Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксенія Сабчак зьбіраецца супрацоўнічаць з былым піярнікам Лукашэнкі лордам Бэлам


Ксенія Сабчак перад інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. 2014 год.
Ксенія Сабчак перад інтэрвію з Аляксандрам Лукашэнкам. 2014 год.

Пра гэта расейская грамадзянская актывістка, якая зьбіраецца балятавацца ў 2018 годзе на пасаду прэзыдэнта Расеі, паведаміла ў сваім Instagram.

Сабчак напісала: «Са славутым лордам Бэлам, які працаваў з самой Маргарэт Тэтчэр, дамаўляемся пра міжнародную падтрымку кампаніі».

Тым часам вядома, што PR-кампанія Bell Pottinger, якой вадлодае Бэл, была ў верасьні сёлета выключаная бяз права аднаўленьня цягам пяці гадоў з Брытанскай асацыяцыі PR-кансультантаў (PRCA) у выніку скандалу, выкліканага працай кампаніі ў Паўднёвай Афрыцы.

Асацыяцыя абвінаваціла Bell Pottinger у неаднаразовым парушэньні статуту арганізацыі, кодэксу карпаратыўнай этыкі і распальваньні расавай нянавісьці.

Лорд Бэл і Беларусь

У сьнежні 2012-га ў інтэрнэце зьявілася справаздача кампаніі лорда Бэла Chime Communications зь Вялікай Брытаніі аб працы для паляпшэньня іміджу Беларусі на міжнароднай арэне ў 2008–2009 гадах. Зь беларускага бюджэту за гэты піяр мелася быць заплачана 10 мільёнаў эўраў.

Лорд Тымаці Бэл
Лорд Тымаці Бэл

Кантракт беларускага ўраду з лордам Бэлам дзейнічаў адзін год. Ён быў падпісаны ў ліпені 2008 году, а 16 жніўня з турмы быў вызвалены экс-кандыдат на выбарах прэзыдэнта Аляксандар Казулін. Вызваленьне палітвязьняў лорд Бэл назваў адной з прычынаў тагачаснага паляпшэньня іміджу Беларусі і зьняцьця некаторых міжнародных санкцыяў.

З працай лорда Бэла зьвязвалі рашэньне Аляксандра Лукашэнкі браць з сабой у афіцыйныя міжнародныя паездкі малодшага сына Мікалая.

Раней лорд Бэл прызнаў, што PR-кампанія Bell Pottinger Group, якая ў 2008–2009 гг. працавала для паляпшэньня іміджу Беларусі і Аляксандра Лукашэнкі на Захадзе, атрымлівала ганарары выключна ад ураду Беларусі.

Сёлетні скандал

Нагодай выключыць кампанію з Асацыяцыі сталі абставіны працы Bell Pottinger на паўднёваафрыканскую кампанію Oakbay Capital. Апошняя належыць сямʼі паўднёваафрыканскіх бізнэсоўцаў індыйскага паходжаньня Гупта. У 2016 годзе адзін з братоў Гупта — Атул — увайшоў у лік найбагацейшых людзей Паўднёвай Афрыкі. Сямʼя Гупта падтрымлівае шчыльныя сувязі з урадам прэзыдэнта Джэйкаба Зумы. Як сьцьвярджаюць, сямʼя ўплывае на прызначэньне міністраў ды іншых высокіх чыноўнікаў.

Брытанскія піярнікі з Bell Pottinger прыклалі высілкі, каб адцягнуць увагу грамадзкасьці ад сямʼі Гупта і яе сувязяў з кіраўніцтвам краіны ды пераключыць на іншыя праблемы. У прыватнасьці, на праблему «засільля белага капіталу» у краіне. Кампанія вялася ў тым ліку праз сацыяльныя сеткі пад гэштэгам #WhiteMonopolyCapital (манаполія белага капіталу).

У ліпені сёлета пасьля пачатку расьсьледаваньня Асацыяцыі PR-кансультантаў генэральны дырэктар Bell Pottinger Джэймс Гэндэрсан публічна выбачыўся за дзейнасьць кампаніі ў Паўднёвай Афрыцы. А ў мінулыя выходныя, не чакаючы публікацыі вынікаў расьсьледаваньня, Джэймс Гэндэрсан падаў у адстаўку.

Bell Pottinger была заснаваная ў 1998 годзе лордам Тымаці Бэлам, які ў 70-х гадах быў дарадцам Маргарэт Тэтчэр. Фірма мае шырокія сувязі і нярэдка брала як кліентаў неадназначных асобаў. У ліку яе былых кліентаў — Аўгуста Піначэт, Барыс Беразоўскі, Аляксандар Лукашэнка, жонка прэзыдэнта Сырыі Асма Асад.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG