Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША ў Расеі асудзіў крокі Масквы супраць СМІ, якія фінансуюцца ЗША


Джон Гантсман
Джон Гантсман

Джон Гантсман падкрэсьліў, што папраўкі да закону аб замежных агентах, якія рыхтуюцца, «зусім не аналягічныя» амэрыканскім патрабаваньням да RT.

Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Гантсман у нядзелю асудзіў крокі Масквы, накіраваныя на тое, каб прымусіць дзевяць інфармацыйных праектаў, якія фінансуюцца ўрадам ЗША, зарэгістравацца ў якасьці «замежных агентаў». Паводле яго, гэтыя захады «ідуць далей» за аналягічныя патрабаваньні ўраду ЗША да тэлекампаніі RT, якая фінансуецца Крамлём.

Амбасадар Гантсман заявіў, што рэакцыя Расеі зусім не заснаваная на прынцыпе ўзаемнасьці і што рашэньне Масквы пра рэгуляваньне гэтых СМІ, у выпадку яго рэалізацыі, зробіць «практычна немагчымай іх працу» ў Расеі, паведамляе «Голас Амэрыкі».

Хантсман адзначыў, што амэрыканскі Закон аб рэгістрацыі замежных агентаў (FARA), у адпаведнасьці зь якім RT зарэгістравалася ў якасьці замежнага агента, накіраваны на павышэньне транспарэнтнасьці, але не абмяжоўвае працу тэлекампаніі ў ЗША.

Расейская Дзяржаўная Дума ў сераду ўхваліла папраўкі да закону 2012 году, накіраванага супраць няўрадавых арганізацыяў, распаўсюдзіўшы яго на замежныя СМІ. Абвяшчэньне замежным агентам запатрабуе ад замежнага сродку масавай інфармацыі рэгулярна раскрываць свае мэты, даваць падрабязную фінансавую справаздачнасьць, інфармацыю пра крыніцы фінансаваньня і пэрсанал.

Ад такіх СМІ таксама могуць запатрабаваць паказваць у сваіх акаўнтах у сацыяльных сетках і на бачных у Расеі сайтах, што яны зьяўляюцца «замежнымі агентамі». Папраўкі таксама дапускаюць пазасудовае блякаваньне сайтаў, якія Крэмль палічыць непажаданымі.

Міністэрства юстыцыі Расеі паведаміла ў чацьвер, што апавясьціла «Голас Амэрыкі», Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і сем рэгіянальных СМІ, якія дзейнічаюць у Расеі, што яны могуць трапіць пад дзеяньне закону, і выказала здагадку, што новыя патрабаваньні набудуць сілу закону ў найбліжэйшай будучыні.

«Гэта зусім не аналягічна таму, што мы робім у адпаведнасьці з FARA. Гэтыя захады ідуць далей», — заявіў Гантсман.

Аманда Бэнэт
Аманда Бэнэт

Дырэктар «Голасу Амэрыкі» Аманда Бэнэт заявіла на днях, што пакуль ня можа сказаць, як новыя абмежаваньні адаб’юцца на працы ў зборы інфармацыі ў Расеі. «„Голас Амэрыкі“ паводле закону зьяўляецца незалежнай, бесстароньняй і арыентаванай выключна на факты навінавай арганізацыяй, і мы адданыя гэтым прынцыпам», — падкрэсьліла яна.

Прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Том Кент заявіў, што пакуль законапраект не прыняты ў канчатковым выглядзе, «мы ня ведаем, як Міністэрства юстыцыі будзе выкарыстоўваць яго ў кантэксьце нашай працы».

Томас Кент
Томас Кент

Кент сказаў, што, у адрозьненьне ад «Спутника» і іншых расейскіх СМІ, якія працуюць у ЗША, амэрыканскія СМІ, якія працуюць у Расеі, ня маюць доступу да кабэльнага тэлебачаньня і радыёчастотаў.

«Расейскія СМІ ў ЗША распаўсюджваюць свае праграмы праз амэрыканскае кабэльнае тэлебачаньне. У „Спутника“ ёсьць свая радыёчастата ў Вашынгтоне. Гэта значыць, што нават на дадзены момант няма роўнасьці», — сказаў ён.

Сур’ёзны ўдар па свабодзе

Сьпікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў на днях, што сродкам масавай інфармацыі з замежным фінансаваньнем, якія адмовяцца зарэгістравацца ў якасьці замежных агентаў у адпаведнасьці з законам, які распрацоўваецца, будзе забаронена працаваць у краіне.

Але паколькі фармулёўкі закону даволі шырокія, ён патэнцыйна можа выкарыстоўвацца супраць любой замежнай мэдыя-арганізацыі, асабліва калі яна ўступіць у канфлікт з Крамлём.

«Мы ўважліва сочым за працэсам разгляду гэтых заканадаўчых нормаў у тым, што тычыцца іх прыняцьця і практычнага прымяненьня», — заявіла прэс-сакратарка амбасады ЗША Марыя Олсан.

На думку праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у выпадку прыняцьця гэтыя папраўкі нанясуць «сур’ёзны ўдар» па свабодзе СМІ ў Расеі.

Папраўкі былі ўхваленыя ў адказ на абвінавачваньні на адрас RT у тым, што тэлекампанія была правадніком кампаніі па аказаньні ўплыву на амэрыканскіх грамадзян падчас прэзыдэнцкіх выбараў 2016 году. Тэлекампанія абвяргае гэтыя абвінавачваньні.

У пачатку 2017 году амэрыканская выведніцкая супольнасьць прыйшла да высновы, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін асабіста накіроўваў кампанію падрыву амэрыканскай дэмакратыі, накіраваную на тое, каб дапамагчы магнату ў сфэры нерухомасьці Дональду Трампу перамагчы на выбарах. У ЗША вядзецца крымінальнае расьсьледаваньне гэтага ўмяшаньня; шэраг расьсьледаваньняў праводзіцца Кангрэсам ЗША.

Папраўкі ў закон аб рэгістрацыі замежных агентаў павінны быць ухваленыя Саветам Фэдэрацыі і падпісаны прэзыдэнтам Пуціным.

Тэлекампанія RT, якая фінансуецца Крамлём, каб прадстаўляць расейскі пункт погляду на сусьветныя праблемы, на днях пацьвердзіла, што выканала патрабаваньне Міністэрства юстыцыі ЗША і зарэгістравалася ў якасьці замежнага агента.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG