненьне як да нашых саюзьнікаў і партнэраў, так і да краінаў, зь якімі ў нас напружаныя адносіны».

Гэзэр Наўэрт таксама дадала, што закон аб СМІ ў Расеі можа прымяняцца, як і закон аб няўрадавых арганізацыях.

«Мы занепакоеныя тым, што яны [ўлады Расеі — РС] могуць у рэшце рэшт перасьледаваць журналістаў, затрымліваць іх і выганяць з краіны. Гэта тое, што мы як амэрыканцы лічым у корані няправільным. Мы верым у права на свабоду слова, і мы сур’ёзна занепакоеныя дзеяньнямі Расеі ў пытаньні абмежаваньня свабоды дзейнасьці журналістаў», паведамляе «Голас Амэрыкі».

5 сьнежня Міністэрства юстыцыі Расеі апублікавала сьпіс сродкаў масавай інфармацыі, якім прысвоены статус «замежнага агента». У яго ўнесены Голас Амэрыкі, Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода (РСЭ/РС), мэдыяпраекты расейскай службы Радыё Свабода «Фактографии» і «Сибирь.Реалии», тэлеканал «Настоящее время», татара-башкірская служба Радыё Свабода, мэдыяпраекты «Idel.Реалии», «Кавказ.Реалии», «Крым.Реалии».

У канцы лістапада ў Расеі быў прыняты закон, які дазваляе ўладам аб’яўляць сродкі масавай інфармацыі, якія атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы, «замежнымі агентамі». Такія СМІ павінны даваць справаздачу перад Мін’юстам пра сваю працу і маркіраваць сваю прадукцыю, хоць дакладная практыка гэтага не растлумачана.

Рашэньне аб унясеньні паправак, якія абмяжоўваюць працу замежных СМІ ў Расеі, прагучала пасьля таго, як фінансаваны Масквой тэлеканал RT заявіў, што выканае патрабаваньні амэрыканскіх уладаў аб рэгістрацыі свайго падразьдзяленьня ў ЗША як «замежнага агента».

Прадстаўнікі ЗША неаднаразова падкрэсьлівалі, што амэрыканскі закон аб замежных агентах значна адрозьніваецца ад расейскага і ніяк не абмяжоўвае свабоду інфармацыі.

Дзярждэпартамэнт ЗША, амбасадар ЗША ў Расеі і Эўразьвяз раскрытыкавалі крокі Масквы супраць СМІ, што фінансуюцца ЗША.

XS
SM
MD
LG