Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Свобода» і «Настоящее время» атрымалі паведамленьні ад Мінюсту Расеі. Заява «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода»


Будынак мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода ў Празе.

Міністэрства юстыцыі Расеі накіравала расейскай службе Радыё Свабода і тэлеканалу «Настоящее время» папярэджаньне аб магчымых абмежаваньнях у працы.

Такое ж паведамленьне атрымаў яшчэ адзін праект карпарацыі «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» — сайт «Сибирь.Реалии»​.

Гэта адбылося пасьля таго, як удзень у сераду, 15 лістапада Дзяржаўная Дума аднагалосна прыняла унесеныя ў заканадаўства папраўкі, якія дазваляюць прылічаць замежныя СМІ да так званых замежных агентаў.

У лісьце Міністэрства юстыцыі не ўдакладняецца, якія меры могуць быць прынятыя усьлед за прыняцьцем паправак. Дакумэнт толькі паказвае на тое, што на працу рэдакцый Радыё Свабода і «Настоящее время» могуць быць накладзеныя абмежаваньні.

Паводле тэксту паправак, любыя замежныя структуры, «якія распаўсюджваюць прызначаныя для неабмежаванага кола асобаў друкаваныя, аўдыё-, аўдыёвізуальныя і іншыя паведамленьні і матэрыялы», могуць быць прызнаныя «замежнымі агентамі», калі яны атрымліваюць фінансаваньне з-за мяжы. На расейскія сродкі масавай інфармацыі, у тым ліку з замежным удзелам у капітале, гэтыя папраўкі не распаўсюджваюцца. Дэпутаты сьцьвярджаюць, што новае заканадаўства ня будзе перашкаджаць працы замежных СМІ ў Расеі.

Рашэньне абмежаваць працу замежных СМІ прагучала пасьля таго, як тэлеканал RT, які фінансуецца ўрадам Расеі, паведаміў пра тое, што выканае патрабаваньне амэрыканскіх уладаў аб рэгістрацыі свайго падразьдзяленьня ў ЗША як «замежнага агента». Міністэрства юстыцыі Злучаных Штатаў 14 лістапада апублікавала дадзеныя аб рэгістрацыі RT. У Вашынгтоне неаднаразова падкрэсьлівалі, што закон аб «замежных агентах» у ЗША значна адрозьніваецца ад расейскага і ніяк не абмяжоўвае свабоду інфармацыі.

«Умовы, у якіх працуюць расейскія журналісты ў ЗША і амэрыканскія — у Расеі, істотна адрозьніваюцца»

Карпарацыя «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» ў заяве ў сувязі з прыняцьцем Дзяржаўнай Думай гэтага законапраекту адзначыла, што ўстрымліваецца ад здагадак — якія менавіта канкрэтныя меры зараз могуць прыняць у адносінах да замежных СМІ улады Расеі, і як гэтыя меры закрануць нашу мэдыяльную арганізацыю.

Умовы, у якіх працуюць расейскія журналісты ў ЗША і амэрыканскія — у Расеі, істотна адрозьніваюцца, указваецца ў заяве. RT і «Спутник» распаўсюджваюць сваю інфармацыю ў ЗША свабодна, у той час як карпарацыя «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» ў Расеі ня мае доступу да кабэльных сетак і была вымушана спыніць супрацоўніцтва з расейскімі партнэрамі з прычыны адміністрацыйнага ціску. Журналісты «Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» ў Расеі падвяргаюцца абразам і нават становяцца ахвярамі нападаў.

«Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода» адзначае, што задачай карпарацыі зьяўляецца прадстаўленьне сумленнай і аб’ектыўнай інфармацыі для аўдыторыі ў розных краінах сьвету, у тым ліку і ў Расеі. «Мы будзем працягваць нашу журналісцкую працу», — гаворыцца ў заяве.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG