Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як «старшыня Часовага ўраду Беларусі» абвяшчаў фэдэрацыю з Донам, Кубаньню і Ўкраінай


Знойдзены ў Дзяржаўным архіве вышэйшых органаў улады і кіраваньня Ўкраіны гістарычны дакумэнт дазваляе аднавіць некаторыя падрабязнасьці авантуры 100-гадовай даўніны.

Свабода, роўнасьць і брацтва народаў

Як мяркуюць ўкраінскія гісторыкі, знойдзены цяпер мэмарандум хутчэй за ўсё ня быў падпісаны і існуе як праект, падрыхтаваны на пачатку 1919 году, калі ў Адэсе разьмяшчаўся штаб францускай дэсантнай дывізіі, якая мусіла аднавіць кантроль над Паўночным Прычарнамор’ем (статус Адэсы ў складзе Ўкраінскай народнай рэспублікі на той момант быў дыскусійным). У той жа час у тэксьце самога дакумэнту адзначаецца, што ён быў перададзены францускаму камандаваньню.

У дакумэнце гаворка ішла пра стварэньне «чатырох дзяржаўных утварэньняў», якія вымушаны былі абвясьціць сувэрэнітэт пасьля развалу Расейскай імпэрыі ў выніку бальшавіцкага перавароту ў кастрычніку 2017 году:

«Прадстаўнікі Ўкраіны, Беларусі, Дону і Кубані, якія зьехалі ў Адэсу, на агульнай нарадзе пастанавілі зьвярнуцца да вярхоўнага камандаваньня дзяржаў Антанты па пытаньні аб будучым дзяржаўным ладзе як названых тэрыторый, гэтак і суседніх нацыянальна дзяржаўных новаўтварэньняў, і па пытаньні аб спосабах і мэтадах выкараненьня анархіі ды бальшавізму ва ўсіх тых абласьцях і частках, на якія фактычна распалася Расейская Дзяржава».

Пад дакумэнтам пазначаныя прозьвішчы усіх падпісантаў, першым зь якіх значыўся «старшыня Часовага ўраду Беларусі інжынэр Аляксандар Бахановіч». За ім подпісы мусілі паставіць паўнаважны міністар Данскога ўраду ва Ўкраіне генэрал Аляксандар Чэрачукін (у дакумэнце ён фігуруе як Чэрычуклі), старшыня Кубанскай заканадаўчай Рады Лука Быч і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Украіны Арнольд Марголін і Арцёмій Галіп.

Усе падпісанты меркавалі, што будучыня Расейскай імпэрыі — за фэдэралізацыяй, і былі перакананыя, што пры дапамозе краін Антанты да першай «вольнай чацьвёркі» ў барацьбе з бальшавізмам зь цягам часу далучацца і іншыя тэрыторыі, што адкалоліся. Галоўнымі прынцыпамі новай фэдэратыўнай імпэрыі яны абвяшчалі «свабоду, роўнасьць і брацтва народаў». Ад краін Антанты, паводле прадстаўнікоў Беларусі, Украіны, Дона і Кубані, патрэбна была дапамога ў стварэньні войска.

Эканамічны мэмарандум, прапанаваны А. Бахановічам
Эканамічны мэмарандум, прапанаваны А. Бахановічам

Адначасова тыя ж асобы падрыхтавалі і яшчэ адзін мэмарандум — палітыка-эканамічны. У ім пісалася пра неабходнасьць перадаць порты Адэсы, Херсону і Мікалаева ўкраінскім уладам з захаваньнем у гэтых гарадах зон ўплыву Антанты, пра арганізацыю вольнага транзыту тавараў на Кубань і з Кубані праз Наварасійск і порты Чарнаморскай губэрні, а таксама пра вяртаньне Беларусі вагонаў і паравозаў, рэквізаваных нямецкімі акупацыйнымі ўладамі.

«Авантурнік Бахановіч». Хто ён?

Антон Луцкевіч, які старшыняваў у кастрычніку 1918 году ў Радзе народных міністраў і ўзначальваў Міністэрства замежных спраў Беларускай народнай рэспублікі, назваў гэтыя дзеяньні Аляксандра Бахановіча чарговай «спэкуляцыяй расейскай рэакцыі».

Антон Луцкевіч
Антон Луцкевіч

У студзені 1921 года ў артыкуле «Самазванцы» для «Нашай думкі», Антон Луцкевіч наступным чынам апісвае тыя адэскія падзеі:

«Гэтым разам паспрабаваў шчасьця нейкі авантурнік Бахановіч (з Горадзеншчыны), быўшы некалі афіцэрам у расейскай арміі, Бахановіч гадоў дваццаць бадзяўся па Расеі, калі ж узьнялася бальшавіцкая рэвалюцыя, ён завёў нейкія падазрыцельныя адносіны зь немцамі і пры іх помачы прыяжджаў зь Пецярбургу на Беларусь. Не знайшоўшы тут грунту для сваёй спэкуляцыі, ён перакінуўся ў Кіеў і з усёй маскоўскай чорнай сотняй перасяліўся адтуль у Адэсу. Карыстаючыся з таго, што з Бацькаўшчынай не было ніякае сувязі, Бахановіч заявіў тамтэйшым беларускім арганізацыям, быццам у Менску Рада Рэспублікі і Ўрад разагнаны немцамі, а затое ў Слоніме адбыўся новы "усебеларускі кангрэс", каторы выбраў "дырэкторыю" з пяцёх асоб, за галаву яе вызначыўшы яго, Бахановіча. Нягледзячы на паказаньне "натарыяльных копій" пастаноў "кангрэсу", ніколі ня быўшага, прадстаўнікі ўраду Беларускай народнай рэспублікі зразу "раскусілі" самазванца і раскрылі яго карты перад францускай галоўнай камандай у Адэсе, да каторай Бахановіч зьвярнуўся па пропуск у Парыж на міравую канфэрэнцыю. Адначасна Бахановіч зьвязаўся з генэралам Дзянікіным, абвесьціў ад імя Беларусі прылучэньне яе назад да Расеі, атрымаў некалькі сот рублёў "задатку" за прадажу Беларусі і меўся атрымаць некалькі мільёнаў "на арганізацыю беларускай арміі", каб, маючы пропуск у Парыж, з гэтымі грашмі пусьціцца ў вольны сьвет. Генэрал Дзянікін, верачы Бахановічу, паслаў яму прывітальную тэлеграму, высказваючы сваю радасьць з прычыны павароту беларусаў пад "Матушку-Расею"! Але адэскія беларусы папсавалі ўсе пляны Бахановіча: французы яго арыштавалі як звычайнага ашуканца і выпусьцілі, толькі ўзяўшы падпіску, што пакіне распачатую авантуру. Дзянікін таксама адрокся ад яго і грошы ня даў».

Як сьведчаць іншыя крыніцы, Аляксандар Бахановіч спрабаваў дыскрэдытаваць прадстаўнікоў Беларускай народнай рэспублікі, выкарыстоўваючы сытуацыю, калі рахунковая палата ўкраінскага Міністэрства харчовых спраў пачала расьсьледаваньне пра выдачу старшыні Беларускай дэлегацыі па замежных перамовах Аляксандру Цьвікевічу авансу ў памеры 300 тысяч рублёў за пастаўку 15 тысяч кубічных сажняў бярозавых дроў. Тады аванс быў атрыманы па чэкавай кніжцы, але пацьвярджэньня пастаўкі дроў не знайшлі.

Аляксандар Бахановіч адносіў сябе да партыі народных сацыялістаў і ведаў, што не карыстаецца павагай і сымпатыяй з боку прадстаўнікоў БНР менавіта з-за супрацьлеглых поглядаў на разьвіцьцё беларускай тэрыторыі пасьля бальшавіцкага перавароту. І ўжо ў Дзяржаўных архівах Расеі, у фондах гісторыі белага руху і эміграцыі захоўваецца ягоны ліст вярхоўнаму галоўнакамандуючаму Рускай арміі Аляксандру Калчаку, у якім ён пісаў: «Беларусь не ўяўляе сябе інакш, як у складзе агульнай Радзімы — адзінай вялікай Расеі».

Між Антантай і Нямеччынай

Гісторык Інстытуту гісторыі Ўкраіны Нацыянальнай акадэміі навук Украіны Віталь Скальскі мяркуе, што «мэмарандум чатырох дзяржаўных утварэньняў» быў падрыхтаваны у пэрыяд між студзенем і сакавіком 1919 году, але застаўся ў выглядзе праекту і без увагі ўладаў УНР.

Віталь Скальскі
Віталь Скальскі

«Бахановіч якраз у гэты час знаходзіўся ў Адэсе. Імаверна, што ён хадзіў усюды, каб яго прызналі хоць некім. Адпаведна, напэўна, магла быць і нейкая размова з намесьнікам міністра замежных спраў УНР Марголіным, які быў вельмі вядомым чалавекам і карыстаўся аўтарытэтам. Ён, габрэй паводле паходжаньня, быў зьвязаны з Міністэрствам юстыцыі, а ўжо потым перайшоў у Міністэрства замежных спраў і езьдзіў на перамовы. У 1919 годзе ў Адэсе якраз былі перамовы між УНР і Антантай. І напэўна, Бахановіч выкарыстаў менавіта гэты ягоны прыезд для сустрэчы. Гэта цалкам магчыма, што пацьвярджае і наяўнасьць гэтага дакумэнту ў архівах Міністэрства замежных спраў. Хутчэй за ўсё, Бахановіч прыйшоў да Марголіна і сказаў, што падрыхтаваны такі дакумэнт і прапанаваў яго падпісаць. Марголін забраў гэты дакумэнт для азнаямленьня і на гэтым усе завяршылася. Дакумэнт ніхто не падпісваў», — мяркуе гісторык.

Тут ня трэба бачыць жаданьня ўвайсьці ў канфэдэрацыю з Расеяй.

У той жа час Віталь Скальскі дадаў, што ідэя фэдэрацыі, якая прадугледжваецца гэтым праектам, у тыя часы была даволі папулярнаю. «Фэдэрацыя — гэта такая формула, якую тады выкарыстоўвалі ўсе без выключэньня. Сацыялістычныя партыі таго часу меркавалі, што ўсюды адбудзецца рэвалюцыя, і будзе нейкі такі саюз ці канфэдэрацыя свабодных народаў. Тут ня трэба бачыць жаданьня ўвайсьці ў канфэдэрацыю з Расеяй. Гэта такая тэндэнцыя агульных лёзунгаў. Гаворка ішла не пра новую імпэрыю, а пра іхнае бачаньне, як будзе выглядаць будучы сьвет», — кажа Скальскі.

Украінскі гісторык таксама зьвярнуў увагу на тое, што такая форма дачыненьняў з Расеяй прысутнічала практычна ва ўсіх Унівэрсалах УНР.

«Нават у чацьвёртым Унівэрсале Цэнтральнай Рады, які нібыта абвяшчаў незалежнасьць Украіны, было запісана пра магчымы разгляд у будучыні пытаньня "аб фэдэратыўнай сувязі з рэспублікамі былой Расейскай Дзяржавы". То бок ідэя фэдэрацыі, нейкага аб’яднаньня — была жывою, тым больш у студзені 1919 года, калі трэба было дамаўляцца з Антантай, якая не прымала ўсіх новых утварэньняў — ні УНР, ні БНР. Антанце патрэбная была адзіная і непадзельная Расея. І адпаведна, УНР хацела спадабацца Антанце, таму мусілі такія рэчы казаць, што ў будучыні разьвяжуць пытаньні з Расеяй», — дадаў Скальскі.

Пасьля падпісаньня міру зь Нямеччынай у Вэрсалі, 28 чэрвеня 1919 году. Архіў Музэю імпэрыялістычных войнаў, Брытанія
Пасьля падпісаньня міру зь Нямеччынай у Вэрсалі, 28 чэрвеня 1919 году. Архіў Музэю імпэрыялістычных войнаў, Брытанія

Тым ня менш, Парыская мірная канфэрэнцыя, якая праходзіла ў некалькі этапаў са студзеня 1919 да студзеня 1920 году, адбылася без удзелу як прадстаўнікоў УНР ды БНР, гэтак і Савецкай Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG