Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі анансавалі «альтэрнатыўны» Камітэт салдацкіх маці


Натальля Басалыга-Гарачка (у цэнтры), архіўнае фота

Праваабаронца Натальля Басалыга-Гарачка расказала «Народнай волі» аб стварэньні Камітэту салдацкіх маці, альтэрнатыўнага існаму цяпер аб’яднаньню «Маці салдатаў». Прэзэнтацыя праекту Камітэту чакаецца на пачатку наступнага тыдню.

Грамадзкае аб’яднаньне «Маці салдатаў» праваабаронца называе «ручным падразьдзяленьнем Міністэрства абароны», прадстаўнікі якога пішуць у справаздачах, што «ў беларускім войску ўсё добра». Яна адзначае, што сьмерць Аляксандра Коржыча чарговы раз паказала: добра ня ўсё. Нядаўна з войска вярнуўся ейны сын Іван: Басалыга-Гарачка кажа, ён дагэтуль «выходзіць з армейскага стану», бо «быццам быў ня ў арміі, а ў турме».

Басалыга-Гарачка кажа, што была 1 лістапада ў Генштабе Мінабароны, выклала і абгрунтавала ідэю пра альтэрнатыўны Камітэт салдацкіх маці – «паставіла вайскоўцаў перад фактам», што той будзе створаны У Мінабароны, кажа яна, «сустрэла паразуменьне». Афіцыйнага адказу яна чакае на пачатку сьнежня.

Камітэт пойдзе на дзяржаўную рэгістрацыю і мае працаваць разам зь Мінабароны над паляпшэньнем умоваў службы, кажа праваабаронца, і «ні ў якім разе не зьбіраецца ганьбіць армію»:

«Мы хочам палепшыць умовы службы, зрабіць так, каб маці спакойна адпускалі туды сваіх сыноў, а не ўспрымалі прызыў як трагедыю», – тлумачыць Басалыга-Гарачка, але ўдакладняе: езьдзіць па частках маці салдатаў будуць пры ўмове, што пра візыты ня будуць загадзя папярэджваць на месцах.

Тым часам Аляксандар Лукашэнка прызнаў, што здарэньне з Аляксандрам Коржычам, які быў знойдзены павешаным са зьвязанымі нагамі ў вайсковай частцы ў Печах, гэта «катастрофа». Ён прыгразіў вайсковым начальнікам, што калі падобныя выпадкі будуць паўтарацца, «потым і разьбірацца ня будзе». Таксама Лукашэнка прапанаваў, каб у войска не забіралі мужчыну, калі той – адзіны сын у сям’і. У Печах жа вайскоўцам дазволілі мець пры сабе мабільныя тэлефоны, але такіх мадэляў, якія практычна немагчыма знайсьці ў продажы ў Беларусі.

Што зьмянілася ў войску пасьля сьмерці Аляксандра Коржыча

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG