Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шукаючы «дрогкай лініі сэнсу», або Мае сустрэчы з Алесем Разанавым


Алесь Разанаў, 2017

«Вастрыё стралы»

Зь імем Алеся Разанава я ўпершыню сутыкнуўся ў ліпені 1989 году, калі першы раз прыехаў у Беларусь. Сяргей Шупа, зь якім мы пазнаёміліся якраз у тым годзе, у Менску падараваў мне кніжку Алеся Разанава «Вастрыё стралы». З прыблізна такім камэнтарам: вось табе, Ваня, беларуская паэзія, якой ты яшчэ не чытаў…

Кніжка заваражыла адразу, зь першай старонкі:

БЯЗЬМЕЖЖА

Палову жыцьця падаюся ў сьвет, палову — варочаюся са сьвету,

палову жыцьця пішу на дарозе свае імёны,

палову — закрэсьліваю напісанае,

палову жыцьця расту ад зямлі, палову — расту зь зямлёю:

і ўсё менш ува мне мяне, і ўсё больш бязьмежжа.

У другой частцы, пад назвай «Квантэмы», было яшчэ больш завабліва. І больш таямніча:

руіны запарушваюцца
рунь
уваскрашае руны
неба блізка

«Заваёўнікі»

Мае знаёмыя зь Беластоку, якія, як і я, сачылі за літаратурным жыцьцём у Менску, былі таксама заінтрыгаваныя паэзіяй Алеся Разанава. Да такой ступені, што гісторык Алег Латышонак, які раней літаратурай ня бавіўся, узяў і пераклаў дзясяткі тры вэрсэтаў Разанава на польскую мову. Кніжачка з гэтымі перакладамі, пад назвай «Zdobywcy», выйшла ў Беластоку ў 1997 годзе. Мне нават давялося напісаць пасьляслоўе да яе. Калі мне хочацца парагатаць зь сябе, я часам адкрываю гэты лінк і чытаю сваю «інтэрпрэтацыю»: «Jeślibym chciał dodać jakiś znak tożsamości dla Razanawa od siebie, to zwróciłbym uwagę na wyraźne podobieństwo jego „kosmologii“ i „poetologii“ do filozofii New Age i nowych ruchów ekologicznych, budujących swoją wizję rzeczywistości na odrzuceniu Newtonowskiego, sztywnego paradygmatu światopoglądowego i uznaniu naszego ziemskiego układu jako żywej części składowej większego, planetarnego i wszechświatowego, myślącego organizmu. W tej koncepcji i rozum człowieka jest jedynie częścią hierarchicznie zorganizowanej myślącej struktury. Jednym z zadań poezji w takiej sytuacji staje się ujawnienie kształtów owej dynamicznej struktury i organicznej harmonii wszechświata». Ой, Ваня…

Адам Паморскі, Алесь Разанаў, Ян Максімюк. Уроцлаў, чэрвень 2007
Адам Паморскі, Алесь Разанаў, Ян Максімюк. Уроцлаў, чэрвень 2007

Разанаў у Беластоку…

У больш-менш тым самым часе беластоцкія беларускія актывісты майго пакаленьня сталі арганізаваць літаратурныя сэмінары, на якія запрашалі новае пакаленьне беларускай літаратуры, якое дэбютавала на зыходзе савецкай эпохі і ў пачатку 1990-х. Сэмінары атрымалі назву «Бязьмежжа», у значнай меры інсьпіраваную загалоўкам першага вэрсэту з кнігі «Вастрыё стралы»…

У той час я ўжо быў асабіста знаёмы з паэтам. Разанаў прыяжджаў у Беласток на запрашэньне Літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа», здаецца, у 1993-м. Вынікам знаёмства Разанава зь беластоцкай беларускай літаратурай стала кніжка «Дзьверы. Тэкст і кантэкст» з 1994-га, у якім публікавалася жменя вершаў нашай энігматычнай паэткі Надзеі Артымовіч разам з камэнтарамі ня менш энігматычнага Разанава. Недзе ў тым самым часе прайшла прэзэнтацыя беластоцкай беларускай літаратуры ў Менску, у Доме літаратара, на якой зь беластоцкіх выступалі Сакрат Яновіч, Ян Чыквін, Міра Лукша і я. Зь менскіх слова браў Алесь Разанаў…

…і ва Ўроцлаве

Маё больш шчыльнае сутыкненьне са словам Разанава наступіла ў першым дзесяцігодзьдзі нашага стагодзьдзя, калі ў польскім Уроцлаве заснавалі арганізацыю пад назвай Калегіюм Усходняй Эўропы. Адным з накірункаў дзейнасьці гэтай арганізацыі была «беларуская выдавецкая праграма», у рамках якой палякі выдалі дзясятак перакладаў з сучасных беларускіх аўтараў і аб’ёмістую анталёгію беларускай паэзіі ад яе пачаткаў да сучаснасьці. Куратарамі праграмы зь беларускага боку былі Лявон Баршчэўскі і Андрэй Хадановіч. Аднымі з найбольш актыўных перакладчыкаў у гэтай праграме — я і мая жонка.

Я дамовіўся з Баршчэўскім і Хадановічам, што перакладу толькі разанаўскія вэрсэты. Яны, так сказаць, найбольш reader friendly. Квантэмы і пункціры занадта гермэтычнывя, вершаказы — занадта «філялягічныя», зномы — занадта «філязафічныя»… А вэрсэты — самае тое, каб паказаць Разанава палякам…

Дзьвюхмоўная кніга «Leśna droga. Wersety» — у якую, да звыш сотні сваіх перакладаў, я дадаў вэрсэты, перакладзеныя раней Латышонкам — выйшла ва Ўроцлаве ў 2007 годзе. У чэрвені таго году, у рамках фэстывалю беларускай культуры ва Ўроцлаве, адбылася прэзэнтацыя перакладу, на якую прыехаў і Алесь Разанаў. Пасьля прэзэнтацыі паэт запытаў мяне, чым я займаюся «сутнасна». Я збольшага распавёў Разанаву пра дэмаграфічна-моўную сытуацыю на Падляшшы і сказаў, што хачу заняцца (насамрэч, ужо пачаў займацца) афармленьнем нашых падляскіх гаворак у поўнафарматную пісьмовую мову. А гэта значыць, што я хачу махнуць рукой на такія імпрэзы, як гэтая ва Ўроцлаве, дзе тусуюся зь вярхамі беларускай літаратуры і публікуюся пад адной вокладкай з цьветам польскіх перакладчыкаў, ды вярнуцца туды, адкуль я выйшаў — у таемную мову дзяцінства, пагарджаную ня толькі тымі, якія закончылі школы, але і тымі, якія ў ніякія школы не хадзілі. Так бы мовіць, паводле разанаўскага рэцэпту: палову жыцьця падаюся ў сьвет, палову — варочаюся са сьвету…

— «Рабі, — коратка сказаў мне тады, у чэрвені 2007, Разанаў. — Ніхто іншы гэтага ня зробіць». На памятку нашай размовы паэт падпісаў мне экзэмпляр перакладу «Лясной дарогі», дзе, акрамя падзякі за перакладчыцкую працу, дадаў у сваім «зномаўскім» стылі: «Мэта з Табой, і вынік просіць, каб Ты дапамог яму зьдзейсьніцца»…

Wortdichte i namakanki

Потым мы з Разанавым сустракаліся ў 2010 і 2011 годзе, у Празе і ў Менску, калі я яму мог сказаць, што я ўжо знайшоў сваю «дрогкую лінію сэнсу, па якой мушу ісьці дарэшты». Гэта фраза са знакамітага разанаўскага вэрсэту, які не магу тут не працытаваць поўнасьцю:

ДАРЭШТЫ

У левую руку мне даюць паразу, але ў правую я пасьпяваю ўзяць перамогу.

Тады ў правую руку мне даюць радасьць, але я працягваю левую руку і бяру скруху…

У мяне пытаюцца: хто ты? — і хочуць спыніць.

Я не адказваю і не спыняюся.

Засяроджанаю душою я намацваю дрогкую лінію сэнсу, па якой мушу ісьці дарэшты.

У верасьні 2011 году, калі я завітаў у Менск ўпершыню пасьля 15 гадоў, я патрапіў на літаратурную сустрэчу, падчас якой Алесь Разанаў прэзэнтаваў свае нямецкамоўныя пункціры, Wortdichte. Гэта было экстравагантна, але ці слова «экстравагантны» пасуе да творцы такога фармату, як Разанаў? У кожным разе, гэта не было самае экстравагантнае, з чым мне даводзілася сутыкнуцца ў сувязі зь ім.

Сёлета вясною Алесь Разанаў прыслаў мне «шэсьць жменяў» пункціраў на верхнялужыцкай мове пад назвай «Serbske namakanki» з просьбай зьвязацца са знаёмымі мне лужыцкімі сэрбамі і паспрыяць у іх публікацыі… Разумею, што ніхто мне ў гэты момант не паверыць. Ну й ладна…

На заканчэньне, віншуючы Алеся Разанава зь ягоным сямідзесяцігодзьдзем, працытую дзьве «намаканкі» (па-верхнялужыцку: знаходкі).

Зь першай жмені:

Najlěpša je!.. —
Chwałospěw
spěwaja pčoły lipje.

Зь пятай жмені:

Łužička rozłožuje —
kapki

kapaja-kłapaja:
tak? nawopak?

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG