Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін паабяцаў меры ў адказ на «ўціск RT ў ЗША»


Уладзімір Пуцін

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў аб магчымасьці прыняцьця «хуткіх люстэркавых мер» у адказ на тое, што ён назваў «ўціскам расейскіх журналістаў у заходніх краінах». Выступаючы ў чацьвер на пасяджэньні клюбу «Валдай» у Сочы, ён, аднак, не ўдакладніў, пра якія менавіта меры ідзе гаворка.

Раней прадстаўнікі фундаванага дзяржавай расейскага тэлеканалу RT і сайту Sputnik заяўляў пра тое, што ад іх аддзяленьняў у ЗША амэрыканскія улады запатрабавалі зарэгістравацца ў якасьці замежных агентаў — паводле закону ад 1938 году, скіраванага супраць распаўсюду нацысцкай прапаганды на тэрыторыі краіны.

Крокі ў адказ?

Патрабаваньні скарыстацца гэтым законам у дачыненьні да расейскіх СМІ ў ЗША загучалі ў Вашынгтоне пасьля таго, як сёлета ў студзені амэрыканскія выведныя службы абвінавацілі RT і Sputnik ва ўмяшаньні ў амэрыканскія прэзыдэнцкія выбары. Міністэрства юстыцыі ЗША не пацьвярджала зьяўленьня нейкіх распараджэньняў на гэты конт, аднак расейскія афіцыйныя асобы ўжо неаднаразова выказвалі намер абмежаваць працу некаторых амэрыканскіх СМІ ў Расеі, у тым ліку CNN, «Голасу Амэрыкі» і Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

У прыватнасьці, 11 кастрычніка ў прэс-службе Міністэрства юстыцыі РФ заявілі, што вывучаць магчымасьць паправак, якія абмяжоўваюць дзейнасьць замежных СМІ ў Расеі. Незадоўга да гэтага Радыё Свабода і тэлеканал «Настоящее время», які таксама ўваходзіць у структуру Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, атрымалі паведамленьні ад Міністэрства юстыцыі аб магчымай кваліфікацыі іх дзейнасьці як замежных агентаў, у сувязі з чым праца гэтых СМІ ў Расеі можа быць абмежаваная.

Тэлеканал RT распаўсюджвае свае праграмы ў ЗША праз кабэльнае тэлебачаньне, радыё «Sputnik FM» вядзе вяшчаньне ў Вашынгтоне, тады як ні «Голас Амерыкі», ні Радыё Свабода такіх магчымасmцяў у Расеі не маюць.

XS
SM
MD
LG