Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паступіць завочна ў магістратуру можна будзе толькі пасьля 10 месяцаў працы


Ілюстрацыйнае фота на ©Shutterstock

У Беларусі зьмяніліся правілы атрыманьня вышэйшай адукацыі другой ступені. Адпаведныя зьмены ўнесены пастановай ураду № 861 ад 17 лістапада 2017 году.

Цяпер паступаць у магістратуру на вечаровую ці завочную форму навучаньня можна толькі грамадзянам, якія маюць працоўны стаж ня меншы за 10 месяцаў. Улічваецца таксама праца

  • па грамадзянска-прававой дамове,
  • індывідуальным прадпрымальнікам,
  • творчым супрацоўнікам,
  • рамесьнікам,
  • адвакатам ці натарыюсам.

Конкурс на паступленьне ў магістратуру павінен цяпер праводзіцца па спэцыяльнасьцях ці групах спэцыяльнасьцяў. Абітурыенты, якія паступаюць на вочнае (вечаровае) і завочнае аддзяленьне, цяпер маюць асобныя конкурсы.

Ляўрэаты спэцыяльных фондаў кіраўніка Беларусі змогуць паступаць у магістратуру без іспытаў.

Асобы, якім у Беларусі дадзены прытулак ці статус уцекача, пры паступленьні ў магістратуру маюць такі самы статус, як і грамадзяне Беларусі. Яны могуць удзельнічаць у конкурсе на бюджэтныя месцы ў магістратурах дзяржаўных установаў адукацыі.

Для замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства ўдакладнены пералік дакумэнтаў, якія трэба падаць у прыёмную камісію.

Для замежных грамадзян уводзіцца платная гутарка па вучэбных дысцыплінах. На ёй будзе высьвятляцца і ўзровень валоданьня мовай навучаньня. Парадак правядзеньня гутаркі вызначае Міністэрства адукацыі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG