Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі Макей «цудоўна абмеркаваў» справу «украінскіх шпіёнаў»


У Беларусі зьнікае насьцярожанасьць у партнэрстве з Эўразьвязам і арганізацыямі, гатовымі выдаткаваць грошы на рэалізацыю беларускіх праектаў, заявіў міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей на брыфінгу ў Брусэлі.

Паводле Макея, у параўнаньні з іншымі краінамі Ўсходняга партнэрства Беларусь мае найменшую супрацу з Эўразьвязам, Цяпер беларускія дыпляматы вядуць фінальную падрыхтоўку праграмы партнэрства зь Эўрапейскім зьвязам, якая будзе дзейнічаць да 2019 году.

Падчас дэбатаў на саміце «Ўсходняга партнэрства» прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце скрытыкавала Беларусь праз будаўніцтва АЭС у Астраўцы і правядзеньне вайсковых вучэньняў «Захад-2017», якія прайшлі на тэрыторыі Беларусі. Макей ня бачыць ніякіх перашкод з боку Літвы для разьвіцьця супрацы Беларусі і ЭЗ.

Эўразьвяз можа выдаткаваць Беларусі 136 мільёнаў эўра на разьвіцьцё праектаў. Беларускі бок зацікаўлены ў гэтай падтрымцы, якае пойдзе на дапамогу «дзяржаве, народу і грамадзтву», сказаў Макей. Ён адзначыў, што Беларусь ніхто не «прымушае бегчы» у Эўрапейскі зьвяз, аднак Беларусь зацікаўленая ў адносінах, бо ЭЗ — гэта крыніца тэхналёгій і інвэстыцый.

Кіраўнік МЗС Беларусі лічыць саміт Усходняга партнэрства пасьпяховым:

«Упершыню за апошнія гады бяз спрэчак была заключная дэклярацыя саміту. Дэклярацыя адпавядае нашым чаканьням. Там няма канфрантацыйнай рыторыкі, яна не накіравана супраць трэцяй дзяржавы. Беларусь зрабіла выступ, дзе акрэсьліла сваё бачаньня разьвіцьця сытуацыі ў рэгіёне. Расказалі пра ініцыятывы, прапанаваныя кіраўніком беларускай дзяржавы. Адбыўся шэраг двухбаковых сустрэч з кіраўнікамі дэлегацый. На сустрэчах абмяркоўвалася двухбаковыя адносіны і ўзаемадзеяньне з агульным важным партнэрам Эўрапейскім зьвязам».

Напрыканцы брыфінгу Уладзімер Макей адзначыў, што беларускія дыпляматы «цудоўна абмеркавалі» з украінскай дэлегацыяй «пытаньне Шаройкі».

КДБ Беларусі 20 лістапада заявіў пра выкрыцьцё «ўкраінскай шпіёнскай сеткі», працу якой нібыта каардынаваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ігар Скварцоў, які дзейнічаў як супрацоўнік амбасады. Скварцова абвясьцілі «пэрсонай нон-грата». У гэтай справе таксама арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка, які цяпер абвінавачваецца ў шпіянажы.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG