Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар гіта пра «папіццот»: «Пачынаю адчуваць уласную адказнасьць за правал плянаў Лукашэнкі»


Канцэрт гурту Znarock. Лідэр гурту Яўген Сокалаў

Рэалізацыя назойлівай ідэі даць усім беларусам заробак «па пяцьсот» даляраў чарговым разам адтэрміноўваецца. Лідэр гурту Znarock Яўген Сокалаў, які чатыры гады таму напісаў песьню з назвай «500 даляраў», бачыць у гэтым уласную адказнасьць.

Падчас эканамічнай нарады па ацэнцы вынікаў 2017 году і прагнозах на 2018-ы Аляксандар Лукашэнка дапусьціў, што ў пачатку наступнага году празь «вялікую колькасьць выходных» заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца, але з другога кварталу кроў з носу трэба перасягаць гэтую плянку.

Кіраўнік дзяржавы ўжо больш за 10 гадоў абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў. Паводле аптымістычных плянаў, да сёньняшняга дня прыбыткі ўжо мусілі перасягнуць удвая большыя аб’ёмы, аднак пэрманэнтныя крызісы і страта расейскай фінансавай падтрымкі зноў вярнулі да першапачатковай задачы.

Сёлета ў жніўні Лукашэнка даручыў выйсьці на 1000 рублёў да канца 2017 году, а цягам 2018-га падвысіць лічбу ў паўтара раза — да 1500. Аднак выглядае, што выканаць прэзыдэнцкае распараджэньне атрымаецца як мінімум не для ўсіх.

«Папіццот» — галоўны мэм эканамічнай палітыкі

Лідэр гурту Znarock Яўген Сокалаў чатыры гады таму напісаў песьню, якая стала сапраўдным гітом. Яе назва — «500 даляраў». У тэксьце дасьціпна расказваецца, пра што дбаюць народы па ўсім сьвеце. Расейцы — пра аднаўленьне савецкай імпэрыі, літоўцы — пра захаваньне культурных традыцый, французы — пра футбольныя перамогі, гішпанцы — пра сіесту ад ранку да ранку. І толькі беларусы — пра пяць соцень даляраў.

Як жартуе музыка, мінуў цэлы «алімпійскі цыкль», а іхная песьня па-ранейшаму «сьвежая і актуальная».

Яўген Сокалаў
Яўген Сокалаў

«Ведаеце, пачынаю адчуваць уласную адказнасьць за чарговы правал плянаў ураду, — сьмяецца Яўген Сокалаў. — Насамрэч, калі яшчэ ў 2013 годзе песьня пісалася, мне ўжо на той момант здавалася, што сытуацыя ня тое што камічная, а дасягнула стану фарсу. І ўсё ж думалася, што, магчыма, пару месяцаў пабудзе актуальнай і пра яе забудуць. А не, мінулі чатыры гады, і ва ўладных кабінэтах яе з зайздроснай упартасьцю падхопліваюць зноў і зноў... Я не эканаміст, але нешта ня так робіцца, калі нічога не атрымліваецца».

Сам Яўген Сокалаў лічыць, што беларусы даўно не ўспрымаюць абяцаныя пэрспэктывы ўсур’ёз, а жартаўлівы выраз «папіццот» стаў галоўным мэмам усёй папулісцкай кампаніі фінансавай ураўнілаўкі.

«З аднаго боку, пацяшацца як бы няма з чаго. З другога, гэта добрая рыса — умець пакпіць і з саміх сябе, і са сваіх кіраўнікоў. Прынамсі дапамагае лягчэй успрымаць навакольнае жыцьцё. Але, вядома, у такой сытуацыі наўрад ці хто будзе шукаць нагоду для насьмешак, хутчэй пашкадуюць. Асабліва на фоне таго, што эўразьвязаўскія суседзі Беларусі даўно пераступілі псыхалягічную мяжу „ўсім па 1000 эўра“ і працягваюць у гэтым кірунку імкліва ад нас аддаляцца».

Суразмоўца лічыць, што калі ступень дабрабыту і пераводзіць на грошы, то беларусы вартыя куды большага заахвочваньня, чым сакральныя 500 даляраў.

«Быў пэўны момант, калі мы нават зьбіраліся рабіць карэктывы і сьпяваць пра 700 даляраў — здалося, што нарэшце перавалілі за гэтую магічную рысу, — згадвае Яўген Сокалаў. — Аднак гэта быў зусім ня доўгі пэрыяд, усё хутка вярнулася на старыя пазыцыі... Магу толькі пагадзіцца, што так званыя „папіццот“ — вельмі прыземлены рубеж, хоць яго дасягненьне і здаецца ледзь не задачай усяго жыцьця. На жаль, занадта дробная мэта...».

Драйвам — па пустых абяцаньнях ураду

Калі што і «цешыць» музыкаў гурту Znarock, дык гэта магчымасьць уключаць «500 даляраў» у любы свой канцэрт. Прынамсі яе актуальнасьць і запатрабаванасьць з году ў год застаецца нязьменнай.

«Так атрымалася, што гэта адзін з асноўных нашых гітоў. Ён ня толькі вельмі жывучы, але і надзвычай драйвовы — падабаецца слухачам ня толькі зьместам, але і формай. Безумоўна, хочацца пажадаць, каб кожны ў меншай ступені спадзяваўся на чыесьці бясконцыя абяцанкі, а па магчымасьці дасягаў сваіх мараў самастойна, нягледзячы на эканамічную сытуацыю ў краіне».

Гурт Znarock
Гурт Znarock

У канцы кастрычніка каманда Znarock дала ў Менску вялікі электрычны канцэрт і паставіла творчасьць на паўзу. Прычына — ад’езд Яўгена Сокалава ў ЗША, дзе ён цяпер працуе ў праграмісцкай фірме. Зразумела, не за 500 даляраў — тут стандарты заробкаў непараўнальныя зь беларускімі.

Музыка спадзяецца, што да творчасьці ўсё ж вернецца, але пэрспэктыўныя пляны — з адкрытай датай.

«Не магу пакуль прагназаваць, як надоўга расьцягнецца паўза, таму ня маю права трымаць сваіх калегаў па гурце ў падвешаным стане. Яны музыкі, хочуць у творчасьці рухацца наперад. Так, для іх гэта стала сумнай навіной. Мы напрацавалі шмат добрага матэрыялу, які хацелася б рэалізаваць у альбом. Але даводзіцца скласьці ў запас, працэс тармазіцца. Таму сказаў хлопцам, што не магу іх трымаць... Нават ня ведаю, ці будуць яны мяне чакаць, каб пасьля майго вяртаньня даць краіне яшчэ року (сьмяецца)».

Пры гэтым музыка кажа, што гатовы ахвяраваць сваім галоўным гітом, калі па вяртаньні даведацца, што «беларуская мара» атрымала куды больш прывабныя арыентыры.

«Вельмі хочацца, каб у плянах нашых кіраўнікоў нарэшце пачала фігураваць іншая круглая лічба — напрыклад, 1000. Адзінае, не ў рублях, — сьмяецца Яўген Сокалаў. — А ўвогуле трэба пісаць нейкую новую пазытыўную песьню, якая б давала спадзеў на сьветлую будучыню без прывязкі да таго, што прыдумляе той ці іншы чыноўнік».

«Беларуская мара — 500 даляраў»

Рускія мараць аб Савецкім саюзе,
У футболе перамогаў новых прагнуць французы,
Іспанцы пра сіесту мараць з раніцы да ранку,
Янкі мараць увесь заробак пад адсотак класьці ў банкі.

Эстонец і латыш, украінец і літовец
Дбаюць аб краіне, традыцыях і мове,
А таксама мараць зьехаць у Штаты ці Германію.
Беларуская ж мара — зарабляць пяцьсот даляраў!

Беларуская мара — пяць соцень даляраў!
Беларуская мара — пяць соцень даляраў!
Усё будзе файна, усьмешка на твары,
Калі я зарабляць буду пяцьсот у.а.

Указы і загады, законы, дырэктывы
У газэтах, інтэрнэце, на ТБ ва ўсіх навінах
Трубяць ужо год пяць, што мы атрымліваць павінны
Ганарар пяцьсот даляраў у бліжэйшай пэрспэктыве!

Жыцьцё гэта міма мяне пралятае, не кранае.
Я бягу да сваёй мары, нібы заяц у сьвятле фараў.
Я адзінае баюся, калі ўрэшце атрымаю
Пяцьсот «уёў» сваіх, то мне ўжо ня будзе пра што марыць...

Усё будзе файна,
Калі маеш даляры.
Закупы ў «Ашане»,
Абед у рэстаране,

Неба бяз хмараў,
У блакітным небе няма хмараў,
Усьмешкі на тварах,
На прагных нашых тварах.

Усьмешкі на тварах...

Беларуская мара — пяць соцень даляраў!
Беларуская мара — пяць соцень даляраў!
Усё будзе файна, і неба бяз хмараў,
Калі я зарабляць буду пяцьсот у.а.!

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG