Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША сэнатара Эла Франкена абвінавацілі ў дамаганьнях. Ён публічна выбачыўся


У Злучаных Штатах сэнатар-дэмакрат ад штату Мінесота Эл Франкен прынёс публічныя прабачэньні — пасьля таго, як радыёвядучая Лін Твіді абвінаваціла яго ў сэксуальных дамаганьнях.

Як сьцьвярджае Твіді, 11 гадоў таму яна разам з Франкенам, які тады быў акцёрам-комікам, выступала перад амэрыканскімі вайскоўцамі ў Іраку. Франкен прымушаў яе цалавацца, нібыта рэпетыруючы выступ, а ў самалёце на шляху ў ЗША сфатаграфаваўся з рукамі на яе грудзях, калі яна спала.

Франкен сьцьвярджае, што фота было зроблена як жарт. Аднак ён прынёс прабачэньні як Твіді, так і іншым жанчынам, якія маглі б палічыць яго паводзіны абразьлівым. Сэнатар пагадзіўся, каб яго паводзіны стала прадметам расьсьледаваньня камісіі па этыцы.

Паводзіны Франкена асудзілі яго калегі, як рэспубліканцы, так і дэмакраты, а таксама прэзыдэнт Дональд Трамп, які назваў яго «Элам Франкенштэйнам».

Пры гэтым сам Трамп у ходзе перадвыбарнай кампаніі вымушаны быў прасіць прабачэньня за выказваньні пра тое, што ён нібыта «хапаў жанчын за прамежнасьць» бязь іх згоды.

У апошні час у ЗША выбухнуў шэраг гучных скандалаў у сувязі з абвінавачваньнямі ў сэксуальных дамаганьнях. У прыватнасьці, некалькі жанчын абвінавачваюць Роя Мура — рэспубліканскага кандыдата ў сэнатары ад штата Алабама. Нягледзячы на тое, што лідэры Рэспубліканскай партыі патрабуюць ад Мура зьняць кандыдатуру, ён адмаўляецца гэта зрабіць і адхіляе ўсе абвінавачаньні.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG