Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля шпіёнскага скандалу зь Беларусьсю ва Ўкраіне звольнены адзін з кіраўнікоў выведкі


Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка сваім указам звольніў Уладзімера Сінькевіча з пасады намесьніка старшыні Службы замежнай выведкі Ўкраіны.

Адпаведны ўказ разьмешчаны на афіцыйным сайце ўкраінскага прэзыдэнта.

У той жа час, у дакумэнце, падпісаным сёньня, адсутнічае абгрунтаваньне гэтага кадравага рашэньня.

Служба замежнай выведкі Ўкраіны ёсьць дзяржаўным органам, які ажыцьцяўляе выведніцкую дзейнасьць у палітычнай, эканамічнай, ваенна-тэхнічнай, навукова-тэхнічнай, інфармацыйнай і экалягічнай сфэрах. Як адзначаецца на афіцыйным сайце гэтай структуры, яе дзейнасьць ахоплівае працэсы здабычы шляхам правядзеньня агентурнай і тэхнічнай выведкі актуальнай інфармацыі, яе аналізу і падрыхтоўкі аналітычных матэрыялаў, прагнозаў і сцэнараў разьвіцьця сытуацыі ў сфэры нацыянальнай і міжнароднай бясьпекі.

«Асноўныя намаганьні супрацоўнікаў, якія ажыцьцяўляюць агентурную выведку, накіраваныя на забесьпячэньне кіраўніцтва дзяржавы актуальнай выведнай інфармацыяй і правядзеньне спэцыяльных мерапрыемстваў з мэтай забесьпячэньня выгадных для Ўкраіны рашэньняў і падтрыманьня яе станоўчага іміджу на міжнароднай арэне».

КДБ Беларусі 20 лістапада заявіў пра выкрыцьцё «ўкраінскай шпіёнскай сеткі», працу якой нібыта каардынаваў супрацоўнік Галоўнага ўпраўленьня выведкі Ігар Скварцоў, які дзейнічаў як супрацоўнік амбасады. Скварцова абвясьцілі «пэрсонай нон-грата». У гэтай справе таксама арыштаваны карэспандэнт Украінскага радыё Паўло Шаройка, які цяпер абвінавачваецца ў шпіянажы.

Вядома, што затрыманьні ў гэта справе адбыліся 25 кастрычніка. 2 лістапада ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах адбылася сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Тады прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта паведаміла, што яны абмеркавалі падрыхтоўку да саміту «Ўсходняга партнэрства», а беларуская – пра эканамічную супрацу. «Што тычыцца палітычнага ўзаемадзеяньня, то сёньня ў нас праблемаў наогул няма, — заявіў тады Лукашэнка. — Мы абсалютна трымаемся таго курсу, якім дамовіліся ісьці».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG