Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Судзьдзі было ня ўсё адно». Прызыўнік з Жыткавічаў расказвае, як выйграў суд у ваенкамату і не пайшоў у войска


Віктар Раполаў, фота з сацыяльных сетак
Віктар Раполаў, фота з сацыяльных сетак

Пасьля перамогі ў судзе Віктар Раполаў зьбіраецца адсудзіць у вайскоўцаў кампэнсацыю за нанесеную яму маральную шкоду.

23 лістапада стала вядома, што судом «Жыткавіцкага раёну крымінальная справа ў дачыненьні да Р. спыненая ў сувязі з адмовай дзяржаўнага абвінаваўцы ад прад’яўленага абвінавачаньня». Пра гэта паведаміла прэс-сакратар гомельскага абласнога суду Вольга Барсукова.

Р. — жыхар Гомля Віктар Раполаў. Яго абвінавачвалі ва ўхіленьні ад службы ў войску, жыткавіцкі ваенкамат спрабаваў такім чынам прыцягнуць яго да адказнасьці.

«Я ж ня першы раз суджуся зь імі. Першы суд прайшоў у 2015 годзе, тады прайграў, мне далі штраф, — кажа Свабодзе Віктар. — А цяпер вось як склалася. Але гэта не канец. Атрымаю на рукі рашэньне суду, сам зьвярнуся з заявай. Хачу, каб мне кампэнсавалі маральную шкоду».

Віктару Раполаву 25 гадоў, пасьля школы пайшоў вучыцца ва ўнівэрсытэт, адвучыўся 4 гады. Цяпер займаецца ўсталёўваньнем падвясных столяў. Ажаніўся, жыве ў Гомлі, але рэгістрацыя застаецца жыткавіцкай. Туды ж яго «цягаюць» у ваенкамат.

«Яны да мяне маюць асаблівае стаўленьне. Даўно мы сварымся, — кажа Віктар. — Позвы мне няправільна дасылалі пастаянна. Па законе трэба за тры дні, а ў іх напісана — зьявіцца назаўтра. Я ім адкрыта казаў, што позвы няправільна аформленыя, таму нікуды не пайду».

Пасьля таго як Віктар выйграў суд за няяўку па позьве, паміж ім і жыткавіцкім ваенкаматам амаль на два гады ўсталявалася адноснае замірэньне. Працягвалася яно да пачатку восені 2017 году, калі канфлікт дайшоў да стадыі крымінальнай справы. Вясной на раённай мэдкамісіі нечакана аказалася, што плоскаступнёвасьць 2 ступені, дыягнаставаная ў прызыўніка некалькі гадоў таму, раптам ператварылася ў плоскаступнёвасьць 1 ступені. А значыць, Віктара можна забіраць у войска.

Віктар Раполаў, фота з сацыяльных сетак
Віктар Раполаў, фота з сацыяльных сетак

«Я паехаў у Гомель, прайшоў абсьледаваньне, яно паказала, што ў мяне ўжо 3 ступень, а ніяк не 1-я, — кажа Віктар. — Разумееце, гэта ўвогуле немагчыма, каб плоскаступнёвасьць паляпшалася. Яна толькі пагаршацца можа». Затым непрыдатнасьць Віктара Раполава да праходжаньня вайсковай службы прызнала абласная прызыўная камісія. Дзеля гэтага прыйшлося пісаць скаргу, але ў выніку ў Віктара выявілі яшчэ шэраг захворваньняў і прызналі непрыдатным да службы. Праўда, гэта не паўплывала на раённы ваенкамат. Справа аб няяўцы на прызыўны пункт пайшла ў суд, прызначылі дату разгляду. Прызыўнік кажа, што быў прыемна зьдзіўлены паводзінамі судзьдзі. «Ён насамрэч хацеў ва ўсім разабрацца. Вывучаў мае мэдыцынскія дакумэнты, задаваў шмат пытаньняў. Было заўважна, што судзьдзі ня ўсё адно», — кажа хлопец.

Паседжаньне скончылася нечакана. Пракурор сам адмовіўся ад абвінавачаньня, судзьдзя пастанавіў справу спыніць.

«Яе і пачынаць ня трэба было. Усе дакумэнты аб непрыдатнасьці да праходжаньня службы ў войску былі мной прадстаўленыя. Думаю, гэта выключна перадузятасьць ваенкамату», — кажа Віктар.

І абяцае сам пайсьці ў наступ — зьвярнуцца ў суд з пазовам на ваенкамат Жыткавічаў і запатрабаваць кампэнсацыі выдаткаў і панесенай маральнай шкоды.

«Хай адказваюць за свае дзеяньні. Такое трэба спыняць абавязкова», — кажа прызыўнік.

У жыткавіцкім ваенкамаце гісторыю адносінаў зь непакорным прызыўніком не камэнтуюць, спасылаючыся на тое, што няма тэксту рашэньня суду.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG