Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт: новы закон РФ аб замежных агентах пагражае свабодным СМІ ў Расеі


Прадстаўніца Дзярждэпартамэнту ЗША Гізэр Наўэрт

У замежнапалітычным ведамстве ЗША лічаць, што гэты крок расейскага ўраду здольны яшчэ больш дадушыць свабоду слова і рэдакцыйную незалежнасьць.

Новы расейскі закон, які дазваляе Міністэрству юстыцыі прыраўноўваць сродкі масавай інфармацыі да «замежных агентаў», а таксама займацца маніторынгам або блякаваньнем асобных відаў дзейнасьці ў інтэрнэце, уяўляе сабой чарговую пагрозу свабодным СМІ ў Расеі. Пра гэта гаворыцца ў заяве прадстаўніцы Дзярждэпартамэнту ЗША Гізэр Наўэрт, распаўсюджанай 28 лістапада, паведамляе «Голас Амэрыкі».

У заяве адзначаецца, што свабода самавыяўленьня, у тым ліку свабода слова і сродкаў масавай інфармацыі, нават тых, якія могуць быць нязручныя ўраду, ёсьць адным з асноўных правоў чалавека, якія Расея абавязалася выконваць.

Гізэр Наўэрт нагадала, што раней Злучаныя Штаты ўжо зьвярталі ўвагу на пагрозу, якую нясе расейскі закон аб замежных агентах, «які выкарыстоўваецца для апраўданьня пастаяннага патоку рэйдаў, перасьледаў і заканадаўчых працэдур, што сур’ёзна перашкаджаюць дзейнасьці няўрадавых арганізацый. Распаўсюджваньне закону аб замежных агентах на сродкі масавай інфармацыі пакладзе пачатак цяжкім патрабаваньням, здольным яшчэ больш дадушыць свабоду слова і рэдакцыйную незалежнасьць у Расеі».

Злучаныя Штаты, гаворыцца ў заяве, «заклікаюць расейскі ўрад не выкарыстоўваць гэты закон для далейшага абмежаваньня дзейнасьці сродкаў масавай інфармацыі і свабоды самавыяўленьня».

Спробу расейскага ўраду прадставіць новае заканадаўства ў дачыненьні да СМІ як адказ на амэрыканскі закон ад 1938 году «Аб рэгістрацыі замежных агентаў» (FARA) у Дзярждэпартамэнце назвалі «крывадушнай і недарэчнай».

«FARA не кантралюе інфармацыю, якая распаўсюджваецца, не абмяжоўвае публікацыю інфармацыі або прапагандысцкіх матэрыялаў і не перашкаджае арганізацыям займацца сваёй дзейнасьцю», — гаворыцца ў заяве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG