Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскія беларусы. Джанэта Багдановіч, якая адрадзіла татарскую вёску і частавала брытанскага прынца


16 сакавіка 2010 году брытанскі прынц Чарльз наведаў Крушыняны і быў у рэстарацыі Джанэты Багдановіч, каштаваў яе стравы.

Пяць гісторыяў з Падляскага ваяводзтва: як беларусы карыстаюцца магчымасьцямі, якія даў ім уваход Польшчы ў Эўрапейскі Зьвяз.

Гісторыя чацьвёртая — пра Джанэту Багдановіч, уласьніцу аграсядзібы і рэстарацыі «Татарская юрта» ў вёсцы Крушыняны, што ў Крынкаўскай гміне Сакольскага павету. Яе татарскі род паходзіць зь Беларусі.

Татары Падляшша

На землях сучаснай Беларусі татары жывуць 620 год, з часоў князя Вітаўта Вялікага. А ў Крушыняны і недалёкія ад іх Багонікі, што на Падляшшы, яны прыехалі амаль на 300 гадоў пазьней, у часы караля Яна ІІІ Сабескага. Кароль аддаў татарам вёскі Крушыняны і Багонікі ў залік доўгу перад імі за ўдзел у вайне з Турэччынай, а таксама, як кажа легенда, за выратаваньне каралеўскага жыцьця ў бітве пад Парканамі 1683 году.

У Крушынянах захаваўся мячэт і татарскія могілкі — мізар
У Крушынянах захаваўся мячэт і татарскія могілкі — мізар
Помнік на тэрыторыі мячэту
Помнік на тэрыторыі мячэту

Вёска Крушыняны ляжыць за 3 кілямэтры ад беларускай мяжы. Тут захаваліся ня толькі заўсёдныя для Падляшша царква і касьцёл у недалёкім суседзтве, але і драўляны мячэт XVIII стагодзьдзя. Зь Беластоку сюды вядзе добра адрамантаваная дарога, ходзіць рэйсавы аўтобус. Турысты з усёй Польшчы наведваюцца сюды нават у дажджлівым лістападзе, а летам, асабліва на выходныя і ў сьвяты, дык і не прабіцца празь іх.

Адрадзіла вёску, якая ўжо была абязьлюдзела, татарская сям’я Багдановічаў — Міраслаў і Джанэта.

Джанэта Багдановіч
Джанэта Багдановіч

Свае рэстаран і аграсядзібу «Татарская юрта» Джанэта Багдановіч называе не іначай як «мой татарскі дом».

Бацькі Джанэты Багдановіч пахаваныя на татарскіх могілках у Варшаве, а дзяды і прадзеды — на беларускай зямлі. У вёсцы Асмолава Нясьвіскага раёну захавалася магіла яе дзеда па бацькоўскай лініі з роду Якубоўскіх.

Мячэт у Асмолаве ў 1917 годзе
Мячэт у Асмолаве ў 1917 годзе

Па вайне яе бацькі прыехалі ў Польшчу з тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь — з Клецку і Наваградчыны. Сама Джанэта нарадзілася ў горадзе Тшцянка (Trzcianka) каля Познаня, на землях, якія Польшча атрымала ад Нямеччыны пасьля Другой усясьветнай вайны і куды выехала шмат татараў. Замуж Джанэта выйшла ў Супрасьль за татарына Міраслава Багдановіча, які паходзіць з Крушынянаў.

339 гадоў сядзібы Багдановічаў

На пачатку 2000-х сям’я Багдановічаў вярнулася ў Крушыняны, у дом і на зямлю продкаў мужа Міраслава.

Крушыняны. Рэкляма Джанэты на ўезьдзе ў вёску
Крушыняны. Рэкляма Джанэты на ўезьдзе ў вёску

Вёска тады занепадала. Татары, як і тутэйшыя беларусы ды палякі, жылі зь зямлі, што была неўрадлівай і беднай. Па вайне моладзь пачала выяжджаць у гарады на вучобу, на працу, і Крушыняны сталі вёскаю пераважна пажылых людзей, амаль пакінутай, татарскіх сем’яў заставалася тут усяго некалькі.

«Наш дом стаіць на зямлі, якая належала Багдановічам 339 гадоў, і мы надалей застаемся татарамі Багдановічамі. Я хацела паказаць, што татары — гэта ня толькі гісторыя, што мы тут надалей жывем, хоць многія разьехаліся па Польшчы і па сьвеце, — распавядае Джанэта. — 16 гадоў таму я адчыніла дзьверы свайго дому ў Крушынянах — гэта дом майго мужа і ягоных продкаў. Тады тут было мала людзей, а турысты ўвогуле сюды не прыяжджалі. Але калі я пачала прымаць гасьцей, то справы пайшлі. І так дайшло, што турыстаў тут цяпер шмат, а летам у часе адпачынкаў і выходных дзён нават не хапае месцаў для ўсіх, людзі стаяць і чакаюць, калі звольняцца сталы ў рэстарацыі».

«Татарская юрта» Багдановічаў
«Татарская юрта» Багдановічаў

У сядзібе Багдановічаў — рэстаран і гатэльныя пакоі на 20 месцаў. Спачатку іхны бізнэс лічыўся агратурызмам, цяпер асноўны прыбытак прыносіць рэстаран. У ім працуюць, на кухні і ў залі, каля 20 чалавек.

«Мы кормім гасьцей нашымі татарскімі стравамі, якія ў нашых дамах заўжды былі, якія я ўмела гатаваць, на якіх я была выхаваная дзякуючы сваім бабулям — адной і другой, дзякуючы маці і сьвякрусе».

Сядзіба, дзе месьцяцца гатэльныя пакоі і рэстаран
Сядзіба, дзе месьцяцца гатэльныя пакоі і рэстаран

Сьвяточныя татарскія стравы працаёмістыя, каб іх прыгатаваць, трэба часам некалькі гадзін шчыраваць на кухні.

Рэстаран «Татарская юрта» трапіў у польскія і рэгіянальныя турыстычныя даведнікі, Джанэту запрашаюць на кулінарныя конкурсы, яна атрымала шмат дыплёмаў за аднаўленьне рэгіянальных страваў нацыянальных меншасьцяў Падляшша. Была на кулінарных фэстах у Брусэлі, Палерма, Тэль-Авіве. Рэстаран мае эўрапейскія сэртыфікаты на рэцэпты сваіх страваў, і Джанэта ахвотна вучыць іх прыгатаваньню ў Youtube.

Джанэта Багдановіч вучыць, як гатаваць татарскі перакачэўнік

Калдуны, трыбушок, цыбульнікі і татарская бабка

Назвы страваў у рэстарацыі «Татарская юрта» нагадваюць пра стагодзьдзі супольнай гісторыі татараў зь беларусамі, літоўцамі і палякамі: калдуны, перакачэўнік, трыбушок, кібіны, цыбульнікі, крышонка, татарская бабка. Ёсьць і выразна ўсходнія стравы — чабурэкі, самса, манты, пірожныя чак-чак. Джанэта Багдановіч перакананая, што кухня зьберагае нацыянальную адметнасьць, таксама як мова і рэлігія.

16 сакавіка 2010 году брытанскі прынц Чарльз наведаў Крушыняны і быў у рэстарацыі Джанэты Багдановіч, каштаваў яе стравы.

Уваход у рэстаран «Татарская юрта»
Уваход у рэстаран «Татарская юрта»

«Праз нашыя татарскія стравы мы выяўляем нашую культуру, бо татарскай культуры зашмат не засталося. Але засталіся нашыя стравы, якія мы захавалі перш за ўсё дзякуючы нашай рэлігіі, бо збольшага гэта стравы сьвяточныя, байрамавыя, якія ў сем’ях рабілі раз ці два на год», — кажа Джанэта.

У кухні «Татарскай юрты» няма сьвініны, затое ёсьць бараніна, ялавічына, казьляціна. А моцных напояў тут не падаюць з рэлігійных меркаваньняў.

Татарскі цэнтар Польшчы

Усьлед за Джанэтай і Міраславам Багдановічамі ў Крушынянах пачаў зьяўляцца і іншы бізнэс — аграсядзібы, гатэльчыкі.

Джанэта Багдановіч стала адной з арганізатарак фундацыі Татарскае культурнае таварыства «Асман», якое зьбірае грошы на культурніцкія імпрэзы, у тым ліку сьвята татарскае культуры «Сабантуй». Моцна дапамаглі ў гэтым мясцовыя ўлады, управа падляскага ваяводы. Сёлета ў Крушынянах адбыўся ўжо 11-ы фэст «Сабантуй». Ужо два гады тут дзейнічае гурток татарскай моладзі «Бунчук».

11-ы фэст «Сабантуй» у Крушынянах
11-ы фэст «Сабантуй» у Крушынянах

Побач з аграсядзібай Джанэты і Міраслава Багдановічаў пры фінансавай дапамозе Эўрапейскага Зьвязу пабудаваны Цэнтар адукацыі і мусульманскай культуры польскіх татараў у Крушынянах. Эўрапейскі фонд рэгіянальнага разьвіцьця вылучыў на гэты цэнтар 3,5 мільёна злотых (каля 1 мільёна даляраў).

Раней на гэтым месцы жыў імам. Калі ж большасьць маладых татараў выехала зь вёскі, то і ён паехаў у Беласток, прыяжджаў сюды толькі на галоўныя набажэнствы ці пахаваньні.

Цэнтар адукацыі і мусульманскай культуры польскіх татараў
Цэнтар адукацыі і мусульманскай культуры польскіх татараў

Калі ягоны дом пачаў развальвацца, кіраўнік мясцовай мусульманскай суполкі Браніслаў Талькоўскі пачаў шукаць сродкі на аднаўленьне дому і стварэньне мусульманскага цэнтру. Пры дапамозе Эўрапейскага Зьвязу такі цэнтар пабудаваны, у ім дзейнічае татарскі музэй, нядзельная школа, канфэрэнц-заля, абрадавы будынак, у якім праводзяць пахавальныя рытуалы для татараў з усяе Польшчы.

Зь беларускімі татарамі ў Крушынянах трывалыя сувязі, у Беларусі і Літве ў іх жывуць сваякі, там захаваліся магілы продкаў.

«І калі цяпер ладзім нашыя фэсты, у тым ліку штогадовы „Сабантуй“, то ня можам забыць нашых братоў-татараў зь Беларусі, якія да нас прыяжджаюць, сьвяткуюць, выступаюць, пяюць і танчаць разам з намі», — кажа Джанэта Багдановіч.

Тут можна зрабіць фота на памяць
Тут можна зрабіць фота на памяць

Паводле перапісу 2009 году ў Беларусі жыло 7316 татараў рознага паходжаньня. За 10 год да таго татараў у Беларусі было 13 тысяч чалавек.

Літоўскім, беларускім і польскім татарам трэба трымацца разам, мяркуе Джанэта:

«Колькасьць прадстаўнікоў нашага народу зьмяншаецца. Нядаўна нас у Польшчы было 5 тысячаў, а цяпер толькі дзьве».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG