Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны паднялі гвалт». Лукашэнка заявіў, што абмяркоўваў шпіёнскую справу з Парашэнкам


Пётар Парашэнка і Аляксандар Лукашэнка

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што падчас сустрэчы з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах на пачатку лістапада бягучага году абмяркоўваў шпіёнскую справу.

Пра гэта ён сказаў журналістам падчас паездкі ў Гомельскую вобласьць, паведамляе БЕЛТА.

Лукашэнка сказаў, што прэзыдэнт Украіны задаў яму гэтае пытаньне.

«І я яму адказаў фактамі. Я яму прызнаўся, што зь першага да апошняга дня апэрацыі па нэўтралізацыі шпіёнскай сеткі быў у курсе. Такая практыка — старшыня КДБ мне далажыў адразу».

Кіраўнік Беларусі сказаў, што падчас сустрэчы ў ААЭ дамовіўся зь Пятром Парашэнкам не агалошваць справу. Але ўкраінскі бок парушыў гэтую дамоўленасьць.

«Яны паднялі гвалт, усё было выплюхнута ў сродкі масавай інфармацыі. Што мне заставалася рабіць? Я адмяніў сваё рашэньне і сказаў выкласьці сякія-такія факты ў СМІ, каб людзі разумелі, што мы не нагнятаем абстаноўку ў адносінах з Украінай. І мы паказалі, гэты чалавек прызнаўся, дзе працаваў, як працаваў. Куча матэрыялаў дадаткова ёсьць. Ня ведаю, навошта патрэбен быў гэты скандал. Але яны парушылі нашу дамоўленасьць».

Лукашэнка сказаў, што ніякага маскоўскага сьледу ў гэтай справе шукаць ня варта, таму што яго там няма. Адносна асобаў, датычных да гэтай справы, у Беларусі дзейнічаюць адпаведна з заканадаўствам.

Але як зразумець беларуса, які за капейкі працаваў на замежную, хай нават і не зусім чужую, выведку?

«Я гэтага палкоўніка па званьні, які проста працаваў пад прыкрыцьцём журналіста, разумею. Многія дзяржавы так сябе паводзяць — пад прыкрыцьцём журналістаў, дыпляматаў працуюць выведнікі. Я ўжо з гэтым сутыкаўся шмат разоў. Але як зразумець беларуса, які за капейкі працаваў на замежную, хай нават і не зусім чужую, выведку?», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

КДБ Беларусі 20 лістапада заявіў пра выкрыцьцё «ўкраінскай шпіёнскай сеткі», працу якой нібыта каардынаваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ігар Скварцоў, дзейнічаючы як супрацоўнік амбасады. Скварцова абвясьцілі «пэрсонай нон-грата». У гэтай справе таксама арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка, які цяпер абвінавачваецца ў шпіянажы.

Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі 21 лістапада заявіў пра затрыманьне 20 лістапада трох грамадзян Украіны, якія, як сьцьвярджаюць у камітэце, парушылі мяжу, зьбіраючы ягады і грыбы.

Тым часам Украіна не атрымала прававой дапамогі ад Беларусі ў справе «беларускага шпіёна». Ён застанецца пад арыштам да 18 студзеня.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG