Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНДР заявіла, што яе ракета здольная даляцець да Амэрыкі, ААН тэрмінова зьбіраецца на пасяджэньне


Ілюстрацыйнае фота. Запуск ракеты ў КНДР 15 верасьня 2017 году

Паўночная Карэя сьцьвярджае, што яна праверыла новую міжкантынэнтальную балістычную ракету, якая можа даляцець на ўсю мацерыковую частку ЗША.

Дзяржаўнае тэлебачаньне Пхэньяну заявіла 29 лістапада, што ракета Hwasong 15, выпушчаная ў Японскае мора, была «нашмат мацнейшай» і магутнейшай за папярэднюю.

Раней Міністэрства абароны ЗША паведаміла, што зафіксавала пуск і прасачыла за ракетай, запушчанай з Паўночнай Карэі, якая праляцела каля тысячы кілямэтраў і ўпала ў Японскае мора. Паводле папярэдніх ацэнак Пэнтагону, гэта была міжкантынэнтальная балістычная ракета.

«Наша прыхільнасьць справе абароны саюзьнікаў... перад тварам гэтых пагроз застаецца непахіснай», — гаворыцца ў заяве Пэнтагону.

Кажучы пра запуск ракеты, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп назваў гэта сытуацыяй, «зь якой мы справімся».

У Белым доме паведамілі, што Трамп патэлефанаваў лідэрам Японіі і Паўднёвай Карэі, заявіўшы пра «сур’ёзную пагрозу», зьвязаную з запускам ракеты.

Асуджэньне за дзеяньні Пхэньяну выказалі NATO, ЭЗ і ААН.

У Аб’яднаным камітэце начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі заявілі, што Паўночная Карэя запусьціла балістычную ракету ў паўднёвай частцы Пхэньяну над морам, паміж Паўднёвай Карэяй і Японіяй.

Сэул заявіў, што адказаў ударам па вучэбных цэлях у адказ на пуск балістычнай ракеты КНДР.

«Мы ніколі не паддадзімся ніводнаму правакацыйнаму акту. Мы будзем максымальна выкарыстоўваць наш ціск на Пхэньян», — заявіў прэм’ер-міністар Японіі Сіндзо Абэ.

29 лістапада Рада Бясьпекі ААН заплянавала экстранае пасяджэньне для абмеркаваньня запуску Пхэньянам ракеты, паведаміла місія ЗША ў ААН.

Аналітыкі сьцьвярджаюць, што выпрабаваньні міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты зьяўляюцца прыкметай далейшага прагрэсу Паўночнай Карэі ў распрацоўцы зброі масавага зьнішчэньня, якая можа нанесьці ўдар па мацерыковай частцы Злучаных Штатаў.

«Усе краіны павінны працягваць моцныя эканамічныя і дыпляматычныя захады», — заявіў дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан і заклікаў да наяўных санкцый дадаць забарону аб перавозцы марскіх грузаў у і з КНДР для павышэньня бясьпекі на моры.

На мінулым тыдні адміністрацыя ЗША унесла Паўночную Карэю ў сьпіс дзяржаў — спонсараў тэрарызму і ўжыла новыя санкцыі супраць гэтай краіны.

Сёлета КНДР выпрабавала некалькі міжкантынэнтальных балістычных ракет і ажыцьцявіла шосты ядзерны выбух, што выклікала крытыку і неспакой у сьвеце.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG