Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналістаў «Белсату» Лунёву і Краўчука аштрафавалі на 690 рублёў кожнага


Журналісты "Белсату" Зьміцер Краўчук і Любоў Лунёва

Суд Заводзкага раёну Менску аштрафаваў журналістаў тэлеканалу «Белсат» Любоў Лунёву і Зьмітра Краўчука на 30 базавых велічыняў кожнага (па 690 рублёў).

9 жніўня яны зрабілі рэпартаж з бацькоўскага сходу школы № 210, якую напярэдадні навучальнага году прызналі аварыйнай і закрылі на капітальны рамонт, а школьнікаў хацелі раскідаць па суседніх школах.

Журналістаў абвінавацілі ў працы без акрэдытацыі (частка 4 артыкула 35 Закону аб СМІ і 22.9 КаАП — «Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Працэс вяла судзьдзя Вера Галаўкова.

Зьміцер Краўчук заявіў хадайніцтва, каб працэс вёўся па-беларуску. Судзьдзя адмовіла, спаслаўшыся на тое, што ўсе матэрыялы справы вяліся па-расейску, а ў Канстытуцыі замацаваныя дзьве дзяржаўныя мовы. Журналісты здымалі сюжэт аб закрыцьці сярэдняй школы № 210, што ў Шабанах.

Любоў Лунёва кажа, што яе як журналістку запрасілі на сход бацькі школьнікаў. Яны зьвярталіся ў адміністрацыю Заводзкага раёну, каб школу не закрывалі, не раскідвалі дзяцей па розных іншых школах, бо 210-я — адна з найлепшых у раёне, там добры пэдагагічны калектыў.
На сходзе людзі выказвалі сваё абурэньне, што іх не папярэдзілі загадзя пра закрыцьцё школы, якую прызналі аварыйнай, а паведамілі пра гэта за тры тыдні да пачатку навучальнага году.

Заводзкі суд Менску
Заводзкі суд Менску

​Лунёва задала пытаньне начальніку ўпраўленьня адукацыі Заводзкага райвыканкаму Людміле Ляхновіч, чаму школа ў такім стане. Чыноўніца адказала, што школу ўзводзілі на пачатку 1990-х, калі ў краіне «быў бардак, будматэрыялы раскралі». То бок пабудавалі абы-як, таму школа цяпер і ў аварыйным стане. І спаслалася на заключэньне экспэртаў.

У сюжэце адлюстраваныя меркаваньні трох бакоў: бацькоў навучэнцаў, настаўнікаў школы і кіраўніцы ўпраўленьня адукацыі Заводзкага раёну.

Лунёва заявіла хадайніцтва: каб Заводзкі суд зьвярнуўся ў Канстытуцыйны суд па тлумачэньні, чаму КаАП супярэчыць Асноўнаму закону, чаму журналістаў «Белсату» абвінавачваюць у працы без акрэдытацыі, а МЗС не акрэдытуе карэспандэнтаў каналу цягам 8 гадоў.

У якасьці сьведкі ў суд выклікалі начальніка ўпраўленьня адукацыі адміністрацыі Заводзкага раёну Людмілу Ляхновіч.

Яна распавяла, што прысутнічала 9 жніўня на бацькоўскім сходзе, каб патлумачыць прычыны закрыцьця школы і пераводу дзяцей у іншыя ўстановы. Сустрэча была складаная, інтэрвію ў яе бралі журналісты парталу TUT.by, а таксама «Белсату».

Белсатаўцы ў судзе
Белсатаўцы ў судзе

​На пытаньне Лунёвай, ці была скажоная інфармацыя ў рэпартажы, Ляхновіч адказала, што не.

Тым ня менш судзьдзя Вера Галаўкова аштрафавала журналістаў.

XS
SM
MD
LG