Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар ЗША ў Расеі выказаў падтрымку журналістам Радыё Свабода


Джон Гантсман у Маскоўскім бюро мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода

Амбасадар ЗША ў Расеі Джон Гантсман наведаў Маскоўскае бюро мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, у якім працуюць таксама журналісты «Голасу Амэрыкі». Пасол выступіў з кароткай заявай перад журналістамі ў сувязі з прыняцьцем Дзяржаўнай думай Расеі законапраекту, які дазваляе прызнаваць замежныя сродкі масавай інфармацыі «замежнымі агентамі». Масква сьцьвярджае, што гэта зроблена ў адказ на рэгістрацыю ў ЗША «замежным агентам» тэлеканалу RT, які фінансуецца Крамлём.

«Магчымасьць прыняцьця ў Расеі захадаў у адказ на прымяненьне амэрыканскага „Акту аб рэгістрацыі замежных агентаў“ выклікае ў нас занепакоенасьць. Гэты закон — усяго толькі інструмэнт, з дапамогай якога мы ў ЗША можам забясьпечыць большую празрыстасьць дзейнасьці інфармацыйных арганізацыяў, што фінансуюцца замежнымі ўрадамі і прасоўваюць пэўную палітычную лінію. Такім чынам, людзі будуць дасьведчаныя, хто стаіць за фінансаваньнем і адкуль зыходзіць гэтая пазыцыя», — сказаў Ганстман.

Амбасадар ЗША нагадаў, што свабода слова зьяўляецца адным з асноўных прынцыпаў дэмакратыі, і адзначыў, што амэрыканскі закон забясьпечвае транспарэнтнасьць і ня ўводзіць абмежаваньняў на свабоду інфармацыі і працу журналістаў. Ён выказаў таксама падтрымку ўсім супрацоўнікам мэдыякарпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода і «Голас Амэрыкі», якія працуюць у Расеі:

«Я, як амбасадар ЗША, крыху занепакоены намерам расейскіх уладаў прыняць захады ў адказ на прымяненьне „Акту аб рэгістрацыі замежных агентаў“ — захады, якія дазволяць прызнаваць прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці „замежнымі агентамі“. Гэта прынцыпова адрозьніваецца ад таго, на што накіраваны амэрыканскі закон».

15 лістапада Дзяржаўная дума Расеі аднагалосна прыняла ўнесеныя ў заканадаўства папраўкі, якія дазваляюць залічаць замежныя СМІ да так званых «замежных агентаў». У гэты ж дзень Міністэрства юстыцыі Расеі накіравала Радыё Свабода і некаторым іншым праектам карпарацыі Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода паведамленьне аб магчымых абмежаваньнях у працы.

У заяве Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода з гэтай нагоды падкрэсьліваецца, што ўмовы працы расейскіх журналістаў у ЗША і амэрыканскіх у Расеі істотна адрозьніваюцца. Журналісты мэдыякарпарацыі ў Расеі падвяргаюцца абразам і нават становяцца ахвярамі нападаў, сказана ў заяве. Акрамя таго, тэлеканал RT распаўсюджвае сваю інфармацыю ў ЗША свабодна, у той час як Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Расеі ня мае доступу да кабэльных сетак. Ад 2012 году з прычыны зьмены расейскага заканадаўства Радыё Свабода вымушана было спыніць радыёвяшчаньне ў Маскве.

З крытыкай законапраекту аб СМІ — «замежных агентах» — выступілі Арганізацыя па бясьпецы і супрацоўніцтву ў Эўропе і праваабарончыя арганізацыі «Міжнародная амністыя» і «Рэпарцёры бязь межаў».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG