Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў «Белсату» Любоў Лунёву і Зьмітра Краўчука аштрафавалі на 920 рублёў кожнага


Зьміцер Краўчук і Любоў Лунёва, архіўнае фота

Суд Савецкага раёну Менску аштрафаваў журналістаў тэлеканалу «Белсат» Любоў Лунёву і Зьмітра Краўчука на 40 базавых велічыняў кожнага (па 920 рублёў). Адметна, што 2 месяцы таму тая ж судзьдзя Вера Галаўкова вынесла ў Заводзкім судзе рашэньне аштрафаваць Лунёву і Краўчука на 30 базавых па тых жа артыкулах.

Журналістаў абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі (частка 4 артыкула 35 Закону аб СМІ і 22.9 КаАП — «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»). Працэс вяла судзьдзя Вера Галаўкова, якая перавялася з Заводзкага суду ў Савецкі.

Суд быў прызначаны яшчэ на 24 лістапада, але позвы журналісты атрымалі пазьней, таму паседжаньне перанесьлі на 4 сьнежня. Да таго ж менавіта 4 сьнежня сканчаўся двухмесячны тэрмін прыцягненьня карэспандэнтаў да адміністрацыйнай адказнасьці. Таму міліцыянты вельмі сьпяшаліся і не пасьпелі нават знайсьці спасылку на матэрыял на сайце «Белсату».

Паводле сьведчаньняў міліцыянтаў Шкута і Кеселя, 4 кастрычніка Любоў Лунёва і Зьміцер Краўчук непадалёк ад будынку Савецкага суду запісвалі інтэрвію зь вядомай актывісткай Нінай Багінскай, у якім тая казала, чаму людзі не давяраюць судам.

«Побач з намі не было міліцыянтаў, ніякіх пратаколаў на нас не складалі, спасылак на сюжэт, які нібыта быў паказаны на тэлеканале „Белсат“, у суд не прадставілі. Але судзьдзя паверыла вусным сьведчаньням Шкута і Кеселя. Нават калі яны здалёк і бачылі, што мы размаўлялі са спадарыняй Багінскай, як яны маглі здагадацца, пра што мы размаўлялі?

Мы абавязкова будзем абскарджваць гэтае рашэньне, бо ў судзе не прагучала ніводнага доказу таго, што 4 кастрычніка мы рыхтавалі матэрыял для „Белсату“ і што ён выйшаў у эфір», — сказала Свабодзе Любоў Лунёва.

3 кастрычніка Любоў Лунёву і Зьмітра Краўчука аштрафавалі на 30 базавых велічыняў кожнага (690 рублёў) за падрыхтоўку сюжэту пра закрыцьцё на рамонт школы ў Шабанах.

На гэтым тыдні чакаецца яшчэ некалькі судоў над журналістамі Белсату. 6 сьнежня ў судзе Дзяржынскага раёну, а 8 сьнежня ў Ленінскім і Першамайскім судах сталіцы (з інтэрвалам у паўгадзіны) будуць судзіць журналістку Вольгу Чайчыц — таксама за працу без акрэдытацыі.

Толькі за 2017 год журналістаў Белсату па артыкуле 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях аштрафавалі сумарна больш чым на 14 тысяч даляраў.

XS
SM
MD
LG